Аляксандр Шункевіч () — беларускі паэт. Пэўна вядомы толькі з подпісу «А. О. Шункевичъ» пад публікацыямі. Імя Аляксандр дае Генадзь Кісялёў, але грунт такой высновы не пазначае.
З подпісам «А. О. Шункевичъ» у сакавіку 1889 года ў газеце «Мінскі лісток» апублікаваны даволі доўгі — і даволі ўдалы — беларускі верш «Сцяпан і Тацяна». Як адзначаў аўтар ў заўвазе пад творам, напісаны ён гаворкай Мінскага павета («Это нарѣчiе, на которомъ написано стихотворенiе, свойственно преимущественно бѣлорусамъ Минскаго уѣзда»). Раней пад імем Шункевіча ў «Мінскім лістку» апублікаваны два рускамоўныя вершы, пазней яшчэ некалькі вершаў, таксама на рускай мове, апублікаваны ў «Мінскіх губернскіх ведамасцях».
У савецкі час сфарміравалася меркаванне, што Шункевіч — псеўданім паэта-селяніна Мікалая МарозікаМальдзіс, А. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. — Мінск, 1969. — С. 165—166.Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры ў 2-х тамах. Т. 2. — Мінск, 1969. — С. 81-82.. Аднак, такую версію даволі даўно крытыкуюць — форма і мова вядомых твораў Марозіка не падобны вершу з «Мінскага лістка». Паводле Юрыя Пацюпы, першай сумненні ў тоеснасці Шункевіча і Марозіка выказала Лія Кісялёва, якая ў 2006 годзе яшчэ цалкам пэўна пісала пра яеЛія Кісялёва. Тэма кахання ў інсітнай літаратуры ХІХ ст. («Сцяпан і Таццяна» М. Марозіка) // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік / Пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. Выпуск сёмы. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2006. — 204 с. — ISBN 985-6299-79-9 — С. 85-93.. У 2021 годзе агляд меркаванняў на гэты конт зрабіў Мікола ХаўстовічХаўстовіч, М. Даследаванні і матэрыялы / М. Хаўстовіч. — Warszawa, 2021. — Т. 7. — С. 50, заўв. 2..
На думку Хаўстовіча, атаясненне Шункевіча з Марозікам грунтуецца на артыкуле Міхася Ларчанкі і Любові ФіглоўскайЛарчанка М., Фіглоўская Л. Новыя матэрыялы аб беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя // «ЛІМ» № 13, 9 сакавіка 1939., якія ў 1939 годзе паведамлялі, што знайшлі ў «ленінградскіх архівах і бібліятэках» сярод іншага рукапісны арыгінал паэмы «Сцяпан і Тацяна», напісаны селянінам Мінскай губерні Марозам, і выказалі сумненні ў аўтарстве Шункевіча з «Мінскага лістка». Хаўстовіч адзначае, што стваральнікі гіпотэзы тоеснасці Шункевіча і Марозіка праігнаравалі розніцу ў версіфікацыйным майстэрстве аўтара «Сцяпана і Тацяны» і вядомага з твораў падпісаных Марозікам. Як галоўнае Хаўстовіч вылучае, што аўтар «Сцяпана і Тацяны» быў з Мінскага павета, тым часам як Мікалай Марозік жыў у Лаўрышаве Навагрудскага павета.
У 2023 годзе Антон Брыль адзначыў, што «А. О. Шункевичъ» можа быць наогул не псеўданімам, даследчык звярнуў увагу на асабістую справу Аляксандра Восіпавіча Шункевіча, якая захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў фондзе Мінскага губернскага праўлення (НГАБ. Ф. 299. Воп. 7. Спр. 3435).Брыль, Антон Францішак. Шункевіч, Блус і іншыя: росшукі з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Роднае Слова. № 12 / 2023. — С. 62.
Як вынікае са справы, Аляксандр Восіпавіч Шункевіч нарадзіўся 25 жніўня (старога стылю) 1858 года ў Мінску ў сям’і чыноўніка, паходзіў з татарскай шляхты і быў мусульманскага веравызнання. Скончыў пяць класаў Мінскай гімназіі, некалькі гадоў вучыўся ў Віленскім пяхотным юнкерскім вучылішчы, у 1882 годзе ўзведзены ў унтэр-афіцэры, але ў арміі служыў нядоўга. З 1886 года быў канцылярскім служыцелем па вольным найме ў Мінскім губернскім праўленні, у 1902 годзе залічаны ў штат, у 1904 годзе звольніўся па стане здароўя. У верасні 1905 года маці Шункевіча беспаспяхова хадайнічала пра грашовую дапамогу, спасылалася на шматгадовую службу нядаўна памерлага сына. На старонцы 19 адв. справы ёсць уласнаручны подпіс Аляксандра Восіпавіча: «А. О. Шункевичъ».
Антон Брыль адзначае, што пакуль няма яўных доказаў тоеснасці канцылярыста Аляксандр Шункевіч і аўтара вершаў у «Мінскім лістку» і «Мінскіх губернскіх ведамасцях», але гэта здаецца дарэчным не толькі праз поўнае супадзенне імя, але і ўзрост, адукацыю і месца нараджэння. Даследчык заўважае, што ў рускамоўным вершы Шункевіча -- «Мая малітва», апублікаваным у «Мінскіх губернскіх ведамасцях», няма, здаецца, нічога, што не пасавала б мусульманіну таксама, як і хрысціяніну.
Бібліяграфія
Памяти Александра Сергеевича Пушкина: 1837—1887: [Верш] // Мин. листок. 30 янв. 1887. Родине: [Верш] // Мин. листок. 6 янв. 1889. Сцяпан і Тацяна: (Из бел. жизни): [Паэма] // Мин. листок. 7 марта 1889. «Проснись, народ!..»: [Верш] // Мин. губ. вед. 20 марта 1891. «Радуйся, друг мой! Весна наступает...»: [Верш] // Мин. губ. вед. 10 апр. 1891. Моя молитва: [Верш] // Мин. губ. вед. 28 апр. 1891.
Крыніцы
Літаратура