Фаціма Мустафаўна Канапацкая () — беларуская праведніца народаў свету.
Біяграфія Нарадзілася ў 1891 годзе ў сям’і беларускіх татараў. Яе муж, Сулейман Канапацкі, які працаваў сувязістам на галоўпаштамце, быць рэпрэсаваны ў 1935 годзе. У 1990-я гады стала вядома, што Сулейман быў расстраляны.
Падчас нямецкай акупацыі Мінска Фаціма пражывала ва ўласным доме з маці Фуршан Мацвееўнай (1857 г. н.) і дачкой Ганнай на Залінейным завулку каля вуліцы Кальварыйскай. На тэрыторыі Мінска акупантамі было створана яўрэйскае гета, у яго трапілі знаёмыя сям’і Канапацкіх — Ісраэль і Фрума Давідсон з дзецьмі Рахель, Міра і Уладзімір. Фаціма са сваімі сваякамі перадавалі ў гета для іх прадукты. Калі Ісраэля перавялі ў лагер у Драздах, ён пры спробе ўцёкаў адтуль быў паранены і схаваўся ў доме Канапацкіх. Праз некалькі тыдняў, ачуняўшы, ён вярнуўся ў гета.
У чэрвені 1942 года Ісраэль зноў прыйшоў да Канапацкіх, ратуючыся ад чарговай нацысцкай акцыі ў гета. Ён год хаваўся ў іх хляве, дзе нацысты не змаглі яго знайсці. У чэрвені 1943 года, перад ліквідацыяй гета, уся сям’я Давідсонаў схавалася ў Канапацкіх, адкуль ноччу здолелі бегчы ў лес.
Пасля вайны Давідсоны працягвалі падтрымліваць адносіны са сваімі выратавальнікамі. У канцы 1958 года Давідсоны з’ехалі ў Польшчу, а затым у Ізраіль. Сувязь з Канапацкімі перапынілася пасля араба-ізраільскай вайны 1967 года і аднавілася толькі ў 1994 годзе праз 9 гадоў пасля смерці Фацімы.
Фаціма Канапацкая памерла 3 снежня 1985 года.
Шанаванне Пасля таго як у 1994 годзе гісторыя выратавання Канапацкімі яўрэяў была апублікавана ў СМІ, Ганна атрымала ліст з Ізраіля ад дачкі Ісраэля Давідсона, якая ініцыявала прызнанне подзвігу Фацімы і Ганны ў ізраільскім Інстытуце Катастрофы і гераізму «Яд ва-Шэм». 3 снежня 2003 года Мемарыял «Яд ва-Шэм» прысвоіў Фаціме Канапацкай і яе дачцэ Ганне (Айшы) Трафімавай (1926—2021) ганаровае званне «Праведнік народаў свету». У лістападзе 2021 года ў Мінску на «Алеі праведнікаў» на мемарыяле «Яма» была адкрыта памятная шыльда ў гонар Фацімы Канапацкай і яе дачкі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Мінскае гета Катэгорыя:Праведнікі народаў свету