Новы мост (Паповічскі мост) — аўтамабільны і пешаходны мост праз Нёман у Гродне. Злучае вуліцы Паповіча і Вясеннюю. Быў пабудаваны ў 1971 годзе. У 2022–2023 гадах рэканструяваны. Канструкцыю трымаюць сем апор (2 берагавыя і 5 рэчышчавых). Вышыня над узроўнем Нёмана – 10,5 м, глыбіня апускання паль – 15 м. Прапускная здольнасць моста — больш за 3000 аўтамабіляў на суткі.
Гісторыя У пач. ХХ стагоддзя праз Нёман у вайсковых мэтах праклалі драўляны мост у раёне сучасных вуліц Герасімовіча і Нёманскай. Дарога праз яго вяла да земляных фартоў. Мост праіснаваў прыблізна да сяр. 1920-х гадоў. Яго двойчы руйнавалі, рэшткі паляў можна пабачыць дагэтуль.
У другой пал. 1960-х гадоў чыноўнікі вырашылі збудаваць мост у раёне вуліцы Паповіча. Будаўніцтвам займаўся «Мостаатрад-58». Працы ішлі павольна. Мост здалі ў эксплуатацыю ў 1971 годзе. Берагі добраўпарадкавалі, з кожнага боку моста арганізавалі спускі да ракі для пешаходаў. Бэлькі Новага моста паміж сабой былі злучаныя так, што мусілі рухацца адна адносна адной. Таму мост увесь час знаходзіўся ў руху.
Побач з мостам на момант пабудовы была пракладзена траса для матацыклетных гонак, на левым беразе Нёмана месцяцца найстарэйшыя яўрэйскія могілкі.
Першапачаткова мост назвалі «Мост Будаўнікоў»: планавалася, што на яго выйдзе працяг праспекта Будаўнікоў. Ён мусіў стаць часткай «Паўночна-Заходняга» кола вакол Гродна. Кола не сфармавался і назва моста не прыжылася. Яго называлі проста «новы мост».
Рэканструкцыя Пра патрэбу рамонту Новага моста казалі яшчэ ў 2010 годзе, але тады проста памянялі асфальт. Паводле абследаванняў, допуск эксплуатацыі моста мусіў скончыцца ў снежні 2022 года.
Капітальны рамонт Новага моста пачалі ў кастрычніку 2022 года і скончылі ў красавіку 2023. На час прац на абодвух берагах Нёмана арганізавалі часовыя прыпынкі грамадскага транспарту. Ён даязджаў да моста і разварочваўся. Для пешаходаў уладкавалі пантонную пераправу праз Нёман. У час рамонту ранейшую канструкцыю аб'ядналі ў неразрэзнае пралётнае збудаванне.
Фактычна на момант рэканструкцыі Новы мост быў найстарэйшым мостам Гродна: Румлёўскі мост узвялі ў 1986-м, а Стары мост перажыў сур'ёзную рэканструкцыю ў 2000-х.
У працах на мосце былі задзейнічаныя 180 спецыялістаў з 15 арганізацый і прадпрыемстваў, 105 адзінак тэхнікі, выкарыстана 4000 тон будматэрыялаў, 8000 м² гідраіазляцыі, спецыяльны рэцэпт асфальтабетону.
Пасля рамонту мост стаў чатырохпалосным. Тэрмін эксплуатацыі да наступнага рамонту павінен скласці не менш за 25 гадоў.
Зноскі Катэгорыя:Гродна Катэгорыя:Нёман Катэгорыя:Масты