Магілёўскі кар’е́р — кар’ер у Магілёве, які з’яўляецца месцам пахавання ахвяр масавых расстрэлаў у час сталінскіх рэпрэсій. Знаходзіцца каля колішняй вёскі Папоўкі, побач з Магілёўскім мясакамбінатам па праспекце Дзімітрава.

Гісторыя У пачатку XX стагоддзя тут знаходзіўся скотамагільнік. Першымі ў 1918 годзе расстраляныя каталіцкія святары, сярод якіх вядомае імя Яўгена Святаполк-Мірскага. У пачатку 20-х гадоў тут расстраляныя і праваслаўныя святары.

Каля 1932 года створаны калгас, пазней саўгас «Давыдаўка», якому належаў скотамагільнік.

У 1937 годзе тут арганізавана месца масавых расстрэлаў і пахаванне. У 1938 або 1939 гадах расстрэлы на гэтым месцы скончылі. У 1941 годзе нямецкія ваенныя ўпершыню зладзілі тут раскопкі і знайшлі мноства чалавечых касцей. Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны ў кар’еры здабывалі пясок, нягледзячы на знаходкі касцей.

У 1987 годзе падчас будаўнічых прац выяўленая брацкая магіла, пасля чаго створаная камісія па расследаванні, якая эксгумавала з брацкай магілы рэшткі больш як 500 ахвяр.

У архівах знайшліся звесткі пра расстрэлы тут прадстаўнікоў каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы.

Памяць Увосені 1990 года (паводле іншых звестак — на Радаўніцу 4 красавіка 1989) на месцы расстрэлаў усталяваны дубовы мемарыяльны крыж, з тае пары тут ладзіцца дзень памяці продкаў. У 1998 годзе спарахнелы крыж адрэстаўраваны.

У верасні 2023 года шасціканцовы крыж дэмантаваны, замест яго ўсталяваны хваёвы чатырохканцовы з надпісам па-руску: «Кресту твоему поклоняемся владыко и воскресение твоё славим». Беларуская таблічка з надпісам «Крыж Памяці аб бязвінна забітых у 20-30-х гадах XX стагоддзя», якая вісела на старым крыжы, прыладжаная да меншага крыжа, таксама ўсталяванага калісьці грамадскасцю.

Крыніцы

Катэгорыя:Гісторыя Магілёва Катэгорыя:Праспект Дзімітрава (Магілёў) Катэгорыя:Помнікі Магілёва Катэгорыя:Помнікі ахвярам сталінскіх рэпрэсій