«I Wanna Be Your Man» () — песня Джона Ленана і Пола Мак-Картні, запісаная гуртамі The Beatles і The Rolling Stones (версія The Rolling Stones выйшла на некалькі тыдняў раней). Песня напісана збольшага Полам Мак-Картні, аднак была скончана пры ўдзеле Ленана.

Гісторыя стварэння Паводле самога Ленана, ён і Мак-Картні дапісалі гэтую песню літаральна на вачах у Міка Джагера і Кіта Рычардса пасля іх канцэрта («The Rolling Stones» мелі патрэбу ў свежым матэрыяле, і «The Beatles» прапанавалі ім гэтую песню).

Мік і Кіт чулі, што ў нас ёсць няскончаная песня — Пол толькі-толькі накідаў гэтую штуку, патрэбен быў іншы тэкст ці штосьці яшчэ. Мы неяк начарна сыгралі яе для іх, і яны сказалі «О, так, гэта ў нашым стылі». Карацей, Пол і я адышлі ў кут пакоя і дапісалі песню, пакуль яны стаялі сабе і гутарылі. […] Мы зрабілі гэта проста ў іх на вачах.

Версія The Beatles

«The Beatles» уключылі сваю версію песні ў свой другі альбом With The Beatles, асноўная вакальная партыя выконваецца Рынга Старам. Можна заключыць, што песня першапачаткова пісалася пад Стара — з прычыны вельмі простай мелодыі яму было б лёгка выконваць гэтую песню з-за ўдарнай устаноўкі. Паводле Мак-Картні,

[…] «I Wanna Be Your Man» была спробай даць Рынга нешта падобнае да «Boys», хуткую песню, якую ён мог бы спяваць за ўдарнай устаноўкай. Таму, зноў-такі, яна павінна была быць вельмі простай.

Джон Ленан у далейшым негатыўна адгукаўся пра гэтую песню:

Гэта была песня разавага выкарыстання. Было толькі дзве версіі гэтай песні — Рынга і The Rolling Stones. Гэта паказвае, наколькі важнай мы яе лічылі: мы ж не аддалі б ім што-небудзь сапраўды вартае, ці не так?

Тым не менш, гурт шматкроць выконваў гэтую кампазіцыю; сярод песень, выкананых на самым апошнім канцэрце гурта ў Кэндлстык-парку (Сан-Францыска, 29 жніўня 1966), «I Wanna Be Your Man» аказалася старэйшай з напісаных Ленанам-Мак-Картні.

Студыйная праца над песняй, нягледзячы на яе прастату, была даволі працяглай. Першая спроба была зроблена 11 верасня 1963 года (на наступны дзень пасля таго, як «The Beatles» прапанавалі гэтую песню Джагеру і Рычардсу). 12 верасня было запісана яшчэ шэсць дубляў. У канцы месяца Джордж Марцін у адсутнасць удзельнікаў гурта дадаткова запісаў партыю аргана Хаманда. 3 кастрычніка Рынга Старам была запісана партыя маракасаў, а канчаткова гатова песня была толькі 23 кастрычніка.

У запісе ўдзельнічалі: Рынга Стар — двойчы запісаны і зведзены асноўны вакал, ударныя, маракасы Джон Ленан — падгалоскі, рытм-гітара Пол Мак-Картні — бэк-вакал, бас-гітара Джордж Харысан — сола-гітара Джордж Марцін — арган Хаманда

Песня была ўключана таксама ў другі амерыканскі альбом гурта Meet the Beatles!

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Песня ў выкананні The Rolling Stones (відэа) Песня ў выкананні The Beatles (відэа)

Катэгорыя:The Beatles Катэгорыя:The Rolling Stones