«Дзіўны чужынец» () — фільм французскага рэжысёра Тоні Гатліфа. У фільме выкарыстоўваюцца цыганская (як асноўная), французская і румынская мовы. Фільм выйшаў у 1997 годзе. Фільм атрымаў узнагароду на 41-м Міжнародным кінафестывалі ў Салоніках, Грэцыя (дзе ішоў пад назвай «Гаджо Дзіла: яшчэ ёсць усмешлівыя цыганы»).

Сюжэт У румынскай глыбінцы з’яўляецца малады француз Стэфан. Ён шукае жанчыну, песні якой запісаў яго бацька — румынскую цыганку Нору Луку.

Зімовай ноччу Стэфан забрыдае ў румынскую вёску, дзе спрабуе папрасіцца на начлег. Але на яго грукат ніхто не адчыняе дзвярэй. Стэфана заўважае і адводзіць да сябе дадому п’яны цыганскі стары Ізідар. Ён вырашае, што юнак прыехаў дзеля таго, каб навучыцца цыганскай мове. Ва ўсёй вёсцы Ізідара ніхто не ведае французскай, акрамя маладой жанчыны Сабіны. Сабіну ўсе лічаць шлюхай, бо яна кінула свайго мужа ў Бельгіі. Спачатку яна варожа ставіцца да Стэфана і не жадае дапамагаць яму, але з часам паміж імі разгараецца пачуццё.

Доўгія месяцы Стэфан жыве з цыганамі, дзівячыся ім і дзівячы іх. Ён запісвае мясцовыя песні, відаць, працягваючы справу свайго бацькі. Спачатку цыганы для яго — толькі носьбіты цікавага фальклору і пацешных звычаяў. Але ў нейкі момант ён выяўляе, што жыццё іх не такое пацешнае. Калі сын Ізідара, які вярнуўся з турмы, выпадкова забівае прымара румынскай вёскі, з-за нагавору якога яго і пасадзілі, жыхары вёскі ўчыняюць пагром. Маладога цыгана спальваюць жыўцом.

Узрушаны здарэннем і адчуваючы сорам за свой ранейшы погляд на цыган, Стэфан разбівае свае касеты і «хавае» іх, пераймаючы цыганскі звычай.

Катэгорыя:Фільмы на французскай мове Катэгорыя:Фільмы 1997 года