Аляксандр Сяргеевіч Лук’янаў (; нар. 10 чэрвеня 1989, Магілёў) — дзяржаўны служачы ў Беларусі, старшыня Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама (з 22 верасня 2025).

Член Савета Рэспублікі 8-га склікання. Кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (13 жніўня 2021—24 верасня 2025). Уключаны ў Чорны спіс Еўрасаюза за незаконныя дэпартацыі і перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей у часе ўварвання Расіі ва Украіну. Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт.

Біяграфія Нарадзіўся 10 чэрвеня 1989 года ў горадзе Магілёў. Маці была намесніцай дырэктара кампаніі «Пажспецсэрвіс», якая ажыццяўляе праектаванне сістэм пажарнай сігналізацыі. Бацька — дырэктар гэтай арганізацыі і пенсіянер МНС.

У 2007—2021 гадах служыў у органах і падраздзяленнях МНС, пайшоў у запас у званні маёра запасу. У 2011 годзе скончыў Камандна-інжынерны інстытут МНС па спецыяльнасці «Прадухіленне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый». Пазней атрымаў ступені магістра і кандыдата тэхнічных навук ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Працаваў выкладчыкам Камандна-інжынернага інстытута МНС; старшым інспектарам сектара міжнароднага супрацоўніцтва Універсітэта грамадзянскай абароны МНС; начальнікам аддзела даследаванняў у галіне ліквідацыі надзвычайных сітуацый цэнтра навукова-даследчай работы Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС.

Член БРСМ. З 2018 года прадстаўляў БРСМ у Моладзевай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі. 13 жніўня 2021 года абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэта БРСМ.

У 2022 годзе разам з прарасійскімі актывістамі ўдзельнічаў у закрыцці бара «Каліноўскі» ў Мінску, што было часткай кампаніі па змаганні з асобай Кастуся Каліноўскага. У 2023 годзе разам з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам наведваў акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі Херсонскай і Запарожскай абласцей. У жніўні 2024 года наведваў акупаваную Расіяй Аўдзііўку, куды прывёз ікону Казанскай Божай Маці з Свята-Георгіеўскага манастыра Бабруйска.

Дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу. У 2024 годзе стаў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 8-га склікання ад Магілёўскай вобласці (вылучаны ад Магілёўскага і Чавускага раёнаў). Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Член партыі «Белая Русь».

Уваходзіць у склад саветаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў і па падтрымцы таленавітай моладзі, савета па справах моладзі дзяржаў — удзельнікаў СНД, назіральнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, Міжведамаснага савета па адзіным дні бяспекі МНС.

22 верасня 2025 года прызначаны старшынёй Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Удзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей Разам з фондам Аляксея Талая ўдзельнічаў у незаконных дэпартацыях і перавыхаванні ўкраінскіх дзяцей у часе ўварвання Расіі ва Украіну, за што ў чэрвені 2024 года ўнесены ў Чорны спіс Еўрасаюза. У ліпені 2024 года да гэтых санкцый далучыліся таксама Швейцарыя, Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Малдова, Нарвегія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя. У лютым 2025 года Аўстралія далучылася да санкцый супраць Лук’янава.

Палітычныя погляды Развівае культ асобы Аляксандра Лукашэнкі, паводле яго «Лукашэнка — нацыянальны лідар і герой, асоба гістарычнага маштабу! Гарант міру не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім рэгіёне».

Заклікае працягваць палітычныя рэпрэсіі супраць апанентаў Лукашэнкі: «Тэрарыстаў, экстрэмістаў, змагарскае паскуддзе, здраднікаў і ворагаў народа будзем выпальваць жалезам».

Узнагароды Узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» III ступені, «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый», юбілейнай медалём «160 гадоў пажарнай службе Беларусі», нагрудным знакам МНС «Выдатнік», а таксама ганаровымі граматамі Следчага камітэта, Міністэрства адукацыі, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, граматай МНС.

Асабістае жыццё Жонка — Маргарыта Лук’янава, займаецца арганізацыяй дзіцячых свят ва ўласным клубе Danakids, ёсць дачка Мілана.

Сябруе з Дзмітрыем Баскавым, хакейным функцыянерам і асобай, набліжанай да Аляксандра Лукашэнкі.

Крыніцы

Спасылкі Профіль Аляксандра Лук’янава на сайце Савета Рэспублікі

Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 7-га склікання