Тармажэ́нне ў фізіялогіі — актыўны нервовы працэс, у выніку якога адбываецца прыгнечанне ці прадухіленне ўзбуджэння.
Упершыню з’ява тармажэння было адкрыта ў 1845 годзе братамі Вебер, якія выявілі запавольванне рытмічнай дзейнасці сэрца пры раздражненні перыферычнага канца блукаючага нерва. Наяўнасць тармажэння дзейнасці цэнтральнай нервовай сістэмы было адзначана ў 1847 годзе Л. Траубэ, які назіраў прыпыненне дыхальных рухаў (так званае тармажэнне перыядычнай актыўнасці дыхальнага цэнтра) пры раздражненні цэнтральнага канца блукаючага нерва. Далейшыя эксперыменты па вывучэнні значэння тармажэння праводзілі І. М. Сечанаў, М. Я.. Увядзенскі, Ч. Шэрынгтан, А. Ф. Самойлаў, М. А. Кісялёў, І. П. Паўлаў і іншыя.
Адрозніваюць: перыферычнае тармажэнне, якое адбываецца ў сінапсах на мышачных і залозістых клетках; цэнтральнае, якое адбываецца на ў межах цэнтральнай нервовай сістэмы; прэсінаптычнае і постсінаптычнае; безумоўнарэфлекторнае і ўмоўнарэфлекторнае.
Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца постсінаптычнае тармажэнне, якое ўзнікае ў выніку спецыфічных змяненняў постсінаптычнай мембраны адпаведнага сінапса і характарызуецца кароткачасовай гіперпалярызацыяй постсінаптычнай мембраны, званай тармазным постсінаптычным патэнцыялам. Тармажэнне адбываецца пры ўзаемадзеянні медыятара з постсінаптычнай мембранай шляхам гіперпалярызацыі, якая зніжае ўзбуджальнасць. Існуюць медыятары, здольныя выклікаць працэсы тармажэння і ўзбуджэння (напрыклад, ацэтылхалін) медыятары тармажэння (напрыклад, гліцын у спінным мозгу) і тармазныя нейроны (напрыклад, клеткі Рэншоу ў спіннога мозга).
Складаныя ўзаемадзеянні паміж тармажэннем і ўзбуджэннем — аснова нармальнай дзейнасці тканак і органаў, фарміравання паводзінных звычак у працэсе выспявання арганізма, эвалюцыі аналітычна-сінтэтычнай дзейнасці галаўнога мозга.
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Фізіялогія нервовай сістэмы