30 сакавіка 2023 года вялікае журы Манхэтэна прад’явіла абвінавачванні Дональду Трампу, прэзідэнту Злучаных Штатаў з 2017 па 2021 год, за яго меркаваную ролю ў скандале, звязаным з выплатай грошай порнаакторцы Стормі Дэніелс перад прэзідэнцкімі выбарамі 2016 года. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі былому або дзейнаму прэзідэнту ЗША выстаўленае крымінальнае абвінавачванне.

Ход падзей Трампу былі прад’яўленыя абвінавачванні ў падробцы фінансавай дакументацыі (выплату па дакументах аформілі як аплату юрыдычных паслуг) I ступені. Абвінавачванні першапачаткова былі засакрэчаныя, але 4 красавіка апублікаваны, калі Трамп з’явіўся ў Манхэтэнскі крымінальны суд. Экс-прэзідэнту былі прад’яўленыя абвінавачванні па 34 эпізодах. У судзе ён не прызнаў сябе вінаватым.

Пасля яўкі ў суд Трамп вярнуўся на сваю вілу Мар-а-Лага і выступіў перад сваімі прыхільнікамі, выказаўшы абурэнне прад’яўленымі яму абвінавачваннямі.

Судовы працэс па гэтай справе пачаўся 15 красавіка 2024 года.

Адным з галоўных сведак абвінавачвання выступіў Майкл Коэн, былы адвакат палітыка. У якасці сведкі абвінавачвання выступіла і сама Стормі Дэніелс, якая падрабязна распавяла пра тое, як займалася сексам з Трампам.

30 мая 2024 года прысяжныя прызналі былога прэзідэнта вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачвання. Ён стаў першым былым прэзідэнтам ЗША, прызнаным вінаватым у цяжкім злачынстве.

Аналіз Брытанскі штотыднёвік The Economist адзначае патэнцыйнае ўздзеянне суда на міжнародную палітыку. Так, на думку выдання, пасля зыходу Трампа з пасады прэзідэнта ЗША многія краіны адчулі палёгку і спадзяюцца на тое, што ён ужо ніколі не вернецца ў Белы дом. Аднак, з улікам папулярнасці Трампа ў рэспубліканцаў, такая магчымасць не выключаецца, што выклікае трывогу ў некаторых краінах. Так, Украіна, баючыся вяртання Трампа, хацела б атрымаць максімальную ваенную дапамогу ад амерыканцаў як мага хутчэй. Улады Расіі, наадварот, спадзяюцца, што ў выпадку вяртання яго на пасаду прэзідэнта, шанцы на перамогу ў вайне з Украінай вырастуць. Краіны НАТА асцерагаюцца, што вяртанне Трампа прывядзе да разрыву адносінаў з АмерыкайWhat America’s friends should make of The Trump Show , The Economist, Apr 4th 2023.

Крыніцы

Катэгорыя:Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікіданых Катэгорыя:2024 год у ЗША Катэгорыя:Судовыя працэсы Катэгорыя:Палітычныя скандалы ЗША Катэгорыя:2023 год у ЗША