Савіна, таксама Савін і Савіны — былая вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці.

Гісторыя Засценак Савін вядомы прынамсі з сярэдзіны XVIII стагоддзя, калі ён адносіўся да дамена Шацк, уласнасць Антонія Аскеркі, старасты мазырскага. Уваходзіў у склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. 4 сакавіка 1821 года Ігнацы Аскерка аддаў Савін у заставу родным братам Рыгору, Юзафу і Мацею Ачапоўскім за 225 рублёў, пазней засценак перайшоў у права спадчыны Ачапоўскіх, у валоданні якіх быў і на канец XIX стагоддзя. У 1860 годзе быў 1 двор. Пасля 1861 года ў Шацкай воласці Ігуменскага павета.

Краязнавец Аляксандр Ельскі апісваў фальварак як востраў на бязлюдным зусім палессі сярод навакольных мохавых балот, парослых дробнай сасной. Ельскі лічыў, што гэтыя балоты мусілі быць рэштай колішняга вялікага вадаёма, злучанага з Пінскімі балотамі. Улетку сувязі з наваколлем не было праз брак дарог. У другой палове XIX стагоддзя было каля 2 валок зямлі. Паводле перапісу 1917 года хутар.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1920-я гады пазначаўся як хутары Савіны. У 1939 годзе было 3 двары.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

У наш час не існуе.

Насельніцтва

1908 год — 2 двары, 20 жыхароў 1917 год — 1 двор, 5 жыхароў, усе беларусы

Крыніцы

Літаратура