Класіцы́зм (, ад — узорны) — стыль і мастацкі кірунак у літаратуры, архітэктуры і мастацтве XVII — пачатку XIX стагоддзяў. Класіцызм пераемна звязаны з эпохай Адраджэння; заняў, нароўні з барока, важнае месца ў культуры XVII стагоддзя; працягваў сваё развіццё ў эпоху Асветніцтва. Зараджэнне і распаўсюджванне класіцызму звязана з умацаваннем абсалютнай манархіі, з уплывам філасофіі Рэнэ Дэкарта, з развіццём дакладных навук. У аснове рацыяналістычнай эстэтыкі класіцызму — імкненне да ўраўнаважанасці, выразнасці, лагічнасці мастацкага выражэння (шмат у чым успрынятае з эстэтыкі Адраджэння); перакананасць у існаванні ўніверсальных і вечных, не схільных гістарычных змен правіл мастацкай творчасці, якія тлумачацца як уменне, майстэрства, а не праявы спантанага натхнення ці самавыяўлення.
Успрыняўшы ідэю творчасці як пераймання прыроды, якая ўзыходзіла да Арыстоцеля, класіцысты разумелі прыроду як ідэальную норму, якая ўжо атрымала ўвасабленне ў творах антычных майстроў і пісьменнікаў: арыентацыя на «цудоўную прыроду», змененую і спарадкаваную ў адпаведнасці з непарушнымі законамі мастацтва, такім чынам, мела на ўвазе перайманне антычных узораў і нават спаборніцтва з імі. Класіцызм, які развіваў ідэю мастацтва як рацыянальнай дзейнасці, што базіруецца на вечных катэгорыях «прыгожага», «мэтазгоднага» і да т.п., больш за іншыя мастацкія кірункі спрыяў зараджэнню эстэтыкі як абагульняючай навукі пра прыгожае.
Цэнтральнае паняцце класіцызму — праўдападабенства — не мела на ўвазе дакладнай перадачы эмпірычнай рэальнасці: свет перадаецца не такім, які ён ёсць, але якім ён мусіць быць. Перавага ўніверсальнай нормы як «належнага» ўсяму прыватнаму, выпадковаму, пэўнаму адпавядае ідэалогіі абсалютысцкай дзяржавы, якая выказваецца класіцызмам і ў якой усё асабістае і прыватнае падпарадкавана беспярэчнай волі дзяржаўнай улады. Класіцыст адлюстроўваў не пэўную, адзінкавую асобу, але абстрактнага чалавека ў сітуацыі ўніверсальнага, пазагістарычнага маральнага канфлікту; адсюль арыентацыя класіцыстаў на антычную міфалогію як увасабленне ўніверсальных ведаў пра свет і чалавека. Этычны ідэал класіцызму мае на ўвазе, з аднаго боку, падпарадкаванне асабістага агульнаму, жаданняў — абавязку, розуму, устойлівасць перад зменлівасцю быцця; з іншага — стрыманасць у праяве пачуццяў, выкананне меры, дарэчнасць, уменне падабацца.
Класіцызм строга падпарадкоўваў творчасць правілам жанрава-стылявой іерархіі. Размяжоўваліся «высокія» (напрыклад, эпапея, трагедыя, ода — у літаратуры; гістарычны, рэлігійны, міфалагічны жанр, партрэт — у жывапісе) і «нізкія» (сатыра, камедыя, байка; нацюрморт у жывапісе) жанры, якім адпавядалі пэўны стыль, кола тэм і герояў; прадпісвалася выразнае размежаванне трагічнага і камічнага, узнёслага і нізкага, гераічнага і штодзённага.
З сярэдзіны XVIII стагоддзя класіцызм паступова выцясняўся новымі цячэннямі — сентыменталізмам, перадрамантызмам, рамантызмам. Традыцыі класіцызму ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў былі ўваскрэшаны ў неакласіцызме.
Тэрмін «класіцызм», які ўзыходзіць да паняцця класікі (узорныя пісьменнікі), упершыню выкарыстаў у 1818 годзе італьянскі крытык Г. Вісконці. Шырока выкарыстоўваўся ў палеміцы класіцыстаў і рамантыкаў, прычым у рамантыкаў (Ж. дэ Сталь, В. Гюго і інш.) меў негатыўную афарбоўку: класіцызм і класікі, якія пераймалі антычнасць, супрацьпастаўляліся наватарскай рамантычнай літаратуры. У літаратуразнаўстве і мастацтвазнаўстве паняцце «класіцызм» стала актыўна выкарыстоўвацца пасля прац навукоўцаў культурна-гістарычнай школы і Г. Вёльфліна.
Стылістычныя тэндэнцыі, аналагічныя класіцызму XVII—XVIII стагоддзяў, угледжваюцца некаторымі навукоўцамі і ў іншых эпохах; у гэтым выпадку паняцце «класіцызм» тлумачыцца ў шырокім сэнсе, абазначаючы стылістычную канстанту, якая перыядычна актуалізуецца на розных стадыях гісторыі мастацтва і літаратуры (напрыклад, «антычны класіцызм», «рэнесансны класіцызм»).
Жывапіс
Цікавасць да мастацтва антычнай Грэцыі і Рыма праявілася яшчэ ў эпоху Адраджэння, якое пасля стагоддзяў Сярэдневякоўя звярнулася да форм, матываў і сюжэтаў антычнасці. Найвялікшы тэарэтык Рэнесансу, Леон Батыста Альберці, яшчэ ў XV стагоддзі выказаў ідэі, якія прадракалі асобныя прынцыпы класіцызму і ў поўнай меры выявіліся на фрэсцы Рафаэля «Афінская школа» (1511).
Сістэматызацыя і замацаванне дасягненняў вялікіх мастакоў Адраджэння, асабліва фларэнційскіх на чале з Рафаэлем і яго вучнем Джуліа Рамана, склалі праграму Балонскай школы канца XVI стагоддзя, найбольш характэрнымі прадстаўнікамі якой былі браты Карачы (). У сваёй уплывовай Акадэміі мастацтваў балонцы прапаведавалі, што шлях да вяршынь мастацтва ляжыць праз скрупулёзнае вывучэнне спадчыны Рафаэля і Мікеланджэла, імітацыю іх майстэрства лініі і кампазіцыі.
У пачатку XVII стагоддзя для знаёмства са спадчынай антычнасці і Адраджэння ў Рым сцякаюцца маладыя іншаземцы. Найбольш значнае месца сярод іх заняў француз Нікаля Пусэн, у сваіх жывапісных творах, пераважна на тэмы антычнай старажытнасці і міфалогіі, які даў непераўзыдзеныя ўзоры геаметрычна дакладнай кампазіцыі і прадуманых суадносін каляровых груп. Іншы француз, Клод Ларэн, у сваіх антыквізаваных пейзажах наваколляў «вечнага горада» парадкаваў карціны прыроды шляхам гарманізацыі іх святлом заходзячага сонца і ўвядзеннем своеасаблівых архітэктурных куліс.
Халоднаразважлівы нарматывізм Пусэна выклікаў адабрэнне Версальскага двара і быў працягнуты прыдворнымі мастакамі, такімі як Лебрэн, якія бачылі ў класіцыстычным жывапісу ідэальную мастацкую мову для ўсхвалення абсалютысцкай дзяржавы «караля-сонца». Хоць прыватныя заказчыкі аддавалі перавагу розным варыянтам барока і ракако, французская манархія падтрымлівала класіцызм на плаву за кошт фінансавання такіх акадэмічных устаноў, як Школа вытанчаных мастацтваў. Рымская прэмія давала найбольш таленавітым вучням магчымасць наведаць Рым для непасрэднага знаёмства з вялікімі творамі старажытнасці.
Адкрыццё «сапраўднага» антычнага жывапісу пры раскопках Пампей, абагаўленне антычнасці нямецкім мастацтвазнаўцам Вінкельманам і культ Рафаэля, якія прапаведаваў блізкі да яго па поглядаў мастак Менгс, у другой палове XVIII стагоддзя ўдыхнулі ў класіцызм новае дыханне (у заходняй літаратуры гэты этап называецца неакласіцызмам). Найбольш значным прадстаўніком «новага класіцызму» стаў Жак-Луі Давід; яго гранічна лаканічная і драматычная мастацкая мова з роўным поспехам служыла прапагандзе ідэалаў Французскай рэвалюцыі («Смерць Марата») і Першай імперыі («Каранацыя Напалеона»).
У XIX стагоддзі жывапіс класіцызму ўступае ў паласу крызісу і становіцца сілай, якая стрымлівае развіццё мастацтва, прычым не толькі ў Францыі, але і ў іншых краінах. Мастацкую лінію Давіда з поспехам працягваў Энгр, які пры захаванні мовы класіцызму ў сваіх творах часта звяртаўся да рамантычных сюжэтаў з усходнім каларытам («Турэцкія лазні»); яго партрэтныя работы адзначаны тонкай ідэалізацыяй мадэлі. Мастакі ў іншых краінах (як, напрыклад, Карл Брулоў) таксама напаўнялі класіцыстычная па форме творы духам бесшабашнага рамантызму; гэта спалучэнне атрымала назву акадэмізму. Яго рассаднікамі служылі шматлікія Акадэміі мастацтваў. У сярэдзіне XIX стагоддзя супраць кансерватызму акадэмічнага істэблішменту бунтавала маладое пакаленне, якое цягнулася да рэалізму і было прадстаўлена ў Францыі гуртком Курбэ, а ў Расіі — перасоўнікамі.
Скульптура
Штуршком да развіцця класіцыстычнай скульптуры ў сярэдзіне XVIII стагоддзя паслужылі сачыненні Вінкельмана і археалагічныя раскопкі старажытных гарадоў, якія пашырылі пазнанні сучаснікаў аб антычнай скульптуры. На грані барока і класіцызму вагаліся ў Францыі такія скульптары, як Пігаль і Гудон. Свайго найвышэйшага ўвасаблення ў галіне пластыкі класіцызм дасягнуў у гераічных і ідылічных працах Антоніа Кановы, які чэрпаў натхненне пераважна ў статуях эпохі элінізму (Праксіцель). У Расіі да эстэтыкі класіцызму імкнуліся Фядот Шубін, Міхаіл Казлоўскі, Барыс Арлоўскі, Іван Мартас.
Публічныя помнікі, якія атрымалі ў эпоху класіцызму шырокае распаўсюджанне, давалі скульптарам магчымасць ідэалізацыі воінскай доблесці і мудрасці дзяржаўных мужоў. Вернасць антычнаму ўзору патрабавала ад скульптараў адлюстроўваць мадэлей голымі, што ўступала ў супярэчнасць з прынятымі нормамі маралі. Каб вырашыць гэту супярэчнасць, дзеячы сучаснасці спачатку высякаліся скульптарамі класіцызму ў выглядзе аголеных антычных багоў: Сувораў — у выглядзе Марса, а Паліна Баргезэ — у выглядзе Венеры. Пры Напалеоне пытанне вырашылася шляхам пераходу да адлюстравання дзеячаў сучаснасці ў антычных тогах (такія фігуры Кутузава і Барклая дэ Толі перад Казанскім саборам).
Прыватныя заказчыкі эпохі класіцызму аддавалі перавагу ўвекавечванню сваіх імёнаў на надмагільных помніках. Папулярнасці гэтай скульптурнай формы спрыяла ўладкаванне публічных могілак у галоўных гарадах Еўропы. У адпаведнасці з класіцыстычным ідэалам постаці на надмагільных помніках, як правіла, знаходзяцца ў стане глыбокага спакою. Скульптуры класіцызму наогул далёкія ад рэзкага руху, знешніх праяў такіх эмоцый, як гнеў.
Позні, ампірны класіцызм, які прадстаўлены ў першую чаргу пладавітым дацкім скульптарам Торвальдсенам, прасякнуты сухаватай патэтыкай. Асабліва цэняцца чысціня ліній, стрыманасць жэстаў, бясстрасныя выразы. У выбары ўзораў для пераймання акцэнт зрушваецца з элінізму на перыяд архаікі. Уваходзяць у моду рэлігійныя вобразы, якія ў трактоўцы Торвальдса ствараюць у гледача некалькі халоднае ўражанне. Надмагільная скульптура позняга класіцызму нярэдка нясе на сабе лёгкі налёт сентыментальнасці.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва
Тэндэнцыі класіцызму ў еўрапейскім мастацтве намеціліся ўжо ў другой палове XVI стагоддзя ў Італіі — у архітэктурнай тэорыі і практыцы А. Паладыа, тэарэтычных трактатах Дж. да Віньёлы, С. Серліа; больш паслядоўна — у сачыненнях (XVII стагоддзе), а таксама ў эстэтычных нарматывах акадэмістаў балонскай школы. Аднак у XVII стагоддзі класіцызм, які развіваўся ў вострапалемічным узаемадзеянні з барока, толькі ў французскай мастацкай культуры склаўся ў цэласную стылявую сістэму. Пераважна ў Францыі фарміраваўся і класіцызм XVIII — пачатку XIX стагоддзяў, які стаў агульнаеўрапейскім стылем (апошні ў замежным мастацтвазнаўстве часта называецца неакласіцызмам). Прынцыпы рацыяналізму, якія ляжалі ў аснове эстэтыкі класіцызму, абумовілі погляд на мастацкі твор як на плод розуму і логікі, якія перамагаюць хаос і цякучасць пачуццёва ўспрыманага жыцця. Арыентацыя на разумны пачатак, на непераходзячыя ўзоры вызначыла і нарматыўнасць патрабаванняў эстэтыкі класіцызму, рэгламентацыю мастацкіх правілаў, строгую іерархію жанраў у выяўленчым мастацтве (да «высокага» жанру адносяцца творы на міфалагічныя і гістарычныя сюжэты, таксама «ідэальны пейзаж» і парадны партрэт; да «нізкага» — нацюрморт, бытавы жанр і да т.п.). Замацаванню тэарэтычных дактрын класіцызму спрыяла дзейнасць заснаваных у Парыжы каралеўскіх акадэмій — жывапісу і скульптуры (1648) і архітэктуры (1671).
Архітэктура