Ганна Віктараўна Красуліна () — беларуская палітычная актывістка, прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (2011—2020) і Святланы Ціханоўскай (з 2020).
Біяграфія Нарадзілася 18 верасня 1969 года ў Чалябінскай вобласці РСФСР, дзе жыла да 17 гадоў, у 1987 годзе пераехала ў Маскву.
Скончыла філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (курс навучання — 5 гадоў). У час вучобы пазнаёмілася з мінчанінам Яўгенам Красуліным, у 1993 годзе яны ажаніліся. Скончыла магістратуру і ў 2003 годзе аспірантуру факультэта дзяржаўнага кіравання МДУ. У аспірантуры рыхтавала навуковую працу пра карупцыю ў Расійскай Федэрацыі, абарона не адбылася праз канцэптуальныя высновы даследавання, што карупцыя ёсць дзяржаваўтваральным элементам Расіі.
У 2002 годзе пераехала на радзіму мужа ў Беларусь. Канчаткова сям’я перасялілася ў Мінск у 2004 годзе. Працавала ў прадстаўніцтве буйной замежнай камерцыйнай кампаніі (пастаўкі тэхнічнага абсталявання) як офіс-менеджар, пасля — PR- і HR-менеджар .
Пасля пратэстаў па прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, у красавіку 2006 года звольнена па палітычных матывах (фармальна — скарачэнне штату) за дзве гадзіны да акцыі «Чарнобыльскі шлях». Праз ўключэнне ў «чорныя спісы» не магла знайсці працу ў камерцыйных структурах. Па радзе мужа звярнулася ў Аб'яднаную грамадзянскую партыю (АГП), дзе прапаноўвалі інфармацыйную дапамогу людзям у падобных сітуацыях.
У 2020 годзе выйшла з грамадзянства Расійскай Федэрацыі і атрымала пашпарт грамадзянкі Рэспублікі Беларусь. Пасля падзей жніўня 2020 года вымушана эмігравала ў Вільню (Літва).
Сям’я З 1993 года ў шлюбе з Яўгенам Красуліным (нар. 1970), беларускім гісторыкам-маяністам . Сужэнцы маюць дваіх дзяцей. Станам на 2023 год дачка была студэнткай першага курсу Універсітэта Гумбальта ў Берліне.
Грамадска-палітычная дзейнасць Прыйшоўшы ў 2006 годзе ў АГП, пазнаёмілася з Аляксандрам Дабравольскім і як валанцёрка дапамагада ў стварэнні інфармацыйных праектаў. Ппадчас выбарчай кампаніі 2010 года па прапанове старшыні АГП Анатоль Лябедзькі была прэс-сакратаркай кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. З 2011 года афіцыйна займала пасаду прэс-сакратаркі АГП.
У лістападзе 2018 года УВД Маскоўскага раёна Мінска вынесла рашэнне пра яе высылку з краіны тэрмінам на адзін год «у інтарэсах грамадскага парадку». Падставай былі тры адміністрацыйныя спагнанні: два за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях (у тым ліку за размахванне бел-чырвона-белым сцягам каля ізалятара на Акрэсціна) і адно за безбілетны праезд. Рашэнне абскарджана ў судзе Маскоўскага раёна, які адмяніў высылку.
Тлумачыла захаванне расійскага грамадзянства, сярод іншага патрэбай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў Расіі, пасля перанесенай у Маскве (Крамлёўскай бальніцы) у 1992 годзе складанай аперацыі па пратэзаванні сустава, а ў 2014 годзе па планавай замене пратэза. У 2020 годзе выйшла з расійскага грамадзянства.
Летам 2020 года далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай як валанцёр, пазней стала яе прэс-сакратаркай. У Офісе Ціханоўскай арганізоўвае ўзаемадзеянне з міжнароднымі медыя (каля 300—400 інтэрв’ю ў год), рыхтуе заявы і суправаджае замежныя візіты.
У студзені 2024 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь аб’явіў пра спецыяльную вытворчасць па справе 20 незалежных аналітыкаў, абвінаваціўшы іх у тым, што яны «далучыліся да змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь неканстытуцыйным шляхам, увайшлі ў экстрэмісцкія фармаванні, створаныя для забеспячэння эфектыўнасці злачыннай дзейнасці». 1 ліпеня 2024 года ў завочным працэсе (суддзя Уладзімір Арэшка) Красуліна асуджана да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд таксама прадугледжваў штраф памерам ад 1000 да 40000 базавых велічынь (ад 40 тысяч да 1,6 млн рублёў). 24 кастрычніка 2024 года КДБ Беларусі ўнёс Красуліну і іншых фігурантаў справы «спіс тэрарыстаў».
8 снежня 2025 года ўдзельнічала ў акцыі пратэсту ў Вільні супраць запуску паветраных шароў з кантрабандай з тэрыторыі Беларусі, назвала гэта элементам «гібрыднай вайны» супраць Еўропы.
У 2026 годзе ў экспертных каментарыях падкрэслівала стратэгічную ролю еўрапейскіх санкцый для вызвалення краіны ад дыктатуры і расійскага ўплыву .
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Палітыкі Беларусі