Сутыкненні ў Блакітным Ніле 2022 года – міжэтнічны канфлікт у Судане, які пачаўся з сутыкненняў народа хаўса з народамі фундж і берта ў рэгіёне Блакітны Ніл на паўднёвым усходзе краіны.

Перадгісторыя У Блакітным Ніле пражываюць разнастайныя этнічныя групы, у тым ліку народ хаўса, які паходзіць з Заходняй Афрыкі. У 1924 годзе, пры брытанскім уладанні, яны атрымалі ўласныя зямельныя ўчасткі. У 1948 годзе ў дачыненні да народа былі прынятыя законы, якія ўскладнілі атрыманне хаўса суданскага грамадзянства, а таму яны не змаглі перадаць зямлю ў спадчыну сваім дзецям. У незалежным Судане хаўса сталі ўспрымацца як замежнікі, нягледзячы на тое, што многія прадстаўнікі народа жылі ў краіне на працягу стагоддзяў. Таму этнас стаў часта падвяргацца дыскрымінацыі.

У 1995 годзе ў Блакітным Ніле адбылося паўстанне супраць дыктатуры Амара аль-Башыра і мясцовага губернатара Абдалы Абу-Фатмы Абдалы, этнічнага хаўса. З-за гэтага рэжым Башыра стаў аддаваць перавагу народу хаўса ў Блакітным Ніле, бо ўлады лічылі гэты народ найбольш лаяльным. У ходзе паўстання ў Блакітным Ніле групоўкі НВРС-П прадстаўнікі хаўса часта далучаліся да суданскай арміі і апалчэння Джанджавід. Аднак частка хаўса ваявала і на баку паўстанцаў. У 2017 годзе групоўка НВРС-П распалася на асобныя фракцыі. Адну ўзначаліў Абдэлазіз аль-Хілу, а другую — Малік Агар, прадстаўнік народнасці анкасана. Хаўса падтрымалі апошняга.

У 2020 годзе ў Судане адбылася рэвалюцыя, у ходзе якой урад Башыра быў зрынуты. Нестабільная сітуацыя ў краіне ўзмацніла напружанасць паміж хаўса і іншымі народамі Блакітнага Ніла. Тым часам новы ўрад Судана і абедзве фракцыі НВРС-П падпісалі мірнае пагадненне.

Каб знізіць міжэтнічную напружанасць, Малік Агар прасунуў свайга сваяка Эль-Абейда Хамада Абу Шотала (прадстаўніка народа фундж) на пасаду вярхоўнага правадыра плямёнаў Блакітнага Ніла. Абу Шотал імкнуўся правесці перагляд зямельных уладанняў хаўса. У той жа час новы губернатар Блакітнага Ніла Ахмед аль-Омда задаволіў просьбу лідараў народа заснаваць эмірат у штаце Блакітны Ніл на ўчастках, якія належаць сем’ям хаўса. У сувязі з тым паміж Аль-Омдай і Шоталам адбыўся канфлікт.

У студзені 2022 года хаўся ўступілі ў спрэчкі з народамі фунджа і берта вакол некаторых зямельных участкаў.

Ход падзей 13 ліпеня 2022 года адбыліся сутыкненні ў гарадах Кайсан, Ар-Разэйрэс і Вад-эль-Махі паміж хаўса з аднаго боку і берта і фундж з другога. Повадам стала забойства маладога хаўса каля горада Кайсан падчас сваркі з невядомымі з берты або фунджа. У спробе спыніць гвалт губернатар Блакітнага Ніла аль-Омда забараніў публічныя сходы і маршы на працягу месяца, але гэта мала што дало. Ён абвясціў каменданцкі час у Вад-эль-Махі і разгарнуў на месцах часці суданскай арміі і Сіл аператыўнай падтрымкі. 15 ліпеня ўрадавая армія закрыла мост паміж Разэйрэсам і Ад-Дамазінам, не даючы ўцекачам збегчы. Усе дарогі ў Ад-Дамазін і з яго таксама былі закрыты. У гэты ж час успыхнулі баі ў Ганісе, але да канца ночы яны сціхлі. 16 ліпеня адбыліся сутычкі ў рэгіянальнай сталіцы Ад-Дамазіне.

Па даных урада Судана, у сутыкненнях 14 ліпеня загінулі 13 чалавек і былі падпалены 16 крам. Першапачаткова ўрад сцвярджаў пра 31 загінулага, але пазней высветлілася, што гэта памылка друку. Цэнтральны камітэт суданскіх лекараў абверг гэта паведамленне, сцвярджаючы, што толькі ў Ад-Дамазіне загінулі 23 чалавекі і 84 атрымалі раненні.

20 ліпеня, нягледзячы на меры аль-Омды і ўрада Судана, гвалт успыхнуў з новай сілай. Адэль Агар, мэр Ар-Разэйрэса, звярнуўся па дапамогу да ўрада для аднаўлення парадку ў горадзе. У некаторых частках штата былі зафіксаваны масавыя забойствы. Да 21 ліпеня, паводле звестак уладаў, 105 чалавек былі забітыя ў сутыкненнях на Блакітным Ніле. Толькі з Ад-Дамазіна беглі больш за 31 000 чалавек. Жыхары Блакітнага Нілу і староннія назіральнікі, аднак, сцвярджалі, што колькасць загінулых была значна вышэй. Паводле альтэрнатыўных ацэнак, на працягу месяца 149 загінулі і больш за 124 атрымалі раненні.

З надыходам зацішша сітуацыя заставалася бядотнай. На вуліцах былі раскіданы трупы, якія не паклапаціліся прыбраць. У рэгіён пачалася дастаўка гуманітарнай дапамогі. Фракцыя Агара і аль-Омда абвінавацілі рэшткі Народных сіл абароны, ваенізаванага фарміравання прыхільнікаў Амара аль-Башыра, і баевікоў Аль-Хілу ў распальванні канфлікту. Тым часам Абу Шотал абвінаваціў у падзеях аль-Омду, Агара і хаўса.

Прадстаўнікі народа хаўса, якія пражывалі ў іншых часткай краіны, пачынаючы з 18 ліпеня 2022 года, арганізавалі пратэсты супраць гвалту ў дачыненні да супляменнікаў. У прыватнасці, з нагоды сутычак у Блакітным Ніле адбыліся беспарадкі ў Касале.

На працягу жніўня сітуацыя ў Блакітным Ніле стабілізавалася. У край прыбыла дэлегацыя ААН, якая правяла перамовы з аль-Омда. Лідары хаўса, берта і фундж пагадзіліся на перамір’е. Аднак 1—4 верасня канфлікт аднавіўся. У выніку загінулі 25 і былі паранены 44 асобы, 21 000 чалавек беглі.

У сярэдзіне кастрычніка пачалася новая хваля гвалту, галоўным чынам вакол горада Вад-эль-Махі. 13 кастрычніка адбыліся сутычкі ў вёсцы Дам, дзе загінулі 13 чалавек, 26 атрымалі раненні. Неўзабаве баі перакінуліся на Дам 6 і Дам 7. Каля 1200 чалавек, значная частка насельніцтва дзвюх вёсак, былі вымушаныя бегчы.

Пасля кароткага зацішша паміж 15 і 18 кастрычніка гвалт закрануў горад Вад-эль-Махі. Да 20 кастрычніка тут загінулі сотні людзей. Абас Муса, кіраўнік шпіталя Вад-эль-Хамі, сцвярджаў, што з 13 кастрычніка 150 чалавек загінулі і 86 атрымалі раненні, у той час як ААН дала лічбы ў 170 забітых і 327 параненых. Да канца месяца больш за 250 чалавек былі забітыя і больш за 500 атрымалі раненні. Фатх Араман Бакхейт, міністр аховы здароўя Блакітнага Ніла, сцвярджаў, што сапраўдная колькасць загінулых і параненых невядомая.

21 кастрычніка ўрад Судана і рэгіянальны ўрад Блакітнага Нілу абвясцілі надзвычайнае становішча. У Ад-Дамазіне прайшлі пратэсты з заклікам да адстаўкі губернатара Ахмеда аль-Омды. Пратэстоўцы паспрабавалі ўзяць штурмам штаб арміі, а потым падпалілі будынак урада штата. Неўзабаве пратэсты закранулі Курмук і Кайсану. Дэманстранты таксама перакрылі шашу, якая злучае Хартум і Ад-Дамазін, дзе трое пратэстоўцаў былі забітыя ў сутычках з паліцыяй. У адказ суданская армія звольніла генерала Рамзі Бабакера, які камандаваў сіламі ў Блакітным Ніле.

Наступствы У агульнай складанасці больш за 600 мірных жыхароў былі забітыя, а ад 211 000 да 235 000 вымушана пакінулі свае дамы.

Урад Судана, імкнучыся прадухіліць новыя сутыкненні, увёў законы супраць міжэтнічнай нянавісці і расізму.

15 студзеня 2023 года лідары плямёнаў хамадж, берта, хаўса, фундж, анкасана, ракарык і ватават пагадзіліся спыніць усялякі гвалт у штаце Блакітны Ніл і вырашыць усе тэрытарыяльныя і этнічныя спрэчкі праз племянную адміністрацыю.

Крыніцы

Катэгорыя:Канфлікты 2022 года Катэгорыя:Войны Судана Катэгорыя:Міжэтнічныя канфлікты