28 лютага 2025 года Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правялі двухбаковую сустрэчу ў Белым доме. Сустрэча скончылася без выразнага выніку: Трамп і віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс падчас сустрэчы выказвалі варожасць да Зяленскага і рабілі розныя абвінавачванні.
Сустрэча была адзначана сваім гарачым, канфрантацыйным і антаганістычным тонам у шматлікіх інфармацыйных агенцтвах ЗША і іншых краін. Непрыемныя паводзіны Трампа і Вэнса шырока крытыкаваліся ў СМІ і міжнароднай супольнасцю. Большасць еўрапейскіх лідараў хутка згуртаваліся ў падтрымку Зяленскага. Расійскія прадстаўнікі наадварот высока ацанілі вынікі сустрэчы і направілі крытыку ў бок Зяленскага.
У ЗША большасць рэспубліканскіх палітыкаў у цэлым высока ацанілі паводзіны Трампа, у той час як дэмакраты ў большасці яго раскрытыкавалі.
Перадгісторыя Сустрэча адбылася на фоне расійска-ўкраінскай вайны, якая пачалася з анексіі Расіяй Крыму ў 2014 годзе і перарасла ў поўнамаштабнае ўварванне ў 2022 годзе. Да 2025 года Украіна ў значнай ступені разлічвала на міжнародную дапамогу, асабліва ад заходніх краін і ЗША, каб супрацьстаяць расійскай агрэсіі. Зяленскі, абраны ў 2019 годзе, паслядоўна шукаў надзейнай міжнароднай падтрымкі для абароны суверэнітэту Украіны. Да вяртання Трампа на пасаду, адміністрацыя Джо Байдэна падтрымлівала Украіну ваеннай, фінансавай і гуманітарнай дапамогай.
Трамп выказаў гатоўнасць дамовіцца з Расіяй пра пагадненне аб спыненні яе ўварвання. Пасля таго, як Трамп правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным, Зяленскі раскрытыкаваў амерыканскага прэзідэнта і сказаў, што той «трапіў у сетку расійскай дэзынфармацыі». Гэтая крытыка прывяла да папроку Зяленскага з боку Трампа ў яго сацыяльнай сетцы Truth Social. Адміністрацыя Трампа адмяніла паездку Зяленскага ў Вашынгтон за тыдзень да яе правядзення, але прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пераканаў бакі ўсёж яе правесці.
Сустрэча Зяленскі адхіліў тэрытарыяльныя саступкі Расіі без гарантый бяспекі, выступаючы супраць кампрамісаў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Сустрэча скончылася без цвёрдай рэзалюцыі пасля таго, як дыскусія перайшла ў крык і «лютую спрэчку», якую выданне The Guardian назвала «адной з найвялікшых дыпламатычных катастроф у сучаснай гісторыі». Fox News назвала сустрэчу «выбуховым супрацьстаяннем». Трамп і віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс выказалі непавагу да прэзідэнта Украіны. Прэс-канферэнцыю прыйшлося адмяніць. Прадстаўнікі адміністрацыі Трампа сцвярджалі, што Зяленскі не прадэманстраваў дастатковай ўдзячнасці за амерыканскую падтрымку, і абвінавацілі яго ў блакаванні пагаднення аб спыненні вайны. Вэнс таксама абвінаваціў Зяленскага ў «непаважлівасці». CNN адзначыла, што «раней ні адзін з амерыканскіх прэзідэнтаў ніколі не нападаў вусна так на свайго наведвальніка, як Трамп на Зяленскага».
Па даных The New York Times, пасля таго як сустрэча ў Авальным кабінеце перарасла ў хаос, амерыканскія чыноўнікі правялі нараду і ў выніку вырашылі папрасіць Зяленскага пакінуць сустрэчу. Украінская дэлегацыя чакала ў зале Рузвельта, пакуль два амерыканскіх чыноўніка не былі накіраваны, каб перадаць гэтае пасланне. Украінскі прадстаўнік прапанаваў арганізаваць яшчэ адну сустрэчу прэзідэнтаў, каб разрадзіць напружанасць, але амерыканскія прадстаўнікі адмовіліся.
Рэакцыі
ЗША
Адміністрацыя Трампа Пасля сустрэчы Трамп выступіў з заявай у Truth Social, у якой назваў сустрэчу «вельмі значнай», заявіўшы, што Зяленскі «не гатовы да міру, пакуль Амерыка будзе ўцягнутая, таму што ён адчувае, што наш удзел дае яму вялікую перавагу ў перамовах». Падчас кароткай сустрэчы з прэсай перад ад’ездам на выходныя ў Мар-а-Лага ён сказаў, што Зяленскі «загуляўся» і абвінаваціў яго ў зацягванні расійска-ўкраінскай вайны.
Члены кабінета Трампа публічна падтрымалі прэзідэнта. У эфіры Fox News прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Лівіт назвала Зяленскага «грубым» і «антаганістычным».
Рэспубліканская партыя Сенатары кіруючай Рэспубліканскай партыі падтрымалі Трампа і Вэнса. Майк Лі пахваліў іх за тое, што «яны змагаліся за нашу краіну і паставілі Амерыку на першае месца». Джым Бэнкс абвінаваціў Зяленскага ў тым, што ён «няўдзячна чакае ад нас фінансавання і эскалацыі чарговай вечнай вайны і пры гэтым непаважліва ставіцца да прэзідэнта і рабочых амерыканцаў». Сенатар Ліндсі Грэм назваў сустрэчу «поўнай катастрофай» і пракаментаваў, што Зяленскі нібыта «адчуваў, што яму трэба зачапіць Трампа ў Авальным кабінеце». Сенатар Джош Хоўлі заклікаў да «справаздачнасці» фінансавай дапамогі ЗША Украіне. Амерыканка ўкраінскага паходжання Вікторыя Спарц абвінаваціла Зяленскага ў тым, што ён «аказаў сур’ёзную мядзведжую паслугу ўкраінскаму народу, абразіўшы амерыканскага прэзідэнта і амерыканскі народ — проста каб супакоіць еўрапейцаў і павялічыць яго нізкі рэйтынг пасля правалу ў абароне сваёй краіны».
Насупраць, умераны рэспубліканец Дон Бэйкан ахарактарызаваў падзеі як «дрэнны дзень для знешняй палітыкі Амерыкі» і сказаў, што Украіна хоча «быць часткай Захаду. Расія ненавідзіць нас і нашы заходнія каштоўнасці. Мы павінны ясна ўсведамляць, што выступаем за свабоду». Член палаты прадстаўнікоў Браян Фіцпатрык назваў паварот падзей «жахлівым» і выказаў аптымізм, што Трамп і Зяленскі вернуцца да будучай дыскусіі, каб знайсці «ўзаемавыгаднае рашэнне».
Дэмакратычная партыя Заканадаўцы ад Дэмакратычнай партыі выступілі ў абарону Зяленскага і асудзілі паводзіны Трампа і Вэнса. Былы лідар большасці ў Сенаце Чак Шумер сказаў, што Трамп і Вэнс «робяць брудную працу за Пуціна», а таксама дадаў, што дэмакраты «ніколі не спыняць барацьбы за свабоду і дэмакратыю». Малодшы сенатар ад Каліфорніі Адам Шыф заявіў: «Сёння ў Авальным кабінеце сустракаюцца герой і баязлівец. А калі сустрэча скончыцца, герой вернецца дадому, ва Украіну». Старшая сенатарка ад Мінесоты Эмі Клобучар напісала, што прэзідэнт Украіны «зноў і зноў» дзякаваў ЗША і што амерыканцы павінны яму падзякаваць у адказ за тое, што ён «супрацьстаіць дыктатару, пахаваў сваіх і перашкодзіў Пуціну рушыць наўпрост у Еўропу». Малодшы сенатар ад Род-Айланда Шэлдан Вайтхаус абвінаваціў Трампа і Вэнса ў тым, што яны «паводзяць сябе як чэрававяшчальнікі Пуціна».
Чатырнаццаць губернатараў-дэмакратаў выступілі з сумеснай заявай, у якой асудзілі абыходжанне з Зяленскім. Губернатары раскрытыкавалі Трампа і Вэнса за выкарыстанне «свяшчэннага Авальнага кабінета, каб папракнуць прэзідэнта Зяленскага за тое, што ён не давярае словам Уладзіміра Пуціна».
Украіна Па выніках сустрэчы Зяленскі выступіў з заявай у X, у якой падзякаваў Трампу, Кангрэсу ЗША і амерыканскаму народу за падтрымку. Ён дадаў, што «Украіне патрэбны справядлівы і трывалы мір, і мы працуем менавіта над гэтым». У пазнейшым інтэрв’ю Брэту Баеру з Fox News ён ахарактарызаваў сустрэчу як «своеасаблівую сварку», якая «не была добрай для абодвух бакоў». Таксама Зяленскі адмовіўся папрасіць прабачэння перад Трампам. Аднак украінскі прэзідэнт выказаў зацікаўленасць у аднаўленні адносін з Трампам.
Зяленскі выказаў удзячнасць за ашаламляльную падтрымку лідараў усяго свету. Ён падзякаваў кожнаму лідару ў сацыяльных сетках паасобку з паведамленнем: «Дзякуй за вашу падтрымку».
Міжнародная Сустрэча выклікала хуткую міжнародную рэакцыю, асабліва з боку еўрапейскіх краін. Частка сусветных лідараў хутка выказалі сваю салідарнасць з Украінай. Яны выступілі са шматлікімі заявамі, якія, ускосна, папракаюць канфрантацыйны падыход Трампа. Еўрапейскія чыноўнікі пацвердзілі сваю прыхільнасць Украіне, падкрэсліўшы пастаянную падтрымку супраць расійскага ўварвання.
Крыніцы
Катэгорыя:Расійска-ўкраінская вайна Катэгорыя:Знешняя палітыка Украіны Катэгорыя:Знешняя палітыка ЗША Катэгорыя:Уладзімір Зяленскі Катэгорыя:2025 год у палітыцы Катэгорыя:Люты 2025 года Катэгорыя:Падзеі 28 лютага