Канвее́р (ад  — перадаваць), таксама транспарцёр — абсталяванне, устаноўка або машына бесперапыннага дзеяння для перамяшчэння (транспарціроўкі) сыпкіх, кускавых і штучных грузаў. Таксама канвеерам у серыйнай вытворчасці называюць вытворчы ўчастак, аб’яднаны для выканання асобных тэхналагічных аперацый вакол транспартнай прылады, якая бесперапынна або перыядычна рухаецца.

У залежнасці ад грузанясучага элемента канвееры падзяляюцца на: стужачныя (з гумавай або стальной стужкай); пласціністыя (з шарнірна злучаных стальных пласцін); скрабальныя (ланцуг са скрабалкамі, які рухаецца ў жолабе або корабе); цялежкавыя (цялежкі, злучаныя ланцугом, рухаюцца па рэйкавых пуцях); каўшовыя і люлькавыя (з каўшамі і люлькамі, падвешанымі на цягавых ланцугах); вінтавыя (шнэкавыя), ролікавыя і іншыя.

Бываюць канвееры з цягавым органам (стужка, ланцуг, канат) і без яго, стацыянарныя, паўстацыянарныя і перасоўныя, напольныя і падвесныя.

Канвееры без цягавага органа падзяляюцца на: вінтавыя (шнэкі, вінтавыя спускі); хістальныя інерцыйныя (перамяшчаюць кускавыя і сыпкія грузы зваротна-паступальным рухам з паскораным зваротным ходам); вібрацыйныя (жолаб або труба са савім зваротна-паступальным рухам высокай частаты); ролікавыя (ральгангі); пнеўматычныя (цяга забясечваецца патокам паветра) і іншыя.

Існуюць спецыялізаваныя канвееры (элеватары, эскалатары, стакеры, рухомыя тратуары і іншыя), а таксама магнітадынамічныя (перамяшчаюць па трубах ці ў латках расплаўлены метал з дапамогай электрамагнітных індукцыйных помпаў.

Гл. таксама Канвеерная вытворчасць Канвеерная печ

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Назначение и виды конвейеров // Деловая электронная газета «Бизнес Online»

Катэгорыя:Абсталяванне Катэгорыя:Пад’ёмна-транспартныя машыны