Увечары 23 жніўня 2024 года падчас святкавання 650-годдзя Золінгена (Германія) узброены нажом 26-гадовы сірыец забіў трох чалавек і параніў васьмярых. Адказнасць за напад узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава» (ІД).
Ход падзей Напад адбыўся падчас Фестывалю разнастайнасці (Festival der Vielfalt), трохдзённага мерапрыемства з 23 па 25 жніўня, прысвечанага 650-годдзю Золінгена. Інцыдэнт адбыўся на Франгофе, цэнтральнай плошчы і рынку ў цэнтры горада, дзе праходзіў канцэрт.
Атака здарылася каля 21:40 па мясцовым часе. Невядомы мужчына з нажом забіў траіх і параніў васьмярых. Выканаўца DJ Topic, які выступаў у момант здарэння, папрасіў ахову працягнуць сваё выступленне, каб прадухіліць масавую паніку. Трое загінулых — два мужчыны ва ўзросце 56 і 67 гадоў і 56-гадовая жанчына.
Паліцыя неадкладна пачала вышук нападніка. Сілавікі ачапілі вялікія часткі горада, усталяваўшы загароды ў розных месцах. У Золінген былі перакінутыя атрады SEK. Жыхарам рэкамендавалі заставацца ў дамах і пазбягаць цэнтра горада.
Першапачаткова паліцыянты арыштавалі 15-гадовага падлетка. Як мяркуецца, ён ведаў пра падрыхтоўку атакі, але паведаміў пра гэта ўладам. На наступны дзень сілавікі арыштавалі падазраванага мужчыну. Ім апынуўся 26-гадовы сірыец. У Германіі ён жыў са снежня 2022 года. Мужчына паходзіць з Дэйр-эз-Зора і з’яўляецца мусульманінам-сунітам.
24 жніўня «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за напад.
Рэакцыя Партыя «Альтэрнатыва для Германіі» абвінаваціла ў нападзе не толькі кіруючую кааліцыю, але і апазіцыйны ХДС, звязваючы гэта з правальнай міграцыйнай палітыкай.
Крыніцы
Катэгорыя:Золінген Катэгорыя:Падзеі 23 жніўня Катэгорыя:Жнівень 2024 года Катэгорыя:Масавыя забойствы Катэгорыя:Забойствы, здзейсненыя ў 2024 годзе