Гета ў Наваельні (вясна 1942 — лета 1943) — яўрэйскае гета, месца прымусовага перасялення яўрэяў пасёлка Наваельня Дзятлаўскага раёна і бліжэйшых населеных пунктаў падчас Халакосту.

Гісторыя Перад вайной насельніцтва пасёлка Наваельня складала 270 чалавек, з якіх яўрэяў было каля 100 чалавек. Габрэі жылі кампактна, засяляючы вуліцу Леніна і некалькі дамоў на суседніх вуліцах Дварэцкай, Першамайскай і Шашэйнай. Пасярэдзіне вуліцы Леніна знаходзілася сінагога.

У чэрвені 1941 года мястэчка было захоплена нямецкімі войскамі. Акупацыя доўжылася да 9 ліпеня 1944 года.

Пад гета адвялі тэрыторыю былой вайсковай часці на вуліцы Шашэйнай. Межы гета былі абнесеныя калючым дротам і патруляваліся паліцаямі, пры гэтым гета было адкрытага тыпу, і яўрэям дазвалялася выходзіць за агароджу, але абавязкова з’яўляцца на праверку. Дарослых вязняў выкарыстоўвалі на прымусовых працах.

Увосень 1942 года ў гета пачалі звозіць яўрэяў з іншых населеных пунктаў.

Улетку 1943 года каля 5—6 гадзін раніцы ў Наваельню прыехала машына з узброенымі немцамі. Габрэяў сабралі і пагналі праз чыгуначнае палатно ў лес, дзе знаходзіўся глыбокі роў, і ўсіх расстралялі. На наступны дзень немцы прывезлі вагон вапны і засыпалі яму з целамі забітых.

Памяць Брацкая магіла была выяўленая пры будаўніцтве склада льно-экспартнай базы. 25 чэрвеня 2005 года на гэтым месцы быў усталяваны помнік ахвярам генацыду яўрэяў.

Крыніцы

Літаратура

Свидетельствуют палачи. Уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941—1944 гг. / Составители В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. — 2-е издание. — Минск: НАРБ, 2010. — 199 с. — ISBN 978-985-6372-67-7.

Катэгорыя:Наваельня Катэгорыя:Гісторыя Дзятлаўскага раёна Наваельня