За час акупацыі практычна ўсе яўрэі Ляхавіцкага раёна былі забітыя, а нешматлікія выратаваныя ў большасці ваявалі пасля ў партызанскіх атрадах.
Захаваліся асобныя сведчанні аб забойствах яўрэяў у раёне. У вёсцы Шчаснавічы былі схопленыя 6 прадстаўнікоў народа. Потым яны адпраўленыя ў Ляхавічы і пасля катаванняў расстраляныяЛ. Смиловицкий. «Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 гг.» .
У вёсцы Мядзведзічы, за 3 км ад вёскі, ва ўрочышчы Броды, знаходзіцца брацкая магіла яўрэяў. 11 жніўня (верасня) 1941 года карны атрад войскаў СС з Ганцавічаў прыбыў у мястэчка, усіх яўрэяў — старых, жанчын і дзяцей — сабралі і адвялі пад канвоем ва ўрочышчы Броды (па кірунку да вёскі Куршынавічы), дзе замучылі і расстралялі ў 3 ямах-магілах.
У вёсцы Востраў, за 30 кіламетраў ад Баранавічаў, перад вайной жыло каля 20 яўрэйскіх сем’яў. 28 жніўня 1941 года ў мястэчка прыбыў карны атрад войскаў СС. Людзей прыкладамі і палкамі сагналі на царкоўную плошчу і сказалі, што павядуць у Ляхавіцкае гета. Але яўрэяў адвялі недалёка, за станцыю вузкакалейкі, да штабеляў драўніны, дзе ўжо была загадзя выкапаная яма, і ў прысутнасці насельніцтва расстралялі з аўтаматаў. Былі забітыя, паводле розных звестак, ад 29 да 56 чалавек, большасць сярод якіх складалі жанчыны і дзеці. Параненых бязлітасна дабіваліВ. Поликарпов. «Остров в океане Холокоста», газета «Авив», март-апрель 2006 года, с. 8«Найдено еврейское захоронение», газета «Берега», сентябрь 2005 года, № 9 (74), с. 2.
Каля станцыі Рэйтанава (пасёлак Русінавічы) знаходзіцца брацкая магіла яўрэяў. У 1942 годзе гітлераўцы і паліцаі адвялі за чыгуначную станцыю 65 чалавек, мужчын і жанчын, усіх замучылі і расстралялі.
Немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, стварылі на тэрыторыі раёна гета ў Ляхавічах (чэрвень 1941 — май 1943), у якім загінулі больш за 4725 прадстаўнікоў народа.
У Ляхавіцкім раёне два чалавекі — муж і жонка Грышчык Вікенцій і Марыя — былі ўдастоены ганаровага звання «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага мемарыяльнага інстытута «Яд ва-Шэм» «у знак глыбокай удзячнасці за дапамогу, аказаную яўрэйскаму народу ў гады Другой сусветнай вайны» — за выратаванне Арганд Таццяны ў вёсцы Улазавічы.
Два помнікі яўрэям устаноўлены ў Ляхавічах. У 2009 годзе помнікі забітым былі ўсталяваныя ў вёсках Востраў і Мядзведзічы. Помнік расстраляным усталяваны і каля станцыі Рэйтанаў.
Крыніцы
Літаратура I.П. Шамякін (галоўны рэдактар), Г.К. Кісялёў, Я.В. Малашэвіч i iнш. (рэдкал.), В.У. Скалабан (укладальнік). «Памяць. Ляхавіцкi раён». — Минск: «Беларуская савецкая энцыклапедыя», 1989. — 440 с. — ISBN 5-85700-018-1.
Ляхавіцкі раён Катэгорыя:Гісторыя Ляхавіцкага раёна