ААТ «Мастоўдрэў» — беларускае дрэваапрацоўчае прадпрыемства, размешчанае ў горадзе Масты Гродзенскай вобласці. Найбуйнейшае прадпрыемства Мастоўскага раёна і адно з найбуйнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў БеларусіДрэваапрацоўчая прамысловасць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Т. 6: Дадаім — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — : БелЭн, 1998. — С. 230—231..

Гісторыя У 1925 годзе браты Ігнацы і Вацлаў Канапацкія заснавалі фанерны завод у Мастах на беразе Нёмана; вытворчасць фанеры пачалася ў 1927 годзе. У 1930-я гады кампанія «Лясная прамысловасць і фанерная фабрыка „Браты Канапацкія“» () была адной з найбуйнейшых у Польскай Рэспубліцы. Да 90% прадукцыі экспартавалася за мяжу, а ў Польшчы фабрыка пастаўляла фанеру для вытворчасці самалётаў. Да 1936 года на Мастоўскай фабрыцы працавала 510 чалавек. У верасні 1939 года фабрыка была пашкоджана самалётамі Люфтвафэ, пасля ўсталявання савецкай улады была нацыяналізаваная.

У 1939—1941 гадах завод уваходзіў у склад Беларускага трэста фанернай прамысловасці па заходніх абласцях «Запбелфанпрам» Наркамата лясной прамысловасці Беларускай ССРОткрытое акционерное общество "Мостовдрев" (ОАО "Мостовдрев") на сайте «Архивы Беларуси» (Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь) (Дзяржаўны фанерны завод № 9). У 1958 годзе (па іншай інфармацыі, у 1959 годзе) фанерны завод быў аб’яднаны з лесапільным заводам (існаваў з 1924 года) і ператвораны ў Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат. У 1970 годзе ён стаў галаўным прадпрыемствам Мастоўскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання «Мастоўдрэў», у якое ўвайшлі таксама мэблевыя фабрыкі ў гарадах Гродна, Масты і Слонім. Колькасць работнікаў аб’яднання складала 3712 чалавек.

У 1961 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю цэх гнутаклееных дэталяўМастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Т. 10 / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — : БелЭн, 2000. — С. 201.. У 1972 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці ДСП. У 1979 годзе ў склад аб’яднання ўвайшло яшчэ некалькі прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці: Гродзенскі дрэваапрацоўчы камбінат, Гродзенскі леспрамгас і Смаргонскі лесазавод. Колькасць супрацоўнікаў узрасла да 6,7 тыс. чалавек. У 1988 годзе Гродзенскі ДАК і Смаргонскі лесазавод былі выведзены са складу аб’яднання. У 1988—1994 гадах — Мастоўскае вытворчае аб’яднанне «Мастоўдрэў», у 1994 годзе пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. У 1990-я гады Гродзенская і Слонімская мэблевыя фабрыкі выходзяць са складу аб’яднання. Да 2003 года на прадпрыемстве працавала 3033 чалавекі, 61% прадукцыі экспартаваўся.

Сучасны стан У 2007 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 529 «Аб некаторых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці», якім прадугледжвалася мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублікі, уключаючы «Мастоўдрэў». Да 2013 года ў мадэрнізацыю прадпрыемства было ўкладзена 154 млн еўра, збудаванне новага корпуса вялося з адставаннем ад графіка. Усяго за 2008—2015 гады было ўкладзена 182 млн еўра. Найбуйнейшым інвестыцыйным праектам стала будаўніцтва завода па вытворчасці пліт МДФ. Пасля мадэрнізацыі прадпрыемства не было цалкам загружана (загрузка складала каля 50%) і працавала са стратамі. Няўдалая мадэрнізацыя была выкліканая недастатковым аналізам рынкаў збыту і кан’юнктуры: адначасова было пабудавана некалькі заводаў падобнага профілю ў Расіі і выраслі магутнасці прадпрыемстваў у ЕСДеревообработка. Прежде чем модернизировать фабрики, надо было проработать рынки сбыта.

Доля дзяржавы на 1 студзеня 2015 года складала 99,98%, астатнія 0,02% акцый падзеленыя паміж 7004 фізічнымі асобамі і некалькі юрыдычнымі асобамі. Дзяржава рэгулярна аказвае прадпрыемству дзяржпадтрымку шляхам павелічэння сваёй долі ў статутным фондзе. У 2016 годзе прадпрыемства было перададзена холдынгу дрэваапрацоўчай прамысловасці, які быў створаны дзяржаўным Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь. Па выніках 2018 года выручка прадпрыемства склала 121 млн рублёў (каля 57 млн долараў). Па гэтым паказчыку кампанія знаходзілася на 2-м месцы з дзевяці прадпрыемстваў холдынгу, нязначна саступаючы «Івацэвічдрэву». Чыстая страта прадпрыемства ў 2018 годзе склала 17,7 млн рублёў (каля 8 млн долараў) — другая па велічыні ў холдынгу пасля «Гомельдрэва». Агульная сума доўгатэрміновых абавязацельстваў «Мастоўдрэва» ў 2018 годзе складала 350 млн рублёў (каля 170 млн долараў).

Крыніцы

Літаратура Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Т. 10 / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — : БелЭн, 2000. — С. 201.

Спасылкі Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Масты (горад) Катэгорыя:Прадпрыемствы Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы