Rosarium et Officium Beatae Mariae Virginis aliaeque Variae Devotiones Combinatae in Honorem SSmae Trinitatis Augustissimaque Regina Caelo in Cultum (Малітвы і службы Багародзіцы Марыі…) — адно з самых вядомых і прыгожых лацінскамоўных выданняў Беларусі XVII стагоддзя. Гэта зборнік малітваў да Маці Божай, надрукаваны ў Вільні ў 1678—1679 гадах. Асаблівую каштоўнасць «Разарыум» мае дзякуючы ілюстрацыям — медзярытам у стылі барока, якія выканаў выбітны гравёр з віленскага кола Аляксандр Тарасевіч (1640—1727)Год книги. Наследие. Розариум.

Гісторыя стварэння Малітоўнікі і імшалы пад назвай «Rosarium» або «Officium» былі даволі папулярныя ў XVI—XVII ст. Аднак менавіта вакол гэтага выдання ўзнікла мноства легенд. Ягоная выключная рэдкасць, дэфектнасць большасці захаваных асобнікаў, адсутнасць дакладных выходных звестак прывялі да памылак у вызначэнні часу і месца выдання, а таксама парадку яго выпуску.

Выданне «Разарыума» пачалося па ініцыятыве вялікага маршала літоўскага Аляксандра Гіларыя Палубінскага, які асабіста падбіраў тэксты і заказаў ілюстрацыі Аляксандру Тарасевічу, які працаваў у яго рэзідэнцыі.

Першае выданне кнігі было надрукавана ў акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1678—1679 гадах на лацінскай мове. Друкаванне адбывалася пад наглядам Палубінскага, але было завершана толькі пасля яго смерці. К 1686 г. была выпушчана версія (але не пераклад) на польскай мове — «Rуżaniec i inne Nabożne modlitwy …».

Змест і мастацкае афармленне Па змесце кніга падзелена на тры асноўныя часткі — каляндарны месяцаслоў (святцы), кананічныя службы і псалтыр. Гэтае выданне адметнае сваім мастацкім афармленнем: у ім змешчаны 40 медзярытаў, якія былі створаны Аляксандрам Тарасевіча, відаць, у ГлускуШматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.. Гэта найбольш раннімі з вядомых твораў майстра, над гэтым цыклам ён працаваў, верагодна з 1672 да 1677 года.

Ілюстрацыі дзеляцца на дзве групы: каляндарны цыкл (12 медзярытаў, 6,3 х 9,7 см) і гравюры на евангельскія сюжэты (27 медзярытаў, памеры ў большасці — 16 х 13 см), якія па зместу, стылю і манеры выканання між сабой адрозніваюцца. Калі каляндарны цыкл блізкі да прац П. Брэйгеля і вызначаецца асабістымі назіраннямі народнага жыцця, то ў ілюстрацыях на евангельскі сюжэт адчуваецца веданне рэнесанснага і сучаснага мастаку заходнееўрапейскага жывапісу і графікі.

Акрамя ілюстрацый, «Разарыум» упрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі і ініцыяламі; тэкст змешчаны ў падвойную лінейную рамку, што надае выданню гарманічны выгляд.

Тытульны аркуш Загалоўны ліст «Разарыума» суправаджаецца з подпісам «Alexander Tarasowicz sculpsit Anno 1672 w Hlusku». Кампазіцыя тытульнага ліста заснавана на матыве брамы. Але тут дамінуюць не архітэктурныя формы, а выяўленыя фігуры Маці Боскай, апосталаў, святых, асобных біблейскіх персанажаў і істот. Нягледзячы на даволі значную іх колькасць, аркуш не выглядае перагружаным. Мастак дасягнуў гарманічнага суаднясення планаў і прапорцый форм. Па краях брамы паказаны апосталы: злева (зверху ўніз) — Матвей, Пётр, Лука, справа — Марк, Павел, Іаан Евангеліст. У іх руках ці побач выяўлены кананічныя для гэтых асоб прадметы і істоты — анёл, леў, цялец, ключы, меч. У самым версе тытульнага ліста ў авальным картушы прадстае Святы Казімір. Цэнтральную частку аркуша займае фігура Маці Боскай, паказаная ў промнях ззяння мандорлы, ля яе ног — укленчаныя святыя Францыск і ДамінікЛазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том 1 — Мн.: Беларусь, 2007..

Біблейскія сюжэты Біблейскія сюжэты трактуюцца ў адпаведнасці з ужо прынятымі кананічнымі схемамі. Разам з тым мастак імкнецца да ўласнай трактоўкі сюжэтаў, вобразаў, бачання падзей, напаўняе іх каларытнымі дэталямі. Выразныя ракурсы, дынамічнасць, багатыя і разнастайныя пластычныя рашэнні ўласцівы гэтым кампазіцыям.

Усе выявы невялікія па памерах. Адсюль амаль ювелірная прапрацоўка форм штрыхом пры захаванні яснасці ў суаднясенні планаў. Напрыклад, у сцэне «Пакланенне вешчуноў» мастак падкрэслена супастаўляе, манументальныя, урачыстыя вобразы вешчуноў і пазбаўленыя параднасці фігуры Маці Божай і Святога Іосіфа. Перад гледачом паўстаюць звычайныя людзі, якія крыху ўстрымана ўспрымаюць падзею, адносяцца да яе як да неабходнасці. Асабліва ўражвае вобраз Святога Іосіфа — адкрыты твар, адведзеная ў бок рука, у якой ён трымае зняты капялюш, крыху нахілены рух фігуры, у якім нібыта прасочваецца жаданне разгледзець усю падзею. Гэта свет простых людзей з іх паўсядзённым жыццём і немудрагелістымі пачуццямі.

Каляндарны цыкл Другую частку складаюць каляндарныя выявы (прысутнічаюць толькі ў лацінскім выданні): 12 невялікіх па памеры кампазіцый, у кожнай з якіх паказаны месяцы года ў адпаведнасці з традыцыйнымі сялянскімі работамі. Практычна ўсе гравюры заснаваны на выкарыстанні ілюстрацый заходнееўрапейскіх выданняў. Гэта пацвярджаюць, напрыклад, характэрныя паўднёванямецкія пейзажы, выгляд тутэйшых утульных гарадкоў, адметнасць некаторых сезонных работ. Нягледзячы на гэта, у многіх выяўленых сцэнах, у абліччы іх удзельнікаў заўважаюцца трапныя мясцовыя назіранні, блізкія да беларускага быту: напрыклад, у кампазіцыях «Чэрвень», дзе сяляне стрыгуць авечак і мыюць воўну, «Кастрычнік», дзе паказаны земляробчыя работы, «Лістапад» са сцэнай нарыхтоўкі дроў. У кожную сцэну мастак уключае сімвалічныя выявы сузор’яў, адпаведныя месяцам, суправаджае іх подпісамі.

Вядомыя асобнікі Сёння вядомыя восем асобнікаў малітоўніка ў Польшчы (6 лацінскіх і 2 польскіх), а таксама асобнікі ў Санкт-Пецярбургу, Вільнюсе і два лацінскія ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску. Асаблівасцямі асобнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’яўляецца тое, што ў іх адсутнічае дванаццатая гравюра — «Нараджэнне Хрыста», а гравюра «Дабравешчанне» паўтараецца тройчы.

Адзін з беларускіх асобнікаў «Разарыума» паходзіць з бібліятэкі вядомага шляхецкага роду Слізняў у маёнтку Дзявяткавічы Слонімскага павета. Гэта пацвярджаецца запісамі ў рукапісным каталогу бібліятэкі, які таксама захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Крыніцы

Літаратура Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том 1 — Мн.: Беларусь, 2007. Шматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.

Спасылкі

Катэгорыя:Кнігі XVII стагоддзя Катэгорыя:Беларускія старадрукі Катэгорыя:Графіка Беларусі Катэгорыя:Кнігі на лацінскай мове Катэгорыя:Аляксандр Тарасевіч