Полацкая рэвізія 1552 года — апісанне Полацкай зямлі, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я. Кмітам і канюшым троцкім М. Падцандкоўскім. Быо важным сацыяльна-эканамічным і палітычным мерапрыемствам, ажыццеўленым вярхоўнай уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканамічнага стану зямель у Полацкім ваяводстве, замкаў, гарадоў, у т.л. Полацка, ваенных рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзяржаўных даходаў і іншае. Уключае падрабязнае апісанне абарончых збудаванняз Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асноўных груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узброенных коннікаў (вылучаных у войска), духавенства, мяшчан.
Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гарадскога насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сацыяльную дыферэнцыяцыю гараджан і інш.
Публікацыя Дакументы Полацкай рэвізіі ўпершыню выдадзены ў 1880 годзе Ю. Шуйскім па дэфектным спісе сярэдзіны XVIII стагоддзя, што належаў бібліятэцы графаў Браніцкіх. У 1905 годзе гісторык Іван Лапо выдаў другую публікацыю па спісе канца XVI стагоддзя або 1-й паловы XVII стагоддзя Ваенна-вучонага архіва Галоўнага штаба. Выданне зроблена на больш высокім навуковым узроўні, мае імянны, геаграфічны і прадметны паказальнікі.
У 2011 годзе, як тэматычны дадатак «Полацак: падарожжа ў прасторы і часе» да часопіса «ARCHE Пачатак» № 5, беларускім гісторыкам Васілём Вароніным «Рэвізія» была перавыдадзена. Для гэтага выдання гістарычныя картографы Віктар Цемушаў і Дзмітрый Віцько падрыхтавалі змястоўную карту «Полацкае ваяводства ў сярэдзіне XVI ст.».
Літаратура
Семянчук, Г. Рэвізія Полацкага ваяводства 1552 года, уклаў Васіль Варонін, Менск 2011, 271 с. [Recenzja] / Генадзь Семянчук // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 2013. — T. 40. — S. 300—303.
Катэгорыя:Археаграфія ў Беларусі Катэгорыя:Крыніцы па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыя Полацка Катэгорыя:Гісторыя Полацкага раёна Катэгорыя:Кнігі 1880 года Катэгорыя:Кнігі 1905 года Катэгорыя:Кнігі 2011 года