Брэсцкая мужчынская гімназія — колішняя сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова ў Брэсце.
Гісторыя Была заснавана ў 1865 годзе ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні як 4-класная прагімназія. Налічвала каля 160-ці навучэнцаў.
У 1901 годзе была пераўтворана ў гімназію. Складалася з 8-мі асноўных, падрыхтоўчага і чатырох паралельных (1-4-ы) класаў. Колькасць навучэнцаў — ад 450 да 520. Вывучаліся руская, французская, нямецкая, лацінская мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, матэматыка. У праграму ўваходзілі ўрокі па маляванні, чыстапісанні, музыцы, спевах і інш. Праваслаўны святар і ксёндз выкладалі Закон Божы, а законавучыцель іўдзейскай веры — іўдзейскае веравучэнне. Плата за навучанне ў гімназіі складала 55-65 руб., у падрыхтоўчым класе — 50-60 руб. у год. На ўтрыманне гімназіі адпускалася ў год у залежнасці ад колькасці навучэнцаў: з дзяржаўнай казны 25-35 тыс. руб., з сум платы за навучанне 12-22 тыс., з гарадской казны — 300—800 руб.
Будынак мужчынскай гімназіі ў Брэст-Літоўску быў узведзены ў 1903 годзе па праекце ваеннага інжынера А. А. Траццякова. Будынак быў цагляны, з характэрнымі для канца ХІХ — пачатку ХХ стст. элементамі архітэктуры. Першапачаткова будынак быў двухпавярховым, П-падобны ў плане. Унутраная планіроўка калідорная, класныя пакоі арыентаваны на поўдзень. Па хадайніцтве Гарадской думы, 25 верасня 1904 года мужчынская гімназія атрымала назву: «Яго Імператарскай Высокасці Цэсарэвіча Аляксея Мікалаевіча поўная мужчынская гімназія».
У час Першай сусветнай вайны, летам 1915 года, у сувязі з нямецкай акупацыяй Брэст-Літоўска гімназія была зачынена. Архіў гімназіі знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна.
У 1921 годзе Брэст увайшоў у склад Польшчы і ў будынку гімназіі размясцілася дзяржаўная гімназія імя Рамуальда Траўгута. З 1939 года па 1941 год тут размяшчалася савецкая школа, у 1941—1946 гадах — шпіталь, спачатку нямецкі, а з вызваленнем Брэста — Чырвонай арміі. Потым там знаходзіўся настаўніцкі інстытут.
Зараз у будынку былой гімназіі (вул. Міцкевіча, 28), помніку грамадзянскага будаўніцтва, размешчаны адзін з навучальных карпусоў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.
Літаратура
Брэсцкая мужчынская гімназія / М. М. Забаўскі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 180.
Мужская гимназия / В. М. Чернатов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 75-76 Сарычев, В. Вечеринка 1937 года // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 235—237. Сарычев, В. Гимназия им. Траугутта // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 230—232. Сарычев, В.Пане профессорже // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 233—234. Сарычев, В. В. Гимназия им. Траугутта / В. В Сарычев // Вечерний Брест. 2005. 11 февр. С.8.
Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1865 годзе Катэгорыя:Гімназіі Расійскай імперыі Катэгорыя:Зніклі ў 1915 годзе Катэгорыя:1865 год у Брэсце Катэгорыя:Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі
Катэгорыя:Віленская навучальная акруга