Аляксандраўскае патрыятычнае падполле — савецкае падполле для барацьбы з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў в. Александрова Мінскага раёна пад кіраўніцтвам камандавання партызанскага атрада «Мясцовыя», з верасня 1943 года Мінскага падпольнага гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 5 чалавек: А. М. Жадовіч (кіраўнік), яе маці Л. К. Жадовіч, былых калгасніцу М. Ф. Ліпень, студэнтку Мінскага настаўніцкага інстытута І. С. Ліпень і жонку ваеннаслужачага М. М. Туліну. Члены групы выконвалі заданні партызанскага атрада «Мясцовыя», пазней падпольнага гаркома КП(б)Б па дастаўцы для Мінскага партыйнага падполля мін, толу, газет і лістовак, грошай. Усё гэта яны атрымлівалі ад партызан, хавалі ў тайніках, затым перапраўлялі ў Мінск на канспіратыўныя кватэры падпольшчыкаў І. П. Жураўскага, Л. К. Ліванавай, А. П. Ліпніцкай і інш. Дзякуючы канспірацыі, смеласці і знаходлівасці падпольшчыцы пазбеглі правалаў, даставілі ў горад шмат мін, толу, сотні газет і лістовак.
Літаратура
Катэгорыя:Антыфашысцкія падпольныя арганізацыі на Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Мінска Катэгорыя:З’явіліся ў 1942 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1942 годзе