Аляксандр Мікалаевіч Сяро́ў (; — ) — рускі кампазітар і музычны крытык. Бацька мастака Валянціна Сярова.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і чыноўніка. У дзіцячым узросце вучыўся музыцы ў піяністкі А. Р. Жабялёвай. У канцы 1827 года Аляксандр Сяроў быў змешчаны прыходзячым вучнем у пансіён, потым вучыўся ў Першай Санкт-Пецярбургскай класічнай гімназіі і ў 1835 годзе перавёўся ў Імператарскае вучылішча правазнаўства. Вучылішча скончыў у 1840 годзе. У час вучобы зблізіўся з У. В. Стасавым. У 1840 годзе прыняты чыноўнікам IX класа ў канцылярыю крымінальнага дэпартамента Сената. У 1845 годзе займаў пасаду сакратара 4-га дэпартамента Сената. У кастрычніку 1845 года А. М. Сяроў атрымаў прызначэнне ў Сімферопаль. Займаў пасаду памочніка старшыні Таўрычаскай крымінальнай палаты. У 1848 годзе пакінуў службу ў Сімферопалі і з’ехаў у Санкт-Пецярбург з надзеяй уладкавацца на працу ў іншым ведамстве. Матэрыяльная незабяспечанасць і патрабаванні бацькі прымусілі Сярова заняць пасаду таварыша старшыні суда ў Пскове. Праз два гады ён зноў пакінуў службу і вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, працаваў у 1855—1869 гадах у Міністэрстве юстыцыі, Міністэрстве ўнутраных спраў, цэнзарам замежнай карэспандэнцыі на Санкт-Пецярбургскім паштамце. Са службы быў звольнены ў чыне правадзейнага стацкага саветніка.
У 1851 годзе А. М. Сяроў пачаў кар’еру музычнага крытыка, друкаваўся ў часопісах «Современник», «Сын отечества», «Библиотека для чтения», «Пантеон». У 1856—1860 гадах фельетаніст у часопісе «Музыкальный и театральный вестник». У 1867—1868 гадах разам з жонкай В. С. Сяровай выдаваў часопіс «Музыка и театр», да 1880 года — хранікёр часопіса «Journal de St. Pétersbourg». У 1858 і 1859 гадах наведаў Ф. Ліста ў Веймары, упершыню наведаў пастаноўкі опер Р. Вагнера і ў Цюрыху пазнаёміўся з ім асабіста.
У 1868 годзе А. Сяроў прачытаў цыкл лекцый у Маскве, а ў 1870 годзе прысутнічаў дэлегатам ад Рускага музычнага таварыства ў Вене на ўрачыстасці з нагоды стагоддзя з дня нараджэння Л. Бетховена.
Памёр Аляксандр Мікалаевіч Сяроў у Санкт-Пецярбургу 1 лютага 1871 года пасля цяжкай хваробы. Пахаваны на могілках Аляксандра-Неўскай лаўры.
Творчасць А. М. Сяроў шмат займаўся музыкай, іграў на фартэпіяна, віяланчэлі і іншых інструментах. Самастойна авалодаў кампазіцыяй, вывучаў філасофію, мастацкую і музычную літаратуру. Найбольш вядомы як оперны кампазітар. Першыя яго кампазітарскія працы адносяцца да 1840-х гадоў (няскончаная опера «Мельнічыха з Марлі» і іншыя). Выступаў за рэалізм, пашырэнне опернай тэматыкі, асваенне новых жанраў (у тым ліку, гісторыка-легендарнай і народна-бытавой оперы), вылучаўся веданнем музычнай драматургіі, уменнем спалучаць музыку са сцэнічным дзействам. Музыку разглядаў як асаблівую паэтычную мову, здольную адлюстроўваць разнастайнае кола пачуццяў, ідэй і ўяўленняў.
А. М. Сярову належаць оперы «Юдзіф» (на біблейскі сюжэт, 1863, пастаўлена ў Марыінскім тэатры), «Рагнеда» (на сюжэт з рускай гісторыі, 1865, Марыінскі тэатр), «Варожая сіла» (па п’есе А. М. Астроўскага «Не так жыві, як хочацца», завершана В. Сяровай і М. Салаўёвым і пастаўлена ў 1871 годзе ўжо пасля смерці кампазітара ў Марыінскім тэатры). Таксама напісаў дзве кантаты для салістаў, хору і аркестра, творы для аркестра, камерна-інструментальныя ансамблі, сімфоніі, санаты, п’есы для фартэпіяна, рамансы, апрацоўкі народных песень, музыка для спектакляў і інш.
А. М. Сяроў быў адным з заснавальнікаў рускай музычнай крытыкі. Першыя крытычныя матэрыялы (шэраг аглядаў музычна-тэатральнага і музычнага жыцця Санкт-Пецярбурга) апублікаваў у часопісе «Современник» у 1851 годзе. Сярод літаратурна-крытычных прац А. М. Сярова «Опыт технической критики над музыкою М. И. Глинки» (1859), «Тематизм увертюры к опере „Леонора“» (1861), «Девятая симфония Бетховена, её склад и смысл» (1868) і іншыя; працы пра творчасць А. Даргамыжскага, Р. Вагнера, Л. Бетховена, В. А. Моцарта і іншых кампазітараў. Крытычным працам А. М. Сярова ўласцівы шчырасць меркаванняў, літаратурны тэмперамент, вастрыня і палемічнасць.
Зноскі
Літаратура
Келдыш Ю. В. Серо́в Александр Николаевич // Музыкальная энциклопедия : [в 6 т.] / Гл. ред. Ю. В. Келдыш. — М.: Советская энциклопедия: Советский композитор, 1973—1982. — (Энциклопедии. Словари. Справочники. Изд-во «Советская Энциклопедия», Изд-во «Советский композитор»). — Т. 4: Окунев — Симович. — 1978. — Стб. 944—950. — 976 стб., илл. — 102 200 экз. Г. Кел. Серо́в Александр Николаевич // Театральная энциклопедия. В 5 томах. / Под редакцией С. С. Мокульского (том 1), П. А. Маркова (тома 2—5). — М., Советская энциклопедия, 1961—1967. — Т. 4: Нежин — Сярев. — М., 1965. — Стб. 920—922. — 1152 стб. с илл., 6 л. илл. — 40 500 экз.
Наталія Костюк Сєро́в Олександр Миколайович // Шевченківська енциклопедія: — Т. 5: Пе—С: у 6 т. / Гол. ред. М. Г. Жулинський. — Київ: Ін-т літератури ім. Т. Г. Шевченка, 2015. — С. 731. — 1040 с. — 2000 прим. — ISBN 978-966-02-6420-5, ISBN 978-966-02-6420-0 (т. 5).
Спасылкі Александр Николаевич Серов // Сайт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага Серов Александр Николаевич // Таврида вчера и сегодня Александр Николаевич Серов // Belcanto.ru Зенкин К. В. У истоков русского музыковедения: А. Н. Серов (К 200-летию со дня рождения) // Музыкальная наука и исполнительство Александр Николаевич Серов. Опера «Вражья сила» // Музыкальные сезоны
Катэгорыя:Кампазітары Расійскай імперыі Катэгорыя:Оперныя кампазітары XIX стагоддзя Катэгорыя:Музычныя педагогі Расійскай імперыі Катэгорыя:Музычныя крытыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Правадзейныя стацкія саветнікі Катэгорыя:Юрысты Расійскай імперыі Катэгорыя:Юрысты XIX стагоддзя