Веларух у Беларусі — выкарыстанне ровара як утылітарнага транспарту замест аўтамабіля і аўтобуса, а таксама актывізм, накіраваны на паляпшэнне інфраструктуры для веласіпедыстаў: паніжэнне бардзюраў, стварэнне веладарожак рознага тыпу, павелічэнне колькасці велапарковак і велагаражоў, паляпшэнне правілаў дарожнага руху.
Развіццё Гісторыя развіцця гарадскога веласіпеднага руху ў Беларусі пачынаецца з дарагога праекта адасобленай веладарожкі ў Мінску (2009) і працягваецца далейшымі спробамі стварыць транспартную інфраструктуру без сур’ёзных фінансавых выдаткаў, напрыклад, у выглядзе размечаных палос на ходніках.
Першая спроба паставіцца да развіцця гарадскога веласіпеднага руху ў Рэспубліцы Беларусь стратэгічна была прадпрынятая ў 2010 годзе, калі Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвеераў на транспарце сумесна з ДАІ Мінска распрацавалі першую канцэпцыю развіцця веларуху ў горадзе. Яе вынікам стала з’яўленне спісу вуліц, на ходніках якіх наносілася спецыяльная разметка. Акрамя таго прадугледжвалася стварэнне выдзеленай веладарожкі.
У 2016 годзе развіццё веларуху было закладзена ў План устойлівай гарадской мабільнасці ў Полацку і Наваполацку. Да 2017 года былі распрацаваны канцэпцыі развіцця веларуху ў Магілёве і Брэсце. Аднак у цэлым ні адзін з гарадоў не ставіўся да ровара сур’ёзна, стратэгічна, з выразным планаваннем і выкананнем запланаваных дзеянняў, стаўленне гарадскіх адміністрацый было хутчэй дэкларатыўным, без асаблівага разумення комплексу неабходных мерапрыемстваў.
Пасля працяглай падрыхтоўчай работы 11 студзеня 2018 года пратаколам пасяджэння пастаяннай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь была прынята Канцэпцыя развіцця веласіпеднага руху (або Нацыянальная велаканцэпцыя). Гэта стала прарывам у нарматыўным рэгуляванні веласіпеднага руху.
У 2020 годзе неабходнасць развіваць веласіпедны рух і папулярызаваць сродкі персанальнай мабільнасці ўпершыню ўключана ў праект чарговага выдання Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь.
Статыстыка Станам на 2020 год краіна значна саступае паказчыках трафіку ў параўнанні з еўрапейскімі гарадамі: 1% веласіпеднага трафіку ў Мінску, калі напрыклад у Берліне 12% паездак здзяйсняецца на ровары, у агламерацыі Капенгагена 50 %. Па даследаванні 2020 года ў Мінску 76% веласіпедыстаў мужчынскага полу, самы папулярны тып веласіпеда — горны, 62% складаюць веласіпедысты ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў, 8% выкарыстоўваюць шлем, 44% ездзяць са святлом, 10% ездзяць на веласіпедзе круглы год, інтэнсіўнасць веларуху вырасла на 38% у параўнанні з 2019 годам; найбольшы ўплыў на інтэнсіўнасць руху веласіпедыстаў аказваюць умовы надвор’я.
Таварыства У 2011 годзе групай актывістаў заснавана Мінскае веласіпеднае таварыства. З 2015 года арганізацыя праводзіла штогадовы велапарад / велакарнавал, падчас якога на некалькі гадзін блакаваўся праезд аўтатранспарту па праспекце Пераможцаў (адна з галоўных вуліц горада). Колькасць удзельнікаў у 2019 годзе склала больш за 20 тысяч, колькасць рэгістрацый — каля 12 тысяч. Арганізацыя некамерцыйная, большая частка дзейнасці праводзілася бясплатна (на валанцёрскіх пачатках). Таварыства дзейнічала за кошт членскіх ўзносаў, ахвяраванняў і грантаў. 6 жніўня 2024 года Мінскае веласіпеднае таварыства было ліквідавана.
EuroVelo На тэрыторыі Беларусі праходзіць частка EuroVelo — распрацаваны маршрут камфортны для веласіпедыстаў, са славутасцямі, месцамі для намётаў і гасцініцамі. Маршрут праходзіць праз Брэст, Мінск, Оршу. На кожным павароце ўстаноўлены знакі і паказальнікі, якія арыентуюць веласіпедыстаў у патрэбным кірунку. На знаках намаляваныя піктаграмы, так што яны будуць зразумелыя падарожнікам, размаўлялым на любой мове.
Крыніцы
Катэгорыя:Веласпорт у Беларусі Катэгорыя:Здаровы лад жыцця Катэгорыя:Веласіпед Катэгорыя:Грамадзянскае грамадства Катэгорыя:Экалогія