Таццяна Паўлаўна Беразенская (нар. , г. Каламыя, Івана-Франкоўская вобласць, Украіна) — беларуская мастачка.

Біяграфія Нарадзілася года ў г. Каламыя Івана-Франкоўскай вобласці (Украіна). У 1970 г. скончыла мастацкую гімназію ў Будапешце (Венгрыя). З 1974 г. жыве і працуе ў Беларусі. З 1971 г. удзельніца рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставак. Стартам творчых поспехаў многіх вядомых мастакоў, у тым ліку і Т. Беразенскай, стаў росквіт выдавецтва «Юнацтва», якое ў 1980-я гг. штогод выпускала больш за 150 назваў кніг.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1988 года.

Творчасць Творчасць Беразенскай звязана ў асноўным з кніжнай графікай. Створаныя ёю ілюстрацыі заўсёды арганічна пераплятаюцца з непасрэдным тэкставым матэрыялам. Аформленыя мастаком кнігі (многія выйшлі ў перакладзе на замежныя мовы) вылучаюцца запамінальнымі вобразамі, яркай дэкаратыўнасцю.

З ранніх работ графіка вылучаюцца ілюстрацыі да беларускіх народных казак «Лісіца-хітрыца» (1978), «Сядзіць мядзведзь на калодзе» (1981).

У 1980-х — пачатку 1990-х гг. яна аформіла кнігі «Беларускія народныя казкі», «Мама мышка сушыла шышкі», «Жаронцы», «Беларускія народныя скорагаворкі», «Грузінскія народныя казкі», «Ох і залатая табакерка», «Цягнік-працаўнік» А. Дзеружынскага, «Хата, поўная гасцей» В. Зуёнка, «Азбука Васі Вясёлкіна» В. Віткі, «Казка пра цара Салтана» А. Пушкіна і інш.

З работ апошняга часу адметным з’яўляецца афармленне кніг для выдавецтва «Мастацкая літаратура». Гэта «Аз+Букі» (2004), дзе сабраны некалькі паэтычных цыклаў, якія ўяўляюць сабой вершаваныя азбукі, фактычна восем асобных кніг розных аўтараў. Цікавай з’яўляецца таксама аформленая Беразенскай кніга прыказак і прымавак «Мудрасць жыцця» (2007).

Працягвае займацца ілюстраваннем менавіта казачнай літаратуры. Творчымі ўдачамі можна лічыць афармленне такіх кніг, як «Залатая яблынька» і «Вежа міру» (абедзве 2007).

Удзельнічае ў афармленні часопіса «Вясёлка», стварае вокладкі для кожнага нумара выдання.

Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, прыватных калекцыях за мяжой.

Узнагароды Узнагароджана шматлікімі дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў мастацтва кнігі.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Мастакі Беларусі