Харвестар — гэта лесанарыхтоўчая машына з пілавальнай прыладай, якая дазваляе адразу на месцы цягам адной аперацыі спілаваць дрэва, абрэзаць галіны і падзяліць ствол на сартыменты. Харвестар можа выкарыстоўвацца разам з тралёвачным трактарам або з форвардарам для вывазу бярвён.
Харвестары былі распрацаваныя ў Швецыі і Фінляндыі і сёння выконваюць практычна ўсю высечку леса ў гэтых краінах. Першы рухомы харвестар, мадэль PIKA 75, быў прадстаўлены ў 1973 годзе фінскім інжынерам Сакары Пінамякі і яго кампаніяй PIKA Forest Machines. Першая адназахопная пілавальная прылада (так званая «галоўка») харвестара была прадстаўлена ў пачатку 1980-х гадоў шведскай кампаніяй SP Maskiner. Яны атрымалі шырокае распаўсюджванне па ўсёй астатняй частцы Паўночнай Еўропы.
Харвестары эфектыўна выкарыстоўваюцца на роўнай і ўмерана стромкай мясцовасці. Для стромкіх узгоркаў або выдалення асобных дрэў перавага усё яшчэ аддаецца наземным брыгадам з бензапіламі. У Паўночнай Еўропе для прарэджвання выкарыстоўваюцца невялікія і манеўраныя харвестары, ручная высечка звычайна выкарыстоўваецца толькі ў экстрэмальных умовах, калі памер дрэў перавышае магутнасць пілавальнай прылады харвестара, або ўладальнікамі невялікіх лясных участкаў.
Асновай харвестара з’яўляецца пазадарожны транспартны сродак — колавы, гусенічны або на базе крокавага экскаватара. Дызельны рухавік прыводзіць у дзеянне як транспартны сродак, так і пілавальную прыладу («галоўку») праз гідраўлічны прывад. Доўгая страла, падобная да стралы экскаватара, нясе пілавальную прыладу харвестара. Некаторыя харвестары з’яўляюцца адаптацыямі экскаватараў, на якіх коўш заменены пілавальнай прыладай, аднак таксама распрацоўваюцца асобныя транспартныя сродкі. Кабіна машыны стварае бяспечнае і камфортнае працоўнае асяроддзе аператара для лесанарыхтоўкі ў прамысловых маштабах.
Вытворчасцю харвестараў займаюцца такія кампаніі як Caterpillar, John Deere, Komatsu, Ponsse, Rottne, Logset, Kesla. У Беларусі вытворчасцю харвестараў займаюцца Амкадор і Мазырскі машынабудаўнічы завод.
Крыніцы
Катэгорыя:Лясная прамысловасць Катэгорыя:Лесанарыхтоўчая тэхніка