Прапалесцінскія пратэсты ва ўніверсітэцкіх кампусах — серыя акцый пратэсту у кампусах універсітэтаў ЗША і іншых краін супраць ваеннай аперацыі Ізраіля ў сектары Газа.
Ход падзей У ходзе палесціна-ізраільскага канфлікту ўзброеная групоўка ХАМАС распачала 7 кастрычніка 2023 года ўварванне ў Ізраіль. У адказ урад Ізраіля ўпершыню за 50 гадоў абвясціў ваеннае становішча і пачаў ваенную аперацыю «Жалезныя мячы» ў сектары Газа. У ходзе падзей і ізраільскі, і палесцінскі бок здзяйснялі шматлікія злачынствы і парушэнні.
Акцыі пачаліся ў красавіку 2024 года ў амерыканскіх ВНУ і распаўсюдзіліся на шэраг універсітэтаў іншых краін, уключаючы Аўстралію, Вялікабрытанію, Францыю, Індыю, Канаду і Ліван. Асноўным цэнтрам руху быў Калумбійскі ўніверсітэт у Нью-Ёрку, што спарадзіла асацыяцыі з пратэстамі 1968 годаhttps://www.aa.com.tr/ru/мир/колумбийский-университет-пионер-антивоенных-протестов-в-прошлом-и-акций-в-поддержку-палестины-сегодня/3218115.
Паводле даных агенцтва Анадалу, станам на 10 мая 2024 года, пратэсты ў ЗША праходзілі ў 130 універсітэтах; было арыштавана 2900 пратэстоўцаў у 61 кампусе; прынамсі ў 7 універсітэтах адміністрацыя пагадзілася пайсці на саступкі пратэстоўцам, абмежаваўшы супрацоўніцтва з Ізраілем.
Большасць акцый пратэсту былі мірнымі. Аднак час ад часу фіксаваліся гвалтоўныя інцыдэнты. Найбольшым гвалтам суправаджаліся пратэсты ў Калумбійскім універсітэце і Універсітэце штата Арэгон у Портлендзе, а таксама ў Каліфарнійскім універсітэце ў Лос-Анджэлесе, дзе адбыліся сутычкі паміж прапалесцінскімі і праізраільскімі пратэстоўцамі. Універсітэты скардзіліся на вандалізм у дачыненні да іх уласнасці з боку актывістаў, а шэраг яўрэйскіх студэнтаў — на рыторыку актывістаў, успрыманую імі як антысемітызм. Адміністрацыі ВНУ звязвалі абвастрэнне пратэстаў са з’ўленнем старонніх агітатараў, што і служыла прычынай выкліку паліцыі. У большасці выпадкаў акцыі праходзілі мірна і заключаліся ў малітвах (у тым ліку сумесных арабаў і яўрэяў), дыскусіях і спевах песень.
Патрабаванні Асноўнымі патрабаваннямі былі: спыніць супрацоўніцтва ВНУ з вытворцамі зброі, якія пастаўляюць прадукцыю ў Ізраіль (уключаючы Boeing і Lockheed Martin); спыніць прымаць сродкі на навукова-даследчыя праекты для Ізраіля; даваць справаздачу аб прынятых ад Ізраіля сродках і іх выдаткоўванні; не ўкладваць актывы ўніверсітэцкіх фондаў у ізраільскія кампаніі або кампаніі, якія супрацоўнічаюць з Ізраілем (уключаючы Microsoft, Alphabet і Amazon); спыніць супрацоўніцтва з «сіянісцкімі» і некаторымі яўрэйскімі арганізацыямі; выгнаць «сіяністаў» з кіруючых органаў універсітэтаў; даць амністыю для ўсіх удзельнікаў пратэстаў.
Стаўленне Паводле апытання, праведзенага Generation Lab 3—6 мая сярод 1250 студэнтаў у ЗША, у пратэстах бралі ўдзел 8 % студэнтаў, ухвальна да іх ставіліся 45 %, нейтральна — 30 %, адмоўна — 24 %.
Апытанне, праведзенае брытанскай аналітычнай кампаніяй YouGov сярод 9 тыс. дарослых амерыканцаў, паказала, што да пратэстаў адмоўна ставяцца 47 % насельніцтва, а станоўча — 28 %. Траціна амерыканцаў мяркуе, што ўніверсітэцкія адміністрацыі былі недастаткова жорсткімі ў дачыненні да пратэстаў, празмернымі прынятыя меры палічылі 16 % апытаных, рэакцыю ацанілі як адэкватную 20 %, астатнія не змаглі адказаць.
Крыніцы
Катэгорыя:Пратэсты 2024 года Катэгорыя:Акцыі пратэсту ў ЗША Катэгорыя:Ізраільска-палесцінскі канфлікт