Банкаўская сістэма Беларусі – частка фінансава-крэдытнай сістэмы Беларусі, якая ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь мае два ўзроўні: Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і іншыя банкі. Нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі разам з банкамі ўваходзяць у шырэйшую фінансава-крэдытную сістэму краіны.

Нацыянальная двухузроўневая банкаўская сістэма пачала фарміравацца ў 1990–1991 гадах пасля прыняцця законаў аб Нацыянальным банку і банкаўскай дзейнасці і пераходу размешчаных у БССР устаноў агульнасаюзных банкаў у падпарадкаванне рэспублікі.

Структура

Банкаўская сыстэма Беларусі складаецца з двух асноўных узроўняў. Першы ўзровень банкаўскай сістэмы займае Нацыянальны банк. Другі ўзровень складаюць усе іншыя банкі, якія ажыццяўляюць банкаўскія аперацыі з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій).

Нацыянальны банк ажыццяўляе рэгуляванне банкаўскай дзейнасці і банкаўскі нагляд, выдае ліцэнзіі, арганізуе грашова-крэдытную палітыку, эмісію наяўных грошай, рэгуляванне грашовага абарачэння, валютнае рэгуляванне і функцыянаванне плацежнай сістэмы краіны.

Банкі другога ўзроўню прымаюць грашовыя сродкі ва ўклады, адкрываюць і вядуць рахункі, ажыццяўляюць крэдытаванне, разлікова-касавае абслугоўванне, аперацыі з замежнай валютай, каштоўнымі паперамі, каштоўнымі металамі і іншыя банкаўскія аперацыі, прадугледжаныя заканадаўствам.

Да фінансава-крэдытнай сістэмы, але не да двухузроўневай банкаўскай сістэмы ў вузкім юрыдычным значэнні, адносяцца таксама нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі. У 2025 годзе дзейнічалі дзве такія арганізацыі – ААТ «НКФА „Белінкасгруп“» і ААТ «НКФА „Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора“».

Сістэмна значныя банкі

Нацыянальны банк штогод вызначае пералік сістэмна значных банкаў, рызыкі якіх могуць істотна паўплываць на ўстойлівасць усёй банкаўскай сістэмы. Для такіх банкаў устанаўліваюцца дадатковыя патрабаванні, у тым ліку буфер сістэмнай значнасці.

На 2026 год да I групы сістэмнай значнасці аднесены: «ААБ Беларусбанк»; «Белаграпрамбанк»; «Пріорбанк»; «Альфа-Банк».

Да II групы сістэмнай значнасці аднесены: «Сбер Банк»; «Белгазпрамбанк»; «Белінвестбанк»; «Банк БелЗЭБ»; «МТБанк»; Банк ВТБ (Беларусь); «Беларускі народны банк».

Паняцце сістэмна значнага банка змяніла раней ужыванае ў публікацыях паняцце «сістэмаўтваральныя банкі». У канцы 2000-х – пачатку 2010-х гадоў да групы найбуйнейшых банкаў, на якую прыпадала асноўная частка беларускага банкаўскага рынку, адносілі «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», «Белпрамбудбанк» (цяпер «Сбер Банк»), «Белінвестбанк», «Белзнешэканамбанк» і «Пріорбанк».

Форма ўласнасці і замежны капітал

У 1990-я і 2000-я гады склад уласнікаў беларускіх банкаў істотна змяняўся. Калі ў пачатку 2000 года ў краіне дзейнічаў толькі адзін банк са 100-працэнтным замежным капіталам і два банкі, у якіх замежным інвестарам належала больш за палову капіталу, то да канца дзесяцігоддзя прысутнасць замежнага банкаўскага капіталу значна павялічылася.

У 2009 годзе з 31 банка восем мелі цалкам замежны капітал, а яшчэ ў дванаццаці замежным уласнікам належала больш за палову капіталу. На 26 снежня 2011 года замежны капітал прысутнічаў у 26 з 31 банка: дзевяць мелі выключна замежных уласнікаў, у чатырнаццаці замежным інвестарам належала больш за палову капіталу, у трох – менш за палову.

У наступныя гады адбылося ўзмацненне ролі банкаў з дзяржаўным капіталам і скарачэнне колькасці ўдзельнікаў банкаўскага рынку. На пачатак 2024 года ў Беларусі дзейнічаў 21 банк; у сукупным зарэгістраваным статутным фондзе банкаў пераважала доля дзяржаўнай уласнасці.

Банкаўская сетка

Галоўныя офісы большасці беларускіх банкаў знаходзяцца ў Мінску. Банкі могуць ствараць філіялы і іншыя структурныя падраздзяленні – цэнтры банкаўскіх паслуг, разлікова-касавыя цэнтры, абменныя пункты і іншыя пункты абслугоўвання.

У 2000-я гады найбольш разгалінаваныя тэрытарыяльныя сеткі мелі найбуйнейшыя сістэмаўтваральныя банкі. У далейшым значэнне традыцыйнай філіяльнай сеткі змяншалася ў сувязі з развіццём інтэрнэт-банкінгу, мабільнага банкінгу і іншых форм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.

Гісторыя

У складзе Расійскай імперыі

Першай вядомай банкаўскай установай на тэрыторыі сучаснай Беларусі лічыцца Гомельскі гарадскі грамадскі банк. Указ аб яго заснаванні быў падпісаны Сенатам Расійскай імперыі 8 студзеня 1870 года; першапачатковы асноўны капітал складаў 20 тысяч рублёў. Развіццё банкаўскай справы ў другой палове XIX стагоддзя было звязана, сярод іншага, з інтэнсіўным будаўніцтвам чыгунак, ростам гарадоў, прамысловасці і гандлю.

Гомельскі гарадскі грамадскі банк выдаваў доўгатэрміновыя пазыкі пад заклад гарадскіх і будаўнічых участкаў. Капітал гарадскіх грамадскіх банкаў фарміраваўся са сродкаў гарадскіх бюджэтаў; яны крэдытавалі пераважна дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, а таксама гарадскія ўправы і земствы, частка прыбытку накіроўвалася на гарадское добраўпарадкаванне і дабрачыннасць. Пазней гарадскія грамадскія банкі ўзніклі таксама ў Полацку, Віцебску, Барысаве, Магілёве і Ігумене.

У 1873 годзе быў заснаваны Мінскі камерцыйны банк: яго статут быў зацверджаны 21 красавіка, а 10 верасня банк пачаў працу. Яго заснавальнікамі былі прадстаўнікі мясцовага прадпрымальніцтва, асноўны капітал пры стварэнні складаў 1,5 млн рублёў. Банк займаўся ўлікам вэксаляў, плацяжамі па каштоўных паперах, аперацыямі з каштоўнымі металамі, прымаў уклады, захоўваў каштоўнасці і ажыццяўляў грашовыя пераводы.

Аддзяленні Мінскага камерцыйнага банка дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве і Пінску, а таксама ў Лібаве, Ромнах, Канатопе, Жытоміры, Белай Царкве, Чаркасах, Варажбе, Сумах і Роўне. У канцы XIX стагоддзя Мінск стаў буйнейшым банкаўскім цэнтрам Паўночна-Заходняга краю. Паводле звестак Нацыянальнага банка, Мінскае аддзяленне Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі займала пятае месца сярод яго ўстаноў паводле аб'ёму ўліковых аперацый.

Аддзяленні Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі былі адкрыты ў Мінску ў 1881 годзе, у Віцебску і Магілёве – у 1883 годзе, у Гродне – у 1884 годзе. Акрамя фінансавання чыгуначнага будаўніцтва, яны крэдытавалі прамысловасць і гандаль, прымалі ўклады, ажыццяўлялі грашовыя пераводы і выдавалі пазыкі пад заклад каштоўных папер.

У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя ў беларускіх губернях працавалі аддзяленні расійскіх акцыянерных камерцыйных банкаў, у тым ліку Злучанага, Руска-Азіяцкага, Віленскага прыватнага, Азоўска-Данскога, Маскоўскага і Руска-Французскага банкаў. Развіваліся таксама таварыствы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя кааператывы, гарадскія грамадскія і іпатэчныя банкі.Дашкевіч В. Ф. Банк // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 1996. – Т. 2. – С. 280. – Электронная версія на Verbum.by.

На 1 студзеня 1914 года баланс мясцовых аддзяленняў Дзяржаўнага банка складаў каля 32,5 млн рублёў. Сярод аддзяленняў камерцыйных банкаў баланс Руска-Азіяцкага банка складаў каля 13,1 млн рублёў, Віленскага прыватнага – 11,5 млн, Азоўска-Данскога – 7,3 млн, Злучанага – 5,6 млн, Руска-Французскага – 2,8 млн, Маскоўскага – 1,4 млн рублёў.

Праз аддзяленні расійскіх акцыянерных камерцыйных банкаў на беларускія землі паступаў кароткатэрміновы пазыковы капітал з іншых рэгіёнаў імперыі; агульны аб'ём крэдытных укладанняў на 1 студзеня 1914 года складаў 38,6 млн рублёў. Разам з тым наяўныя крэдытныя ўстановы не цалкам задавальнялі патрэбы мясцовай прамысловасці і гандлю, што спрыяла дзейнасці банкірскіх дамоў і кантор, распаўсюджванню ліхвярскага крэдыту і прыцягненню замежнага капіталу.

Значную ролю адыгрываў і іпатэчны крэдыт. На беларускіх землях працавалі аддзяленні Віленскага, Маскоўскага і Санкт-Пецярбургска-Тульскага акцыянерных зямельных банкаў, а таксама дзяржаўных Сялянскага пазямельнага банка, які праводзіў тут аперацыі з 1883 года, і Дваранскага зямельнага банка – з 1885 года. Да пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі беларускіх губерняў склалася разгалінаваная крэдытная сістэма, якая ўключала ўстановы Дзяржаўнага банка, акцыянерныя камерцыйныя і іпатэчныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту, гарадскія банкі і крэдытную кааперацыю.

Савецкі перыяд

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 14 (27) снежня 1917 года УЦВК прыняў дэкрэт аб нацыяналізацыі банкаў, паводле якога банкаўская справа стала дзяржаўнай манаполіяй. У сакавіку 1919 года ў сістэме фінансавых органаў Літоўска-Беларускай ССР была створана Мінская акруговая кантора Народнага банка, якая фактычна займалася забеспячэннем грашовымі знакамі. 19 студзеня 1920 года яна разам з іншымі органамі Народнага банка РСФСР была скасавана.

3 снежня 1921 года Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову аб арганізацыі Беларускай канторы Дзяржаўнага банка РСФСР. Яна пачала работу ў Мінску 3 студзеня 1922 года; неўзабаве былі адкрыты аддзяленні ў Віцебску, Барысаве, Бабруйску і Магілёве, а таксама агенцтвы ў Слуцку, Мазыры, Оршы, Клімавічах і Полацку. Пасля стварэння СССР Беларуская кантора ў 1923 годзе ўвайшла ў сістэму Дзяржаўнага банка СССР, а ў студзені 1927 года ў яе падпарадкаванне было перададзена Гомельскае аддзяленне Дзяржбанка.

У 1923–1925 гадах у БССР пачалі дзейнічаць філіялы агульнасаюзных акцыянерных банкаў – Прамбанка і Усесаюзнага кааператыўнага банка. Адначасова фарміравалася сетка мясцовых крэдытных устаноў: у 1923 годзе быў адкрыты Гомельскі рабочы банк, прыкладна праз год пераўтвораны ў камунальны банк, а ў 1925 годзе створаны Белкамунбанк.

Для крэдытавання сельскай гаспадаркі былі арганізаваны акруговыя таварыствы сельскагаспадарчага крэдыту ў шэрагу рэгіёнаў БССР. Беларускае таварыства сельскагаспадарчага крэдыту ў 1924 годзе было пераўтворана ў Белсельбанк, які стаў адной з асноўных устаноў крэдытавання сельскай гаспадаркі. У 1922–1924 гадах у СССР была праведзена грашовая рэформа, пасля якой Дзяржаўны банк стаў эмісійным цэнтрам і органам рэгулявання грашовага абарачэння.

У выніку рэарганізацыі крэдытнай сістэмы з 1932 да 1959 года ў БССР дзейнічалі Камунальны банк, канторы і філіялы Дзяржбанка СССР, Прамбанка СССР і Сельгасбанка СССР, а да 1957 года таксама Торгбанка СССР. У 1940 годзе ў БССР налічвалася 10 абласных кантор і 184 аддзяленні Дзяржбанка, у якіх працавалі 4087 чалавек.

Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны Беларуская кантора Дзяржбанка 25 чэрвеня 1941 года была эвакуіравана ў Тамбоў, у лістападзе – у Караганду, а ў сакавіку 1942 года – у Горкі. 9 верасня 1943 года паводле распараджэння СНК СССР кантора была закрыта, але ўжо ў кастрычніку аднавіла дзейнасць; у снежні 1943 года яна пераехала ў Гомель, а ў ліпені 1944 года – у Мінск.

Пасля вайны банкаўская сістэма ўдзельнічала ў правядзенні грашовай рэформы 1947 года. У 1959 годзе спецыялізаваныя банкі былі ліквідаваны, а іх функцыі перададзены Дзяржбанку і Будбанку СССР; надалей асноўныя банкаўскія функцыі ў БССР ажыццяўлялі ўстановы Дзяржбанка і Прамбудбанка СССР.

У 1987 годзе ў межах агульнасаюзнай рэформы банкаўскай сістэмы былі створаны беларускія рэспубліканскія банкі Дзяржбанка, Знешэканомбанка, Ашчаднага банка, Прамбудбанка, Аграпрамбанка і Жылсацбанка СССР. Яны працавалі на прынцыпах гасразліку і самафінансавання. Рэарганізацыя канца 1980-х гадоў стала пачаткам пераходу ад цэнтралізаванай аднаўзроўневай сістэмы да двухузроўневай банкаўскай мадэлі.

Фарміраванне нацыянальнай банкаўскай сістэмы

14 снежня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў законы «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР», якія набылі моц 1 студзеня 1991 года. 21 снежня 1990 года размешчаныя на тэрыторыі БССР філіялы банкаў СССР разам з іх установамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі былі абвешчаны ўласнасцю рэспублікі. 1 красавіка 1991 года было завершана фарміраванне Нацыянальнага банка.