Міхаіл Дзмітрыевіч Шарап (2-я палова XV ст. — пасля снежня 1535) — баярын вярэйскага князя Васіля Міхайлавіча, клецкага Івана Васілевіча Яраславіча і пінскага Фёдара Іванавіча Яраславіча.
Паходжанне Нашчадак паўлегендарнага Аляксандра Нетшы з роду смаленскіх князёў, які жыў у 2-й палове XIV ст. і пераехаў «з Немец» на службу да вялікага князя маскоўскага Івана Каліты.
Паводле маскоўскіх радаслоўцаў у Нетшы было тры сыны — Іван, Дзмітрый і Сямён, болей пра якіх няма звестак. У Дзмітрыя было чацвёра сыноў — Андрэй, Іван, Міхаіл і Сямён. Старэйшы, Андрэй Дзмітрыевіч — першы пэўна вядомы з крыніц нашчадак Нетшы, баярын удзельнага мажайскага князя Івана Андрэевіча, які яго «паімаў», а жонку Мар’ю спаліў за чараўніцтва ў 1480 годзе.
Другі сын — Іван Дзмітрыевіч, магчыма, таксама служыў мажайскаму князю, пэўна гэта не вядома, але тры яго ўнукі ў XVI ст. пэўна служылі іншым удзельным князям, паводле Аксамітнай кнігі, старэйшы — Міхаіл Шарап, служыў вярэйскаму князю Васілю Міхайлавічу і ў 1483 годзе збег з ім у Вялікае Княства Літоўскае, другі — Пётр Шыбра, служыў Васілю Шамячычу, трэці — Іван, служыў князю Дмітрыю Жылцы. Таксама ўдзельнаму бораўскаму князю Васілю Яраславічу і яго сыну Івану Васілевічу служыў унук старэйшага сына Нетшы — Валодка Давыдавіч.
Ад бацькі Міхаіла Шарапа — Дзмітрыя Іванавіча Нетшына, паходзіць маскоўскі арыстакратычны род Дзмітрыевых.
Біяграфія З актавых крыніц маскоўскага паходжання Міхаіл Шарап наогул не вядомы. Маскоўскія радаслоўцы звязваюць ад’езд Міхаіла Шарапы з уцёкамі вярэйскага князя Васіля Міхайлавіча ў 1483 годзе, але ў дакументах, звязаных з дваром вярэйскага князя ў Вялікім Княстве Літоўскім, імя Шарапы не згадваецца, ён вядомы з актавых крыніц Вялікага Княства Літоўскага, дзе жыў больш за паўстагоддзя.
Упершыню згаданы толькі вясной 1507 года як баярын клецкага князя Івана Васілевіча Яраславіча. Міхаіл быў сведкам фундушавай граматы на сабор святога Дзмітрыя ў Давід-Гарадку, а пасля смерці неўзабаве князя Івана перайшоў на службу да яго сына — Фёдара Іванавіча Яраславіча.
За службу князям Яраславічам Міхаіл Шарап атрымаў ўладанні ў Клецкім і Гарадзецкім «паветах»: Вераснем 1507 года князь Фёдар пацвердзіў Шарапу «на вечнасць» «даніну» свайго бацькі на маёнтак Сухлічы і «востраў» Ракаў у Клецкім павеце. Дадаткова ён атрымаў «на вечнасць» «дварэц» Векарэвічы (цяпер Вялікія або Малы Вікаравічы ў Столінскім раёне), чатыры чалавекі ў Кошманчычах, а таксама пляцы пад будаўніцтва «харом» у «паркане» саміх Клецка і Давід-Гарадка і агароды за «парканам». У 1517 годзе Міхаіл Шарап атрымаў два дворышчы ў Атвержычах Гарадзецкага «павета», якія раней належалі Кліму і дзецям Алексы Труфановіча.
Пасля смерці князя Фёдара Іванавіча Яраславіча каля 1521 года, Клецкае і Пінскае княствы перайшлі ва ўладанне каралевы Боны Сфорца.
На думку Андрэя Бандарэнкі, да чэрвеня 1522 года маёнтак Шарапа — Атвержычы, разам з Вядам на поўначы Пінскага княства, «зладзейскім дзелам» спалілі «ліхія людзі» з Апочкі. Такую выснову даследчык робіць з вялікалітоўскай скаргі маскоўскаму боку, дзе згаданы спаленыя «Твержицы» і «Вядо»Сборник императорского Русского исторического общества. Т. 35: Памятники дипломатических сношений древней России с державами иностранными. Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским. — СПб.: Тип. Ф. Елеонского и Ко, 1882. — Ч. I (с 1487 по 1533 год). — 952 с. — С. 621.. Бандарэнка не тлумачыць, якім чынам «ліхія людзі» з Апочкі аказаліся на Піншчыне. Пінскае Вяда з Апочкай раздзялае болей за 600 км, а з Атвержычамі — болей за 140 км. Такім чынам, імавернасць атаяснення Бандарэнкі не ясная.
У 1523 годзе Шарап прасіў караля Жыгімонта Старога пацвердзіць грамату 1507 года на маёнткі, нададзеныя князямі Іванам і Фёдарам Яраславічамі. Кароль пацвердзіў яму «на вечнасць» уладанні ў Клецкім і Гарадзецкім «паветах».
У сакавіку 1524 года каралева Бона выдала Шарапу яшчэ адзін пацвярджальны ліст «на вечнасць», дзе дадаткова рэгламентавала «ўваходы» яго падданых у ловы і бабровыя гоны, таксама яго падданыя прыцягваліся да замкавай службы ў Клецку («пад вароты хадзіць»), што было абмежаваннем імунітэтных правоў Шарапы.
На Попіс 1528 года Міхаіл Шарап ставіў трох «коней» — двух з уладанняў у Клецкім «павеце» і аднаго з маёнткаў у Гарадзецкім «павеце».
Апошняя згадка Міхаіла датуецца снежнем 1535 года. Да гэтага часу яго сын Самсон (Рума) Шарапавіч заставіў (заклаў) бацькавы дворышчы ў Атвержычах мясцоваму шляхцічу Васілю Пілецкаму. Міхаіл адмовіўся перад старостам выкупаць гэтыя землі і афіцыйна перадаў іх Пілецкаму, назваўшы сваім «хросным сынам». Міхаіл Шарап і яго сын Самон былі звязаны сваяцтвам з сем’ямі Пілецкіх, Папелжынскіх і Дыбоўскіх, якія ў выніку атрымалі ў спадчыну іх маёнткі.
Нашчадкі
Маскоўскія радаслоўцы называюць Міхаіла Шарапу бяздзетным, але актавыя матэрыялы ВКЛ паказваюць, што Шарап жыў у Вялікім Княстве больш за пяцьдзясят гадоў і меў сына Самсона.
Самсон Міхайлавіч Шарапавіч (па мянушцы Рума) — згаданы ў снежні 1533 года, калі заставіў бацькоўскія дворышчы ў Атвержычах Васілю Пілецкаму. Мянушка «Рума», на думку Бандарэнкі, магла паходзіць ад старабеларускага румъ з сэнсам «свабоднае месца» або «месца пагрузкі».
Шарапы Баканоўскі XVII ст. У «экстракце» 1677 года згаданы быццам сыны Самсона, але ёсць сур’ёзныя сумневы ў аўтэнтычнасці гэтых дакументаў. Андрэй Самсоновіч Шарап Бакан-Баканоўскі — быццам, чарнігаўскі баярын. Прыдомак Бакан, на думку Бандарэнкі, паходзіць ад назвы фарбы або каштоўнага каменя. Іван Самсоновіч Шарап Баканоўскі — быццам, у 1580 годзе кароль Стэфан Баторы прызначыў яго гараднічым Вялікіх Лук са штогадовым грашовым юргельтам. Наступнае «пакаленне»: Грыгор Іванавіч Шарапа Баканоўскі — першы вядомы з верагодных крыніц Шарапа Баканоўскі, шляхціч Віленскага ваяводства. У 1604 годзе ўдзельнічаў у выбарах дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, захаваўся яго асабісты подпіс «Hrehory Szarapa Bakanowski». Пётр Андрэевіч Шарапа Баканоўскі — вядомы толькі з «экстрактаў» 1677 года, быццам земянін «павета Чарнігаўскага і ваяводства Навагрудскага», быццам разам з братам Грыгорам служыў у войску пад Гданьскам і Вялікімі Лукамі.
Наступныя Шарапы Бараноўскія вядомы з верагодных крыніцы, але іх сувязь з папярэднімі «пакаленнямі» і рэальным Грыгорам Іванавічам Шарапам Баканоўскім у крыніцах Бандарэнкам пакуль не выяўлена. Самуіл Янавіч Шарапа Баканоўскі — смаленскі стольнік. Падчас аблогі Смаленска ў 1654 годзе маскоўскімі войскамі як «кватармістр» кіраваў абаронай участка сцяны каля Пятніцкіх варот. Пасля здачы горада адмовіўся прысягаць маскоўскаму гаспадару і выехаў у ВКЛ. Васіль Шарапа Баканоўскі — смаленскі падстолі і ротмістр наваградскі. У 1677 годзе на яго просьбу складзены архіўны «экстракт». Ян Баканоўскі — шляхціч Навагрудскага і Віцебскага ваяводстваў, у 1697 годзе падпісаў элекцыю караля Аўгуста II. У XVIII ст. зрабіў зямельны ўклад у Наваградскі езуіцкі калегіум, такім чынам туды маглі трапіць паперы «вотчыннага архіву» Баканоўскіх, у тым ліку «экстракт» 1677 года, якія захаваліся да цяперашняга часу. Тэадор Баканоўскі — шляхціч Навагрудскага і Віцебскага ваяводстваў, у 1697 годзе падпісаў элекцыю караля Аўгуста II.
У гербоўніках XVII—XIX стагоддзяў (Войцеха Віюк-Каяловіча, Каспара Нясецкага, Адама Банецкага) род Шарапаў Баканоўскіх выведзены ад Міхаіла і прыпісаны да герба «Любіч». У 1712 годзе Ян Баканоўскі сапраўды ставіць на свой тастамент пячатку з адным з варыянтаў герба «Любіч».
Праблемы з аўтэнтычнасцю дакументаў Значная частка звестак пра Шарапаў Баканоўскіх паходзіць з «экстракту» 1677 года, быццам зробленага «меншай» канцылярыяй ВКЛ па просьбу Васіля Баканоўскага. Андрэй Бандарэнка адзначае сур’ёзныя сумневы ў аўтэнтычнасці некаторых грамат, уключаных у гэты комплекс: Грамата 1551 года на імя Андрэя Самсоновіча выдадзена на землі ў Чарнігаўскім павеце, які тым час кантралявала Маскоўская дзяржава, а не ВКЛ. Чарнігаўскі «замак» і «павет» як адміністрацыйныя адзінкі Рэчы Паспалітай з’явіліся толькі ў 1620-я гады. Грамата 1551 года датавана 18 мая і выдадзена ў Варшаве, аднак паводле ітынерарыя кароль Жыгімонт Аўгуст тым часам быў у Кракаве. У грамаце 1580 года земскі падскарбі Лаўрын Война названы Янам, а дакумент датаваны двума месяцамі пазней яго смерці. Формулы і лексіка некаторых грамат з «экстракту» 1677 года характэрныя болей справаводству канца XVI або нават XVII стагоддзя, чым сярэдзіны XVI ст..
Гэта дазваляе Бандарэнку выказаць здагадку, што ў XVII стагоддзі Баканоўскія маглі «рэканструяваць» або фальсіфікаваць частку свайго архіва, каб юрыдычна абгрунтаваць свае правы на маёнткі або пацвердзіць шляхецкі статус.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Баяры клецкія Катэгорыя:Баяры давыд-гарадоцкія