7 лютага 2024 года ў выніку двух выбухаў у правінцыі Белуджыстан (Пакістан) загінула па меншай меры 28 чалавек. Інцыдэнт здарыўся напярэдадні ўсеагульных выбараў. Атакі былі нацэлены на офісы кандыдатаў і партый. Адказнасць узялі баевікі «Ісламскай дзяржавы».

Ход падзей Напярэдадні ўсеагульных выбараў 8 лютага ў правінцыі Белуджыстан адбылося больш за два дзясяткі нападаў на офісы кандыдатаў. Акцыі былі арганізаваны сепаратыстамі з групоўкі «Белуджская вызваленчая армія», якія заклікала да байкоту галасавання.

Аднак атакі 7 лютага здзейсніла «Ісламская дзяржава». Адну бомбу тэрарысты замацавалі на матацыкле, пакінуўшы транспарт каля офіса незалежнага кандыдата Асфанда Яр Хана Какара ў Пішыне. Тут загінулі па меншай меры 16 чалавек. Выбух адбыўся ў той час, калі кандыдат сустракаўся са сваім агентам. Як заявіў намеснік камісара Пішына Джумадад Мандахайл, усе ахвяры былі прыхільнікамі палітыка. Прыкладна праз паўтары гадзіны здарыўся другі выбух у раёне Кіла Сайфула. Мэтай атакі стаў офіс партыі Джаміят Улема-і-Іслам (Фазл). Загінула 12 чалавек. Як і ў папярэднім выпадку, бомба была ўсталявана на матацыкле. Паводле звестак паліцыі, у момант выбуху ў будынку знаходзілася вялікая колькасць рабочых. Некаторыя з параненых былі дастаўлены на верталёце ў сталіцу правінцыі Квета.

Наступствы Пакістаў абвясціў аб закрыцці межаў з Афганістанам і Іранам да 9 лютага для забеспячэння бяспекі падчас выбараў.

Адказнасць за тэракт узялі баевікі «Ісламскай дзяржавы». 9 лютага Inter-Services Public Relations, медыя-крыло Узброеных сіл Пакістана, назвала імя тэрарыста. Ім быў Абдул Шакур, забіты пазней сілавікамі пры перастрэлцы ў раёне Кіла Сайфула. Ён нібыта планаваў правесці яшчэ некалькі тэрактаў у Белуджыстане.

Рэакцыя Прэзідэнт краіны Арыф Алві асудзіў напады і выказаў спачуванні сем’ям ахвяраў.

Спачуванні пакістанскаму ўраду накіравалі Вялікабрытанія, Егіпет, Іран, Саудаўская Аравія, ААЭ.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш рашуча асудзіў выбухі, а яго прэс-сакратар дадаў, што напады «відавочна звязаны» з выбарамі.

Amnesty International выказала занепакоенасць у сувязі з эскалацыяй гвалту супраць кандыдатаў і палітычных структур. Двайны тэракт быў названы «абуральным замахам на дэмакратычны працэс» і парушэннем правоў чалавека.

Заўвагі

Катэгорыя:Забойствы, здзейсненыя ў 2024 годзе Катэгорыя:Люты 2024 года Катэгорыя:Падзеі 7 лютага Катэгорыя:2024 год у Пакістане Катэгорыя:Тэрарыстычныя акты Ісламскай дзяржавы Катэгорыя:Тэрарыстычныя акты 2024 года