Янкеў Дзінезон (Дынезон), Янкаў, Якаў, Якуб (1851 ці 1856, Новыя Жагоры — 29 жніўня 1919, Варшава) — яўрэйскі пісьменнік, публіцыст, мемуарыст, перакладчык, выдавец. Юнацтва прайшло на Беларусі.
Біяграфія Дата нараджэння не вядома, найбольш верагодна 1851 год (паводле перапісаў), у старых навуковых артыкулах лічыўся правільным 1856Прыводзяцца таксама 1852, 1858 і 1859.. Нарадзіўся ў Новых Жагорах Ковенскай губерні ў радавітай, але беднай хасідскай сям’і. Бацькоў звалі Песя (Пера) і Біньёмін, у апошнія свае гады бацька гандляваў і часта не быў дома. Меў дзвюх большых сясцёр і адну меншую, адзін брат памёр малым.
У адным горадзе з ім жылі вядомыя маскілы: рэб Хаім Зак і паэт Міхал Гордан, які быў «кватарам» у дзень абразання (прынёс яго на руках у пакой). Паводле звычаю, з 4 гадоў вучыў у хедары тору, з 7 гадоў талмуд. Чытаў шмат, у дзяцінстве пачаў запісваць уражанні душы.
Рана застаўся без бацькі. Спыніў вучобу ў ешыбоце, куды паступіў нядаўна. Пасяліўся ў Магілёве ў дзядзькі, матчынага брата Айзіка Эльяшава, атрымаў сучасную адукацыю: вывучаў нямецкую і рускую мову, матэматыку, сусветную гісторыю, прыродазнаўчыя навукі. Дзінезон заўважыў вялікую ролю народнай мовы ў пашырэнні гаскалы і ў народнай асвеце. Бо многія не ведалі іўрыта, жанчыны не вывучалі яго амаль зусім. Вялікі ўплыў на развіццё Дзінезона мела сям’я купца Гурэвіча, дзе ён стаў жыць у наступным годзе, быў настаўнікам іўрыта, рахункаводам, даверанай асобай. Алена-Бодана Гурэвіч стала для яго другой маці. Тут сустракалася моладзь, незадаволеная архаікай. Дзінезон закахаўся ў дачку Гурэвіча, быў няшчасны, не выказаў сваіх пачуццяў.
У 1876 годзе Дзінезон дэбютаваў на іўрыце, прыслаў допісы ў «Га-магід», «Га-меліц», два артыкулы ў «Га-шахар» П. Смаленскага. Таксама ён імкнуўся ўзняць культуру простых чытачоў, якія не ведалі біблійнай мовы — і пачаў пісаць на «простай яўрэйскай мове», на ідышы. У магілёўскай талмуд-торы, дзе вучыліся дзеці беднаты, ён з сябрамі правёў заняткі пра з’явы прыроды, якім і прысвечаны яго навукова-папулярныя нарысы (гром і маланка, дождж і снег і інш.), такім быў яго дэбют на ідышы. Ён уключаў пазнавальныя ўрыўкі ў свае пазнейшыя кнігі.
Цытрон расказвае паводле ўспамінаў самаго Дзінезона, што ён спачатку вучыўся ў магілёўскім ешыбоце рэб Абы, потым у бэйс-мідрашы сінагогі Цукермана, затым быў частым госцем у доме Цукермана, дзе вывучаў бібліятэку іўрыцкіх кніг. Пасля знаёмства з маскіліцкай літаратурай расчараваўся ў гэтым асяродку, але не пакідаў яго. Допісы ў прэсе зрабілі яму рпэпутацыю вопытнага гебраіста, і ён стаў выкладаць іўрыт, а яшчэ раней быў настаўнікам рэлігіі. Дзінезон адчувае ўплыў Пісарава, Чарнышэўскага і народніцтва, але ён быў з той часткі моладзі, якая не далучылася да рэвалюцыйнага руху. Яго паплечнікамі былі Л. Цукерман, М. Га-коган, у талмуд-торы яны бясплатна вялі заняткі. Дзінезон прапануе адкрыць для бедных дзяцей сталоўку і першы ахвяруе на гэта 100 рублёў, патрэбныя грошы ўдалося сабраць нават без удзелу «абшчыны», дзе былі супраць новых з’яў.
У Магілёве Дзінезон напісаў два вялікія раманы. У 1877 годзе ён адправіўся ў Вільню, дзе ўжо бываў раней, з амаль скончанымі двума раманамі і з лістом ад Алены Гурэвіч да ейнай сястры ўдавы Двойры, якой належала выдавецтва-друкарня Ромаў. Першы раман «Беовен авос» (За грахі бацькоў, з праўдзівага здарэння) паказаў трагедыю яўрэйскай дзеўкі, загубленай праз цемру і фанатызм бацькоўДзяўчына была з гуртка, які збіраўся ў Гурэвічаў; гэтую гісторыю апрацаваў у сваім апавяданні Л. Цукерман.. Шмуіл Фін, Айзік-Меер Дзік і іншыя маскілы шчыра хвалілі яго, Дзік настаяў на такім самым ганарары, які атрымліваў сам. Дзінезон атрымаў ад выдаўцоў 2 рублі за друкаваны аркуш. Але раман забараніла цэнзура, як гаварылі, з-за дзейнасці канкурэнтаў Рома; у ім былі паказаны ў негатыўным святле магілёўскія багацеі, сваякі віленскага цэнзара. Тады замест яго надрукавалі другі: «Дарагія і любімыя, або чорны малойчык». Ён вельмі палюбіўся чытачам. Шмуіл Нігер лічыў, што гэта першы раман на сучасным ідышы.
Пра выданне і вялікую ўдачу Дзінезон даведаўся ў Маскве, калі стаў працаваць у чайнай кампаніі свайго сваяка. Ён асуджаў сябе за хвалю бульварных перайманняў, якія ўзніклі следам, і рашыў больш нічога не друкаваць. Доўгі час нічога не пісаў. Мажліва, прычынай таму было каханне к дачцэ Гурэвіча, а паводле іншай версіі, супраць ідыша выступіў Перац Смаленскі ў сваім адказе Дзінезону.
Ненадоўга спыніўся ў Кіеве, у канцы 1885 года асталяваўся ў Варшаве, бліжэй да старэйшай сястры Файгі Кац і яе сям’і. Некалькі разоў пераязджаў між двума гарадамі, вёў справы Гурэвіча, пакуль канчаткова не спыніўся ў Варшаве, тут жыў па адрасе Nalewki № 19, Dzielna № 15. Дома ў яго збіралася яўрэйская інтэлігенцыя, маладыя пісьменнікі атрымлівалі дапамогу.
У 1897 годзе нямецкі прафесар Генрых Грэц не даў дазволу на яўрэйскі пераклад сваёй працы і выказаўся супраць ідыша — Дзінезон апублікаваў палемічны артыкул у абарону роднай мовы. Грэц урэшце саступіў.
Дзінезон вярнуўся ў літаратуру ў 1888 годзе, выступаў амаль ва ўсіх значных часопісах і зборніках, быў актыўным работнікам літаратурнай нівы. У яго доме Шолам-Алейхем, Фрышман і Цытрон дамовіліся пра новы літаратурны зборнік «Ідышэ фолкс-бібліотэк», і ён размясціў там адно сваё апавяданне. Са зборніка ён ведаў паэму «Моніш» Іцхака Лейба Пераца, заўважыў у ім вялікі талент і даслаў кароткае пісьмо, а ў наступным годзе яны сустрэліся ў Варшаве і да апошніх хвілін заставаліся сябрамі і спадарожнікамі ў жыцці.
У 1890 годзе ён выдаў сваім коштам першую кніжку з апавяданнямі Пераца, якую ніхто не хацеў друкаваць, са сваёй прадмовай. Разам яны выдавалі зборнікі «Ідышэ бібліотэк» (1891—1894), «Ёмтэў блэтлах» (1894—1896). Яны збіраліся выехаць у Аргенціну, дзе ствараліся тады пры падтрымцы барона Гірша земляробчыя калоніі, заснаваць штодзённую яўрэйскую газету, але план не ажыццявіўся. Дзінезон уклаў і выдаў выбраныя творы Пераца (1901).
У 1906 годзе яго запрасіў у Амерыку Палей, але ён адмовіўся ехаць. У амерыканскім друку з’явіўся яго ліст аб крывавым задушэнні рэвалюцыі на варшаўскіх вуліцах. У 1909 годзе арганізаваў куплю правоў на творы Шолам-Алэйхема, каб ён мог атрымліваць ад іх прыбытак. У 1910 годзе адышоў ад літаратуры.
Выдаў, акрамя названых, раманы: «Камень спатыкнення» (Эвен негеў, 1890), «Гершале» (1891), «Ёселе» (1899), «Альтар» (1903), «Дзве маці», «Фалік і яго дом» (1904), «Крызіс» (1904), кнігу «Дзіцячыя душы» (Кіндэрышэ нэшомэс, 1904), мноства апавяданняў.
З ваенных дзён 1914 года працаваў у галіне апекі, імкнуўся палепшыць становішча яўрэйскіх дзіцячых прытулкаў і школ. У канцы 1915 года быў куратарам трох першых яўрэйскіх прытулкаў Варшавы (з навучаннем на ідышы). Падтрымліваў свецкія школы з навучаннем на ідышы (таксама першыя ва ўсёй Польшчы). У лютым 1917 года склаўся школьны камітэт, у які ўвайшлі ад імя пісьменнікаў Дзінезон, ад бундаўцаў Медэм, ад паалецыяністаў Райхман, яны атрымалі вялікую грашовую дапамогу ад амерыканскага рабочага руху (Піпл рэліф), у далейшым на аснове «дзінезонаўскіх школ» узнікла арганізацыя ЦІШО.
Памёр у сестрыным доме на Кармеліцкай вуліцы 29, вечарам 29 жніўня. У дзень пахавання, 31 жніўня, на вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Пахаваны, паводле апошняй волі, разам з Перацам, у маўзалеі трох пісьменнікаў на яўрэйскіх могілках (С. Ан-скі пахаваны там пазней).
Пасмяротна апублікаваны мемуары, асобныя лісты, частка твораў. Тысячы лістоў, многія мастацкія творы засталіся ў рукапісах.
Творчасць Дзінезон — заснавальнік сентыментальна-бытавога рамана ў яўрэйскай літаратуры. У сваіх мастацкіх і публіцыстычных творах ён падтрымліваў дэмакратычна-асветніцкія ідэі, змагаўся за яўрэйскую мову (ідыш). Яго творчасць адыграла вялікую ролю ў пераходзе ад бульварнага рамана да высокага мастацтва.
Першыя раманы напісаны ў павучальна-сентыментальным тоне. Галоўная мэта аўтара — павучаць простых чытачоў, абуджаць у іх добрыя пачуцці, любоў і спагаду к слабым, увагу да вольных парываў маладога сэрца. Вельмі папулярнымі сярод чытачоў, асабліва жаночай паловы, сталі яго героі і гераіні, у якіх увасобіліся добрыя якасці. Цынберг лічыў, што прыёмы Дзінезона ў першых дзвюх кнігах прымітыўныя, але іменна таму ён быў даступным і зразумелым для сваёй аўдыторыі і стаў любімым пісьменнікам народу. З 90-х гадоў яго творчасць становіцца болей рэалістычнай і закончанай з мастацкага боку. Любімыя героі Дзінезона — простыя яўрэйскія жанчыны і дзеці. Пазнейшыя творы яшчэ захоўваюць рысы рамантычнага сентыменталізму, але сапраўдны лірызм і любоў да людзей надаюць яго апавяданням незвычайнае хараство. Дзінезон меў мяккі жаночы талент.
Спасылкі A Biographical Timeline jacobdinezon.com
Літаратура Адзіную ў выглядзе кнігі біяграфію Дзінезона напісаў і выдаў Шмуіл Ражанскі ў 1956 годзе, англійскі пераклад Мірыям Корал з’явіўся ў 2016 годзе.
JACOB DINEZON: The Mother Among Our Classic Yiddish Writers. — jacobdinezon.com М. Я. Пинес. История еврейской литературы. Авторизованный пер. с немецкого С. С. Вермеля. 1913 И. Н. /Ісак Нусінаў/ Динезон // Литературная энциклопедия Dinezon, Yankev // Leksikon Fun Der Nayer Yidisher Literatur Успаміны: Remembering Jacob Dinezon
Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Публіцысты Катэгорыя:Перакладчыкі Катэгорыя:Выдаўцы