Дом рыбака або Дом з рыбкай — гістарычны будынак у колішняй бараковай забудове XVII-XVIII стст. цотнага боку вуліцы Замкавай у Гродне, знесенай ў пачатку 1960-х гадоў. Быў адноўлены ў 2022 годзе разам з двума суседнімі будынкамі на гістарычным месцы ў складзе новага шматфункцыйнага комплекса.
Паходжанне назвы Назва «Дом рыбака» паходзіць ад барэльефа з выявай рыбкі, які знаходзіўся на арыгінальным будынку. Ён захаваўся і зараз захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. З выявай рыбкі звязана гарадская легенда, паводле якой у доме быццам бы жыў глава гродзенскага цэха рыбакоў Антоні Максімовіч.
Адбудова і вынік
Арыгінальны фрагмент забудовы гэтага ўчастка вуліцы Замкавай быў знесены, каб адкрыць від на Дом быту — прыклад тыповай савецкай забудовыКалектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 137. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.. На месцы знесеных будынкаў быў гарадскі сквер.
Аб мэтазгоднасці аднаўлення страчаных будынкаў гісторыкі і грамадскасць горада загаварылі ў канцы 2015 года. У 2017 годзе ўчастак у раёне Дома побыту плошчай 0,15 гектара быў прададзены на адкрытым гарадскім аўкцыёне для будаўніцтва гандлёва-офіснага будынка. Аднаўленне гістарычнага выгляду дамоў не з'яўлялася ўмовай аўкцыёну, а характар архітэктуры не рэгламентаваўся. Аднак у выніку працы гісторыкаў (А. Вашкевіча і М. Супрона) і архітэктураў-рэстаўратараў (В. Глінніка і Р. Забелы) атрымалася абгрунтаваць неабходнасць новага будаўніцтва менавіта па прынцыпах рэгенерацыі страчанай забудовы, для чаго былі змененыя межы прададзенага пад забудову ўчастка. У студзені 2019 г. былі апублікаваны праект, які сваімі абрысамі і архітэктурнымі рашэннямі павінен паўтараць тры страчаныя камяніцы другой паловы XVIII ст. (генеральны праекціроўшчык - ВКЛ-Праект, аб'ёмна-прасторавая канцэпцыя, навуковае кіраўніцтва і архітэктурна-рэстаўрацыйныя рашэнні - Навукова-паректны цэнтра "РЭСТАБІЛІС").
Цягам кастрычніка-лістапада 2019 г. на гэтым месцы былі праведзены археалагічныя работы, у ходзе якіх былі выяўлены падмуркі трох дамоў XVII — XVIII ст.
За час будоўлі змяніўся інвестар. Аднапавярховы комплекс, які паўстаў у выніку, складаецца з трох будынкаў з мансарднымі і падвальнымі паверхамі. Аўтэнтычныя падвалы, выяўленыя падчас раскопак, захаваныя і адрэстаўраваныя - там арганізавалі галерэю, дзе можна ўбачыць фотаздымкі будынкаў да разбурэння. Комплекс урачыста адкрыты 3 чэрвеня 2022 г. падчас XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Праект і рэалізацыя выклікалі дыскусію сярод спецыялістаў, якія адзначаюць як важнае горадабудаўнічае значэнне комплексу і слушны метадалагічны падыход, так і шэраг памылак у вонкавым выглядзе будынкаў і будаўнічых тэхналогіях, якія з'явіліся на стадыі вытворчасці работ.
Гэта першы гістарычны будынак у Гродне, цалкам адноўлены з нуля за сродкі прыватнага прадпрымальніка, а не бюджэтныя. У 2023 годзе праект атрымаў прэмію як найлепшы архітэктурны праект гандлёва-забаўляльнага/гандлёвага цэнтра ў Беларусі. У будынку размяшчаецца гандлёвы цэнтр Na Zamkavaj з установамі грамадскага харчавання і абслугоўвання, крамамі. У двары арганізавалі грамадскую прастору з рэкрэацыйнай зонай.
Крыніцы
Катэгорыя:Замкавая вуліца (Гродна) Катэгорыя:Адноўленыя будынкі і збудаванні Катэгорыя:Адноўленыя будынкі і збудаванні Беларусі