Рэформа дзяржаўнай вёскі 1837—1841 гадоў, таксама вядомая як рэформа Кісялёва — рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі Расійскай імперыі, праведзеная паводле ініцыятывы міністра дзяржаўных маёмасцей Паўла Кісялёва за часамі кіравання імператара Мікалая I.

Перадумовы Патрэбнасць у рэформе была выклікана пагаршэннем эканамічнага становішча дзяржаўных сялян і ўзрастаннем іх незадаволенасці. У імперыі быў востры крызіс сельскай гаспадаркі і грамадскага ладу. Змяненні былі накіраваны на павелічэнне прыбытковасці дзяржаўных маёнткаў, спыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян. Планавалася, што рэформа будзе першым крокам у вырашэнні праблемы сялян пры захаванні феадальных адносін і дваранскай манаполіі на зямлю.

Правядзенне Рэформа вялася ў 3-х асноўных кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—1850-х гадоў.

З 1 студзеня 1838 года функцыі агульнага кіравання перадаваліся новаму міністру дзяржаўных маёмасцей — Паўлу Кісялёву. Ніжэйшыя ступені кіравання ствараліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей Заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці», якое ўлічвала мясцовыя асаблівасці. На тэрыторыі Беларусі ладзіліся 3 адміністрацыйныя ярусы кіравання дзяржаўнай вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў беларускіх губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сялянскімі выбарнымі. Новы адміністрацыйны апарат пачаў дзейнічаць з красавіка 1840 года. У кампетэнцыю губернскіх органаў — палат дзяржаўных маёмасцей, уваходзілі выбар форм кіравання дзяржаўнымі маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, харчовая і медыцынская дапамога і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскага ўпраўлення (сельскія сходы, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш. Сельская грамада, адроджаная для дзяржаўных сялян на Беларусі, у выніку рэформы была моцна набліжана да агульнарасійскага ўзору. Новая адміністрацыя ўпарадкавала кіраванне дзяржаўнымі маёнткамі, увяла пільны кантроль за часовымі ўладальнікамі.

Праводзілася палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі. Была зладжана харчовая дапамога сялянам праз адмыслова пабудаваныя хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыя навучання дзяцей дзяржаўных сялян у сельскіх грамадах адкрываліся прыходскія школы. У дзяржаўныя маёнткі прызначаліся фельчары, павітухі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Палітыка апякунства прадугледжвала таксама агранамічныя мерапрыемствы, развіццё сістэмы страхавання, барацьбу з п’янствам, актывізацыю гандлю.

Асноўнай часткай рэформы была люстрацыя 1840—1850-х гадоў, якая мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сялянскіх даходаў, раўнамернае надзяленне зямлёй дзяржаўных сялян, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.).

Вынікі Галоўнымі вынікамі рэформы былі адмова ад сістэмы прыгону і перавод дзяржаўных сялян на аброк. Адбыліся змены ў прававым становішчы дзяржаўных сялян (прызнаваліся грамадзянскія свабоды, што давала ім лепшае становішча супроць памешчыцкіх сялян). Рэформа прывяла да паскарэння пераходу да капіталістычных адносін.

Гл. таксама

Рэформа дзяржаўных сялян 1867 года

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Сялянства Расійскай імперыі Катэгорыя:Рэформы ў Расійскай імперыі