Salesforce, Inc. — гэта амерыканская кампанія, распрацоўшчык воблачнага праграмнага забеспячэння са штаб-кватэрай у Сан-Францыска, Каліфорнія. Стварае праграмы для электроннай камерцыі, кіравання ўзаемаадносінамі з кліентамі (), абслугоўвання кліентаў, аўтаматызацыі маркетынгу і аналітыкі.

Кампанію заснаваў былы выканаўчы дырэктар Oracle Марк Бэніёф у лютым 1999 года па мадэлі SaaS. Salesforce сур’ёзна пацярпела ад краху даткомаў, у выніку чаго кампанія звольніла 20 % сваіх супрацоўнікаў. Нягледзячы на страты, у пачатку 2000-х кампанія працягвала развівацца. Прыбытак Salesforce працягваў расці з 2000 па 2003 год, пры гэтым рэзка ўзрос з 5,4 мільёнаў долараў у 2001 фінансавым годзе да больш чым 100 мільёнаў долараў у снежні 2003 года. Першае публічнае размяшчэнне акцый () адбылося ў чэрвені 2004 года на Нью-Йоркскай фондавай біржы і прынясло кампаніі 110 мільёнаў долараў ЗША. У верасні 2008 года Standard&Poor’s дадала Salesforce да індэкса S&P 500. У 2009 годзе гадавы даход Salesforce перавысіў 1 мільярд долараў.

За сваю гісторыю Salesforce набыла дзясяткі кампаній. У розны час былі набытыя воблачны сэрвіс Heroku (за 212 мільёнаў долараў), платформа электроннай камерцыі Demandware (за 2,8 мільярда долараў), праграма апрацоўкі тэкстаў Quip (за 750 мільёнаў долараў), воблачны сэрвіс MuleSoft (за 6,5 мільярда долараў). Толькі у 2016 годзе Salesforce выдаткавала больш за 5 мільярдаў долараў на набыццё новых кампаній. У снежні 2020 года было абвешчана, што Salesforce набудзе Slack за 27,7 мільярда долараў, што было самым вялікім набыццём на той момант.

У 2020 годзе Salesforce была занесена ў прамысловы індэкс Доу-Джонса, замяніўшы ў ім энергетычную кампанію ExxonMobil. Станам на верасень 2022 года Salesforce з’яўлялася 61-й кампаніяй у свеце па рынкавай капіталізацыі і была ацэнена ў амаль 153 мільярды долараў ЗША. У 2022 годзе Salesforce стала найбуйнейшай у свеце кампаніяй па вытворчасці карпаратыўнага праграмнага забеспячэння.

Гл. таксама Прамысловы індэкс Доу-Джонса

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Вытворцы праграмнага забеспячэння ЗША Катэгорыя:Кампаніі, якія маюць лістынг акцый на Нью-Ёркскай біржы