Тарнагро́дская канфедэра́цыя — саюз пераважна сярэдняй шляхты Рэчы Паспалітай, накіраваны супраць абсалютысцкіх планаў караля польскага і вялікага князя літоўскага, адначасова курфюрста саксонскага Аўгуста II Моцнага.

Стварэнню Тарнагродскай канфедэрацыі папарэднічала ўвядзенне каралём у 1713 годзе на тэрыторыю Рэчы Паспалітай саксонскіх войскаў. Гэта абгрунтоўвалася неабходнасцю абароны ад турэцкіх войскаў, а фактычна — з мэтай ўмацавання каралеўскай улады. У 1714 годзе ў Малой Польшчы пачаліся паўстанні шляхты супраць каралеўскага абсалютызму і сялянскія паўстанні супраць рабункаў саксонскіх жаўнераў. Паўстанні былі задушаны.

26 лістапада 1715 года ў горадзе Тарногруд (Люблінскае ваяводства) праціўнікі караля стварылі Тарнагродскую канфедэрацыю на чале са Станіславам Ледухоўскім. Мэтай канфедэрацыі ставіўся вывад саксонскіх войскаў з Рэчы Паспалітай, дэтранізацыю караля Аўгуста і замацаванне шляхецкіх вольнасцей. Цар Пётр I, які быў саюзнікам Аўгуста II у Паўночнай вайне, не жадаючы ўмацавання яго ўлады, падтрымаў Тарнагродскую канфедэрацыю і ўвёў у Рэч Паспалітую войскі. Шляхта Вялікага Княства Літоўскага ў падтрымку Тарнагродскай канфедэрацыі 23 сакавіка 1716 года ў Вільні стварыла Віленскую канфедэрацыю.

Канфедэраты змагаліся супраць каралеўскіх і саксонскіх войскаў. Пасля года баявых дзеянняў Пётр I выступіў пасрэднікам паміж канфедэратамі і каралём. Пасля перагавораў і пад націскам расійскіх дыпламатаў 13 лістапада 1716 года ў Варшаве было падпісана пагадненне паміж Тарнагродскайканфедэрацыяй, Віленскай канфедэрацыяй і каралём Аўгустам. 30 студзеня 1717 года пагадненне было ратыфікавана і 1 лютага 1717 года зацверджана «Нямым соймам». У выніку гэтага саксонскія войскі выводзіліся за межы Рэчы Паспалітай, абмяжоўвалася ўлада караля і правы гетманаў, замацоўваўся прынцып Liberum veto пры галасаванні ў сойме. Кароль не мог прымаць рашэнні без згоды Сената і дэпутатаў. Шляхцічам-дысідэнтам (некатолікам) забаранялася займаць дзяржаўныя пасады. Кароннае польскае войска скарачалася да 18 тысяч чалавек, а войска Вялікага Княства Літоўскага да 6 тысяч. Узмацніўся палітычны ўплыў Расійскай імперыі на ўнутраныя справы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Зноскі

Літаратура

Konfederacja tarnogrodzka i jej tradycje. Tarnogród: [s.n.], 1995. ISBN 83-904884-0-X. s. 22-23.

Спасылкі Dziennik Konfederacyi Tarnogrodzkiej przeciw wojskom saskim zawiązany w Polsce (1715—1717 r.) wyd. z rękopismu przez E. Raczyńskiego

Катэгорыя:Тарнагродская канфедэрацыя