Польская арганізацыя вайсковая (ПАВ) () — выдуманая ў СССР «контррэвалюцыйная, шпіёнска-дыверсійная і тэрарыстычная арганізацыя», па дзейнасці якой у 1930-я — пачатку 1940-х гадоў органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы, па якіх арыштаваны і засуджаны ў асноўным беларусы і палякі.

Сапраўдная польская падпольная вайсковая арганізацыя з такой назвай створана ў кастрычніку 1914 года ініцыятывай Юзафа Пілсудскага. У яе задачы ўваходзіла дыверсійная дзейнасць, збор разведвальнай інфармацыі і агітацыйная праца. У снежні 1918 года ПАВ увайшла ў склад Войска Польскага.

Першая ў БССР справа «ПАВ» сфабрыкавана ДПУ ў 1933 годзе. Па ёй арыштавалі 55 чалавек. Паводле версіі ДПУ, «ПАВ» пачала фарміравацца ў 1924 годзе. Яе кіраўніком лічыўся настаяцель Мінскага кафедральнага касцёла ксёндз А. І. Пучкар-Хмялеўскі. Дзейнасць арганізацыі быццам фінансавалася і накіроўвалася польскім дыпламатычным прадстаўніцтвам у СССР. «ПАВ» нібыта ставіла мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года праз звяржэнне савецкай улады і далучэння БССР да Польшчы. Гэта павінна было адбыцца ў час ваенных дзеянняў паміж Польшчай і СССР, члены «ПАВ» мусілі ўздымаць узброеныя паўстанні і арганізоўваць маштабныя дыверсіі ў тыле Чырвонай Арміі.

Паводле версіі ДПУ, «ПАВ» будавалася па прынцыпе ячэек. У 1933 годзе ліквідавана 7 філіялаў з агульнай колькасцю 65 ячэек, якія быццам дзейнічалі ў дзяржаўных установах, на прадпрыемствах, чыгуначных вузлах, у часцях Чырвонай Арміі. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР у лютым 1934 года члены «ПАВ» асуджаны на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў.

У жніўні 1937 года ў адпаведнасці з загадам НКУС СССР у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Яна была разлічана на 3 месяцы, але фактычна праводзілася цэлы год. Загад меў асаблівае значэнне для БССР, якая межавала з Польшчай і дзе жыло шмат палякаў. АДПУ СССР лічыла, што БССР — вароты для пранікнення польскай агентуры ў СССР і што на працягу ўсіх гадоў існавання савецкай улады праз БССР перакінута каля 50 тысяч шпіёнаў пад выглядам палітычных і эканамічных эмігрантаў.

У адпаведнасці з гэтым загадам у Беларусі арышту падлягала не менш як 7—8 тысяч чалавек, у тым ліку 4 тысяч перабежчыкаў і амаль 1 тысяч палітычных эмігрантаў. У час следства колькасць падлеглых арышту павінна была павялічыцца да 15 тысяч. Напярэдадні правядзення «польскай аперацыі» былі складзены даведкі на арышт амаль 25 тысяч чалавек. На 1 студзеня 1938 года «па польскай лініі» арыштавана 14 620 чалавек.

У сярэдзіне чэрвеня 1938 года выдадзены новы загад НКУС СССР пра разгортванне чарговай аперацыі супраць палякаў.

Агулам па выніках «польскай аперацыі» са жніўня 1937 да верасня 1938 года органамі НКУС арыштавана 21 407 удзельнікаў «ПАВ» і паўстанцкіх арганізацый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў, з іх 10 120 беларусаў і 9 196 палякаў. У 1937—1939 гадах па групавых правах «ПАВ» і як асобныя яе ўдзельнікі прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Савецкі Саюз, а таксама дзяржаўных дзеячаў, партыйных, савецкіх, камсамольскіх і прафесійных работнікаў польскага паходжання.

Фабрыкацыя спраў «ПАВ» выкарыстана НКУС і для рэпрэсій у Заходняй Беларусі пасля далучэнне яе да БССР у верасні 1939 года.

Сярод арыштаваных і асуджаных па справах «ПАВ» была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падпольных узброеных фарміраванняў, якія вялі антыдзяржаўную работу супраць савецкага ладу.

У 1950-1990-я гады ўсе рэпрэсіраваныя па справах «ПАВ» рэабілітаваны на падставе асуджэння пазасудовымі органамі («тройкамі» і «двойкай»).

Гл. таксама

«Саюз вызвалення Беларусі» — яшчэ адна справа сфабрыкаваная АДПУ—НКУС у 1930-я гады

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Рэпрэсіі ў БССР Саюз вызвалення Беларусі Катэгорыя:Палякі на Беларусі