Ежы Ляскарыс (; 28 ці 29 жніўня 1828, каля Трокаў — 1888, ДаўбароваМетрычны запіс пра смерць Юрыя-Альберта-Паўла Ляскарыса, Радашковіцкая воласць, Вілейскі павет) — паэт, публіцыст, мастацкі крытык. Пісаў на польскай мове.
Паходжанне Род Ляскарысаў выводзіць сваё паходжанне ад Феадора I Ласкарыса, імператара Нікеі XIII стагоддзя. Пасля захопу Канстанцінопаля асманамі ў 1453 годзе асобныя прадстаўнікі роду Ласкарысаў пачалі сяліцца ў краінах Заходняй Еўропы.
Сучасны род Ляскарысаў асеў у Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі. Тэадор князь Ласкарыс у шлюбе з Гертрудай графіняй Рычы (з Вероны) меў трох сыноў. Найстарэйшы, Ежы Марыя, канонік львоўскі, рэзідэнт у Радзівілаў, рэфарматар Замойскай акадэміі, па вяртанні ў Рым стаў кардыналам, генеральным вікарыем Базілікі Святога Пятра. Пазней ён адправіў у Рэч Паспалітую двух малалетніх братоў, сыноў малодшага брата Альберта. Малодшы пляменнік кардынала, Ежы, пасяліўся ў Вільні і стаў манахам ордэна Базыльян, узяўшы манаскае імя Юзаф. Старэйшы, Тэадор, стаў падпалкоўнікам войска Вялікага Княства Літоўскага. У 1766 годзе ён атрымаў дыплом аб натуралізацыі, давёўшы свайго паходжанне ад грэчаскіх Ласкарысаў і выканаўшы прысягу на вернасць Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. У 1781 годзе стаў генерал-маёрам войск літоўскіх, валодаў маёнткам Жодзішкі.
У шлюбе з Аннай з Забелаў, дачкой Антонія, Тэадор меў чатырох дзяцей. Яго сын Тэадор (1776—1832), афіцэр напалеонаўскай арміі (пасля 1812 года на службе ў расійскай арміі) у шлюбе з Вікторыяй з Сакольнікаў меў аднаго сына — Ежы.
Біяграфія
Нарадзіўся, верагодна, у ваколіцах Трокаў або ў Вільні. Ахрышчаны ў віленскім касцёле з імем Георгій-Альберт-Павел ().
Вырас у доме Марціна Залескага разам з яго сынамі: Ігнацыем (пазней кампазітарам) і Антоніем (пазней мастаком). Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут, сябраваў з Зыгмунтам Чаховічам. Пазней вучыўся на літаратурным факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1850 годзе дэбютаваў як паэт прамовай верша «Do» ў бібліятэцы Варшавы. З 1853 года жыў у Вільні, дзе займаўся літаратурнай і публіцыстычнай творчасцю. Супрацоўнічаў з выданнямі: «Kronika Wiadomości Krajowych i Zagranicznych» (1856—1858), «Teka Wileńska» (1858), «Szpargały Wiosenne» (1859) і «Tygodnik Ilustrowany» (1860). Для «Biblioteka podróży i malowniczo-historycznych opisów różnych krajów» пераклаў некалькі прац з французскай мовы. Кантактаваў з Уладзіславам Сыракомлем, Міхалам Андрыёлі, Станіславам Манюшкам.
Удзельнік паўстання 1863 года, быў ад’ютантам Клета Карэвы (1837–1863), браў удзел у паходзе Зыгмунта Серакоўскага ў Курляндыю. Пасля паўстання эміграваў у Францыю, жыў у Парыжы, дзе працягваў выдаваць вершы і іншыя літаратурныя працы. Аўтар успамінаў пра паўстанне. У 1867 годзе ажаніўся з Антанінай з Забелаў. Некаторы час працаваў касірам у Шамоне, пазней жыў у Бавэ. У 1870 годзе вярнуўся ў Парыж.
У 1870 годзе жонка Ежы, Антаніна, звярнулася да расійскага імператара з просьбай аб памілаванні мужа. Відаць, просьба была задаволеная. У 1872 годзе пераехаў у Варшаву, спачатку жыў у доме ў Новай Празе, пасля арандаваў невялікі маёнтак пад Ваверам. Пачаў шматгадовае супрацоўніцтва з выданнем «Tygodnik Mód i Powieści». Пазней пераехаў у Бабруйск, настаўнічаў. У канцы жыў у Даўбарове пад Радашковічамі, куды, верагодна перабраўся па запрашэнні Зыгмунта Чаховіча. Працягваў супрацоўнічаць з варшаўскай прэсай, дасылаў творы ў «Przyjaciel Dzieci» (1872—1880), «Biesiada Literacka» (1882—1883), «Tygodnik Ilustrowany» (1882—1883). Карыстаўся псеўданімамі: Бацян Віленскі (), Амега (), Амікрон ().
Памёр у Даўбарове, пахаваны на Радашковіцкіх могілках разам з жонкай, на магіле два надмагільныя камяні розных гадоў. Па смерці рукапісны архіў захоўваўся ў Бясядах Зыгмунта Чаховіча.
Сям’я У шлюбе з Антанінай з Забелаў меў двух сыноў — Антонія Тэадора Марка і Юрыя Альберта Генрыка, а таксама дзвюх дочак — Казіміру і Зоф’ю.
Выбраная бібліяграфія 1856 – Kartki z życia 1858 – Pięć hymnów 1858 – Ludzie prości 1860 – Rarogi salonowe 1861 – Rarogi obywatelskie 1882 – Przygody Jana Chryzostoma Paska według jego Pamiętników 1883 – Pamiątki starego szlachcica
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Паэты Польшчы Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Польшчы Катэгорыя:Перакладчыкі на польскую мову Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Польшчы