Неабаро́ка — адзін з гістарычных стыляў у архітэктуры, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве другой трэці XIX — пачатку XX стагоддзя.

Асаблівасці Неабарока ўзнікла ў выніку распаду цэласнай сістэмы еўрапейскага класіцызму і фарміравання «архітэктуры выбару». Крыніцай форм і матываў стылю стала еўрапейскае барока XVII стагоддзя. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гістарычных форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. Архітэктура неабарока характарызуецца больш свабодным трактаваннем архітэктурнага ордара, багатым убранствам фасадаў, разнастайнасцю і складанасцю дэкаратыўных элементаў: скульптурным аздабленнем, гратэскнымі формамі і інш.

Гісторыя

Аформілася неабарока ў 1850-х гадах. Стыль стаў часткай стылю Другой імперыі ў Францыі, «стылю Рынгштрасэ» ў Аўстра-Венгрыі і віктарыянскай архітэктурнай традыцыі ў Вялікабрытаніі. У гэты перыяд быў збудаваны Бургтэатр у Вене (1874—1888, архітэктары Готфрыд Земпер і Карл фон Газенаўэр).

Неабарока выкарыстоўвалася галоўным чынам пры праектаванні буйных грамадскіх будынкаў, прыбытковых дамоў, культавых збудаванняў, радзей — у прыватным будаўніцтве. Да найбольш значных помнікаў належаць Парыжская опера (1861—1875, архітэктар Шарль Гарнье) і комплекс Кайзерфорума ў Вене (у складзе палаца Гофбург; праект — 1869, будаўніцтва — 1872—1913, архітэктары Г. Земпер і К. фон Газенаўэр).

У 1880-х гадах у Англіі сфарміраваўся нацыянальны варыянт стылю, натхнёны «англійскім барока» — творчасцю К. Рэна, Дж. Ванбру, Н. Хоксмура. Сярод прадстаўнікоў — Джон Бэлчэр, А. Б. Томас і інш.

Нацыянальны стыль аб’яднанай Італіі («стыль Умберта I») спалучыў элементы неабарока і неарэнесансу. Да прыкладаў гэтага напрамку належаць помнік Віктару Эмануілу II (1885—1911, архітэктар Джузэпэ Саконі), Палац юстыцыі (1888—1910, архітэктар Гульельма Кальдэрыні).

Неабарока ў Расійскай імперыі

У Расійскай імперыі неабарока развівалася на аснове форм пятроўскага і елізавецінскага барока. Стыль вылучаўся паліхроміяй фасадаў, разнастайнасцю скульптурнага і ляпнога дэкору. Да выбітных прыкладаў адносяцца палац Беласельскіх-Белазёрскіх у Санкт-Пецярбургу (1846—1848, архітэктар А. І. Штакеншнейдэр) і Сандуноўскія лазні ў Маскве (1894—1896, архітэктар Б. В. Фрэйдэнберг).

Неабарока ў Беларусі

На Беларусі неабарока не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры, напрыклад, у касцёле Маці Божай Ружанцовай у Солах Смаргонскага раёна.

У іншых відах мастацтва У выяўленчым мастацтве неабарока характарызуецца манументальнасцю і ўрачыстасцю кампазіцый, выкарыстаннем алегарычных фігур і дадатковага дэкору.

У музыцы тэрмін неабарока іншым разам ужываецца для абазначэння звароту да барочнай стылістыкі ў творчасці кампазітараў XX стагоддзя.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Архітэктурныя стылі Катэгорыя:Мастацкія стылі Катэгорыя:XIX стагоддзе Катэгорыя:XX стагоддзе Катэгорыя:Неабарока Катэгорыя:Эклектыка