Знешняя палітыка БССР, як часткі Савецкага Саюза, ажыццяўлялася дзякуючы атрыманню па выніках Другой сусветнай вайны права на вядзенне міжнародных спраў. Разам з СССР і УССР яна стала адной з краін-заснавальніц ААН. Членства ў ёй стала найважнейшым напрамкам знешнепалітычнай дзейнасці. У пытаннях, якія тычыліся халоднай вайны, беларуская дыпламатыя адстойвала пазіцыі сацыялістычнага лагера. У 1974—1975 гадах рэспубліка была непастаянным членам Савета Бяспекі ААН. Акрамя таго, Мінск развіваў гандлёва-эканамічныя, культурныя і навуковыя сувязі з рознымі дзяржавамі. Аднак савецкая Беларусь не была самастойнай на міжнароднай арэне, бо яе знешнепалітычны курс вызначаўся агульнасаюзным кіраўніцтвам.
Станам на 1988 год БССР была ўдзельнікам 156 міжнародных дагавораў і пагадненняў і мела прадстаўнікоў у больш як 60 міжурадавых арганізацыях і іх органах, якія ўваходзілі ў сістэму ААН. Беларусь мела прадстаўніцтвы пры ААН у Нью-Ёрку, пры міжнародных арганізацыях у Вене, Парыжы і Жэневе. У Мінску працавалі генеральныя консульствы Польшчы, ГДР і Балгарыі.
Выхад на міжнародную арэну
У 1919 і 1920—1922 гадах Беларуская ССР была прызнана Савецкай Расіяй і іншымі савецкімі рэспублікамі, а таксама Польшчай і Германіяй. Краіна дэ-факта падтрымлівала кантакты з Латвіяй, Літвой, Эстоніяй, Аўстрыяй, Чэхаславакіяй, Турцыяй, Італіяй і Вялікабрытаніяй. Знешняя палітыка Менска ажыццяўлялася ў рамках дыпламатычнага саюза савецкіх рэспублік, аб’яднаных вакол РСФСР. Так, напрыклад, у 1921 годзе БССР перадала Маскве права весці ад свайго імя перагаворы з Польшчай. Пасля ўступлення ў склад СССР знешнепалітычныя паўнамоцтвы дзяржавы былі фактычна спыненыя, а знешнепалітычнае ведамства (Народны камісарыят па замежных справах БССР) ліквідавана. Гэта было зафіксавана ў канстытуцыях БССР 1927 і 1937 гадоў.
У ходзе падрыхтоўкі да стварэння ААН савецкія ўлады асцерагаліся, што Масква ў ёй магла апынуцца ў ізаляцыі сярод капіталістычных краін. Як рашэнне гэтай праблемы меркавалася ўключыць у будучую арганізацыю сем саюзных рэспублік, якія панеслі найбольшыя страты ў Другой сусветнай вайне, у тым ліку Беларусь. 26 ліпеня 1943 года Крэмль афіцыйна выступіў з падобнай прапановай да саюзнікаў. Аднак брытанцы і амерыканцы выступілі супраць, паколькі ў іх не было канстытуцыйных паўнамоцтваў на вядзенне знешнепалітычнай дзейнасці. 1 лютага 1944 года савецкае кіраўніцтва прыняла закон «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін», пераследуючы мэту атрымаць у іх асобе «множнае прадстаўніцтва» СССР на міжнароднай арэне.
24 сакавіка 1944 года на сесіі Вярхоўнага Савета рэспублікі, якая праходзіла ў Гомелі, заснаваны Народны камісарыят замежных спраў БССР (26 сакавіка 1946 года орган ператвораны ў Міністэрства замежных спраў БССРВысшие органы государственной власти и центрального управления БССР (1965—1991 гг.). Ч. 3. — Мн., 2000. — С. 123.). Рашэннем дэпутатаў у Канстытуцыю ўнесена палажэнне аб праве ажыццяўляць знешнепалітычную дзейнасць.
Кіраўнік савецкай дзяржавы І. Сталін паўторна паспрабаваў уключыць саюзныя рэспублікі ў склад заснавальнікаў ААН (прычым гэтым разам усе 16), але заходнія саюзнікі зноў выступілі супраць. У сувязі з гэтым на Ялцінскай канферэнцыі 1945 года вылучаныя кандыдатуры толькі дзвюх — Беларусі і Украіны. Прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт і Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У. Чэрчыль ухвалілі ўступленне рэспублік, бо лічылі, што два дадатковыя галасы для Крамля ў Генасамблеі не пераважаць чашу вагаў на карысць СССР. Афіцыйна ўключэнне рэспублік у міжнародную арганізацыю было абгрунтавана іх значным укладам у перамогу над Германіяй. У адказ Савецкі Саюз пагадзіўся на ўступленне ў інтарэсах Лондана — Брытанскай Індыі, у інтарэсах Вашынгтона — Філіпін.
6 мая 1945 года паўнамоцная дэлегацыя на чале з наркамам замежных спраў Савецкай Беларусі К. Кісялёвым прыбыла ў Сан-Францыска і ўключылася ў канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. 26 чэрвеня ўпаўнаважаныя 50 краін-заснавальніц, у тым ліку і БССР, падпісалі Статут ААН.
У першыя пасляваенныя гады сярод значных падзей у знешнепалітычнай дзейнасці Мінска вылучаюцца: пагадненні 1944—1945 гадоў з Польшчай аб добраахвотнай рэпатрыяцыі беларускага і польскага насельніцтва; Парыжская мірная канферэнцыя 1946 года, скліканая з мэтай выпрацоўкі мірных дагавораў з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй — былымі саюзнікамі Германіі; удзел у 1949 годзе ў працы міжнароднай канферэнцыі па абароне ахвяр вайны ў Жэневе; падпісанне літаратарам Якубам Коласам і дырэктарам Батанічнага інстытуту АН БССР Васілём Купрэвічам Стакгольмскага закліка.
На пляцоўцы ААН
Асноўная дзейнасць Важным кірункам знешнепалітычнай дзейнасці рэспублікі было яе прадстаўніцтва ў ААН. Беларуская дэлегацыя ўдзельнічала ва ўсіх чарговых і пазачарговых сесіях Генеральнай Асамблеі. Яе члены прызначаліся на розныя кіруючыя пасады ў арганізацыі. Краіна стала членам розных спецыялізаваных устаноў.
У 1946 годзе паводле ініцыятывы беларускай дэлегацыі 1-я сесія Генасамблеі прыняла рэзалюцыю аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў. У 1968 годзе рэспубліка выступіла суаўтарам рэзалюцыі, якая забараняла выкарыстанне замежных наймітаў супраць нацыянальна-вызваленчага руху і барацьбы народа за незалежнасць. У 1973 годзе па прапанове Савецкай Беларусі зацверджаны з некаторымі папраўкамі Прынцыпы міжнароднага супрацоўніцтва ў вышуку, арышце, выдачы і пакаранні асоб, вінаватых у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці. У 1977-м з падачы дэлегацыі БССР Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, затрыманых або пазбаўленых волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму і расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыіУладзімір Снапкоўскі. ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ БЕЛАРУСКАЙ ССР: ПАРТЫЙНА-ДЗЯРЖАЎНАЯ СІСТЭМА КІРАВАННЯ І ДЫПЛАМАТЫЯ (1950—1980-я гг.) // Белорусский журнал международного права и международных отношений, 2004, № 4..
У 1959 годзе беларускія дыпламаты ініцыявалі прыняцце рэзалюцыі ГА ААН аб міжнародным заахвочванні навуковых даследаванняў у галіне ракавых захворванняўСвилас, С. В. Об инициативном предложении дипломатии Белорусской ССР «Международное поощрение научных исследований в области борьбы с раковыми заболеваниями» // Беларусь в современном мире: материалы IX Международной конференции, посвященной 89-летию образования Белорусского государственного университета, 29 октября 2010 г. / редкол.: В. Г. Шадурский [и др.]. — Минск: Изд. центр БГУ, 2010. — 303 с., у 1973 годзе — аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру і сацыяльнага прагрэсу, у 1990 годзе — аб умацаванні міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыі намаганняў у справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Апошняя ініцыятыва падштурхнула міжнародную арганізацыю да стварэння спецыялізаванага «чарнобыльскага» сакратарыята, сфарміравана міжведамасная групаРетроспектива, основные шаги, инициативы, достижения // МИД Беларуси.
У 1947 годзе рэспубліка стала членам Міжнароднага саюза электрасувязі і Сусветнага паштовага саюза, у 1948 годзе — Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 1954 годзе — Міжнароднай арганізацыі працы і ЮНЕСКА, у 1957 годзе — МАГАТЭ, у 1974 годзе — Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. У 1965 годзе Мінск стаў удзельнікам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, а ў 1985 годзе — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА).
Савецкая Беларусь стала ўдзельніцай важных дагавораў па стрымліванні гонкі ўзбраенняў: аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы (1967), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў яго нетрах ядзернай зброі (1971), аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання запасаў бактэрыялагічнай (біялагічнай) і таксічнай зброі і яе знішчэнні (1972). У 1968 годзе БССР падтрымала праект Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў Генеральнай Асамблеі, але не стала ўдзельніцай гэтай дамовы. Акрамя таго, краіна выступіла суаўтарам Дэкларацыі сацыяльнага развіцця (1969), Дэкларацыі аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). БССР падпісала і ратыфікавала Канвенцыю аб выключэнні тэрміну даўнасці за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва (1969).
У кантэксце Халоднай вайны
На фоне разгорнутай Халоднай вайны Савецкая Беларусь прымала актыўны ўдзел у 1946—1950 гадах у абмеркаванні іспанскага пытання. Яна была адным з ініцыятараў прыняцця 12 снежня 1946 года рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі, якая кваліфікавала рэжым Ф. Франка як фашысцкі. У перыяд Карэйскай вайны дэлегацыя БССР выступала за мірнае ўрэгуляванне і вывад з Карэі ўсіх замежных войск. Дыпламаты рэспублікі асудзілі дактрыну Трумэна і план Маршала. У кітайскім пытанні краіна выступала за перадачу месца Тайваня ў СБ ААН КНР. З пачаткам дэкаланізацыі ў Азіі і Афрыцы рэспубліка выступала ў падтрымку народаў, якія змагаліся за незалежнасць альбо былі ў канфрантацыі з заходнімі дзяржавамі і іх саюзнікамі, у прыватнасці, Інданезіі (у пытанні антыкаланіяльнай вайны), Алжыра (у пытанні антыкаланіяльнай вайны), Егіпта (у пытанні Суэцкага крызісу), арабскіх дзяржаў (у араба-ізраільскім супрацьстаянні). Датычна Кангалезскага крызісу дэлегацыя БССР заклікала асудзіць інтэрвенцыю Бельгіі і запатрабаваць ад бельгійскага ўрада вываду сваіх войск з Рэспублікі КонгаC. Ф. Свилас. Конголезский кризис 1960—1963 гг. и дипломатия Белорусской ССР // Журнал международного права и международных отношений, 2010, № 3.. У 1980 годзе дэлегацыя БССР прагаласавала супраць рэзалюцыі ГА, якая кваліфікавала ўвод савецкіх войск у Афганістан як замежную інтэрвенцыю.
У перыяд гарбачоўскай перабудовы БССР, таксама як і агульнасаюзнае кіраўніцтва, змяніла падыход да праблематыкі Халоднай вайны: замест канфрантацыі дыпламаты перайшлі да карэктных і ўважлівых выказванняў.
На пляцоўцы ААН беларускія дыпламаты выкарыстоўвалі аргументацыю і ацэнкі, якія даваліся ад кіраўнікоў агульнасаюзнай дэлегацыі, у залежнасці ад сітуацыі ўзмацняючы або паслабляючы іх. Пазіцыя БССР у пытаннях, якія адносіліся да праблематыкі адносін двух блокаў, дыктавалася патрэбай жорсткай падтрымкі агульнасаюзнай знешнепалітычнай лініі. Магчымасць праявы якой-небудзь самастойнасці або ініцыятывы з боку беларускай дэлегацыі ў палітычных пытаннях Халоднай вайны выключалася. Беларускія прадстаўнікі выконвалі толькі абмежаваныя тактычныя задачы ў рамках размеркавання функцый паміж дэлегацыямі «савецкага блока».
У Савеце Бяспекі У 1974—1975 гадах БССР была непастаянным членам Савета Бяспекі ААН.
Як успамінаў тагачасны пастаянны прадстаўнік БССР у ААН В. Смірноў, Мінск прыняў рашэнне вылучыць сваю кандыдатуру яшчэ ў 1970 годзе. Гэта даручэнне для дыпламата аказалася досыць складаным. Выканаць задачу ўдалося толькі праз чатыры гады. У гэтай справе БССР сутыкнулася з шэрагам праблем. Спачатку рэспубліцы трэба было заручыцца падтрымкай краін Усходняй Еўропы, але пры першай спробе высветлілася, што сваю кандыдатуру вылучыла Польшча, якая раней ужо абіралася непастаянным членам Савета Бяспекі. Дыпламаты паспрабавалі дамовіцца з Варшавай і іншымі ўсходнееўрапейскімі дзяржавамі, але дамагчыся жаданага не ўдалося. У другі раз канкурэнцыю склала Чэхаславакія. Смірноў падтрымаў кандыдатуру Прагі з умовай, што наступным разам будзе абраная БССР.