Дом Мельнікава (Дом-майстэрня архітэктара Канстанціна Сцяпанавіча Мельнікава) — аднакватэрны жылы дом, помнік архітэктуры савецкага авангарда. Пабудаваны ў 1927—1929 гадах у Крываарбацкім завулку ў Маскве па праекце расійкага архітэктара Канстанціна Мельнікава для сябе і сваёй сям’і.

Дом-майстэрня з’яўляецца вяршыняй творчасці Мельнікава і адрозніваецца наватарскімі канструктыўнымі асаблівасцямі, арыгінальным мастацкім рашэннем і аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, прадуманай функцыянальнай планіроўкай. Аднакватэрны жылы асабняк у цэнтры Масквы — унікальны для савецкага часу прыклад такога роду пабудовы.

У 2011 годзе будынак перададзены ў аператыўнае ўпраўленне Дзяржаўнага музея архітэктуры імя А. В. Шчусева і з’яўляецца аб’ектам паказу заснаванага ў 2014 годзе яго філіяла — Музея Мельнікавых.

У 2022 годзе ў сувязі з правядзеннем рэстаўрацыі інтэр’еры дома зачыненыя для наведвання, аднак доступ у сад і вонкавы агляд адкрытыя.

Катэгорыя:Помнікі архітэктуры Масквы