Іван Еўдакімавіч Шагойка (1925, Пліскі сельсавет, Смалявіцкі раён, Мінская акруга, БССР — пасля 1986) — удзельнік савецкага партызанскага руху ў Беларусі падчас 2-й сусветнай вайны.
Да 1941 года скончыў мастацкае вучылішча ў Мінску.
У кастрычніку 1942 года далучыўся да атрада партызанскай брыгады «Смерць фашызму». Станам на лістапад 1943 года, радавы баец-дыверсант, разведчык, удзельнік шэрагу баявых аперацый. Быў паранены. Перад злучэннем з Чырвонай Арміяй у 1944 годзе быў камандзірам разведкі брыгады. Таксама займаўся падробкай нямецкіх дакументаў, накладных на атрыманне матэрыяльных каштоўнасцей.
У 1944 годзе Івана Шагойку не мабілізавалі з прычыны ранення ў нагу, служыў у міліцыі. Таксама займаўся фальсіфікацыяй дакументаў, ужо савецкіх, па чутках, падрабляў атэстаты, накладныя і нават грошы. Неўзабаве вымушаны перайсці на нелегальнае жыццё, яго хавалі сяляне, у тым ліку былыя партызаны.
Пасля вышуку МГБ, арыштаваны ў канцы 1952 года. Паводле Андрэя Цісецкага, Шагойку прапанавалі два варыянты — працаваць на казарменным рэжыме на фабрыцы «Дзяржзнак» або зняволенне ў магаданскіх лагерах — ён выбраў другі. Вызвалены як удзельнік вайны па першай амністыі ў 1956 годзе. Жыў у Казахстане і вярнуўся ў Беларусь толькі ў канцы жыцця.
Іван Шагойка выведзены як адзін з галоўных герояў рамана Алеся Аркуша «Спадчына», які выйшаў у 2018 годзе.
Узнагароды
Медаль «Партызану Айчыннай вайны» II-й ступені
Таксама пададзены камандаваннем да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцягу. Паводле Цісецкага, узнагароджаны гэтым ордэнам, але базы даных гэта не пацвярджаюць. Таксама, паводле Цісецкага, у 1986 годзе ўзнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені.
Крыніцы
Літаратура
Иван Дедюля. Лесная гвардия. Записки бывшего комиссара партизанской бригады «Смерть фашизму». — Мн.: Беларусь, 1968. — 312 с.
Спасылкі
Катэгорыя:Партызаны Вялікай Айчыннай вайны