«Голос Гродны» — штотыднёвік. Выдаваўся 22 сакавіка — 28 красавіка 1919 года ў Гродне на рускай мове групай мясцовай інтэлігенцыі.
Выказваў інтарэсы гандлёва-эканамічных колаў, пазбягаў палітычных ацэнак тагачасных падзей. Пісаў пра гаспадарчае жыццё горада, матэрыяльныя цяжкасці, адкрыццё тэхнічна-рамесных курсаў, стварэнне «Саюза гандлёва-прамысловых і гарадскіх службоўцаў», беларуска-літоўскае адміністрацыйнае супрацоўніцтва, дзейнасць органаў страхавання на вёсцы.
Выданне прыхільна ставілася да беларускага вызвольнага руху. На яго старонках змяшчаліся «беларускія легенды», у т.л. легенда «Кара ў сто гадоў» з «Беларускага зборніка» Е. Р. Раманава, вершы і апавяданні мясцовых аўтараў, пераклады твораў літаратуры з армянскай і яўрэйскай моў і інш.
У рубрыцы «Агляд замежнага жыцця» асвятляліся гандлёвыя аперацыі, паведамляла пра лёс яўрэйскага насельніцтва ў розных краінах свету (артыкулы «Калііўшчына», «Адзічэнне», «Трагедыя вечнага народа»), справы Бунда. Шмат месца штотыднёвік адводзіў рэкламе, аб’явам. Выйшла 6 нумароў.
Літаратура
Катэгорыя:Газеты Гродна на рускай мове Катэгорыя:1919 год у Гродне