Джыбуційска-эрытрэйскі памежны канфлікт — памежны канфлікт паміж Джыбуці і Эрытрэяй у чэрвені 2008 года.
Перадгісторыя У 1900 годзе Каралеўства Італія (тагачасная метраполія Эрытрэі) і Францыя (метраполія Джыбуці) падпісалі пагадненне, якое вызначала мяжу ад мыса Думейра (Рас-Думейра) на Чырвоным моры на 1,5 км уздоўж водападзелу паўвострава. Таксама было пазначана, што Іль-Думейра (востраў Думейра) і прылеглыя да яго меншыя астраўкі будуць нічыйнмі і застануцца дэмілітарызаванымі. Паўночныя схілы пагорка Рас-Думейра былі італьянскімі, а паўднёвыя схілы французскімі.
У красавіку 1996 года ўрад Джыбуці абвінаваціў эрытрэйскія сілы ў пранікненні ўглыб сваёй тэрыторыі на 7 км у раёне Рас-Думейра. Аднак узброеных сутыкненняў не адбылося.
У студзені 2008 года Эрытрэя папрасіла перасекчы мяжу, каб атрымаць пясок для будаўніцтва дарогі. Аднак, недачакаўшыся афіцыйнага дазволу суседзяў, замест гэтага заняла вяршыню пагорка. 16 красавіка Джыбуці паведаміла, што эрытрэйскія вайскоўцы стварылі ўмацаванні і выкапалі траншэі каля Рас-Думейра. Джыбуці накіравала ліст да ААН, заявіўшы, што ўлады суседняй дзяржавы апублікавалі новыя карты, дзе Рас-Думейра пазначана як тэрыторыя Эрытрэі. Афіцыйная Асмэра адмаўляла, што мае якія-небудзь праблемы з Джыбуці.
Ход падзей 10 чэрвеня 2008 года, паводле версіі ўладаў Джыбуці, некалькі эрытрэйскіх вайскоўцаў беглі на тэрыторыю суседняй краіны. Эрытрэйскі бок запатрабаваў вярнуць дэзерціраў, абстраляўшы джыбуційскіх памежнікаў. Міністэрства замежных спраў Эрытрэі заявіла, што афіцыйная Асмэра не будзе «ўцягвацца ў сваркі і акты варожасці» і сцвярджала, што Джыбуці спрабуе стварыць «прыдуманую варожасць».
Міністэрства замежных справаў Францыі заявіла, што моцна занепакоена памежнымі баямі. Пры гэтым яна аказала матэрыяльна-тэхнічную, медыцынскую і разведвальную падтрымку джыбуційскім войскам, але ў прамых баявых дзеяннях не ўдзельнічала.
Ліга арабскіх дзяржаў правяла надзвычайнае пасяджэнне і заклікала эрытрэйскую армію пакінуць занятыя тэрыторыі. Дзяржаўны дэпартамент ЗША вызначыў дзеянні афіцыйнай Асмэры як агрэсію. Савет міру і бяспекі Афрыканскага саюза заклікаў абедзве дзяржавы праявіць максімальную стрыманасць і вырашыць спрэчку шляхам дыялогу.
Сутычкі працягваліся да 13 чэрвеня. Падчас баёў загінулі 44 джыбуційскія салдаты і 55 былі параненыя. Паводле ацэнак Джыбуці, 100 эрытрэйскіх салдат былі забітыя, 100 узяты ў палон і 21 дэзерціраваў.
Наступствы 14 студзеня 2009 года Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю 1862, заклікаючы да дыялогу. Савет вітаў выхад Джыбуці на пазіцыі да 10 чэрвеня 2008 года і запатрабаваў ад Эрытрэі зрабіць аналагічны выхад на працягу пяці тыдняў пасля прыняцця рэзалюцыіSecurity Council Urges Djibouti, Eritrea To Resolve Border Dispute Peacefully , UN, 14 January 2009..
23 снежня 2009 года Савет Бяспекі ААН увёў санкцыі супраць Эрытрэі за аказанне падтрымкі ўзброеным групам, якія падрываюць мір і прымірэнне ў Самалі, а таксама за тое, што яна не вывела свае сілы пасля сутыкненняў з Джыбуці ў чэрвені 2008 года. Санкцыі прадугледжвалі ўвядзенне эмбарга на пастаўкі зброі, абмежаванні на паездкі і замарожванне актываў яе палітычных і ваенных лідараў.
У пачатку чэрвеня 2010 года Джыбуці і Эрытрэя пагадзіліся на пасярэдніцтва Катара. Гэты крок быў высока ацэнены Афрыканскім саюзам. У сакавіку 2016 года 4 джыбуційскія ваеннапалонныя, захопленыя падчас памежнай вайны, былі вызваленыя Эрытрэяй праз восем гадоў пасля канфлікту.
Пасля дыпламатычнага крызісу 2017 года Катар вывеў свае міратворчыя сілы са спрэчнай тэрыторыі. Неўзабаве пасля гэтага Джыбуці абвінаваціла Эрытрэю ў паўторнай акупацыі мацерыковага ўзгорка і вострава Думейра.
У верасні 2018 года было абвешчана, што Джыбуці і Эрытрэя пагадзіліся нармалізаваць адносіны.
Гл. таксама Эфіопа-эрытрэйскі пагранічны канфлікт
Крыніцы
Катэгорыя:Войны Эрытрэі Катэгорыя:Канфлікты 2008 года Катэгорыя:Гісторыя Джыбуці Катэгорыя:Чэрвень 2008 года Катэгорыя:Памежныя канфлікты