Канстанцін Пятровіч Пятроў (нар. , Магілёў — ? , Магілёў) — беларускі архівіст.
Біяграфія Нарадзіўся 18 мая 1911 года ў Магілёве. У 1931—1934 гадах вучыўся на гісторыка-эканамічным аддзяленні Магілёўскага вячэрняга інстытута, паралельна ў 1929—1933 гадах працаваў у розных установах Магілёва і Чавусаў. З жніўня 1933 па 1936 год — выкладчык гісторыі і дырэктар Магілёўскай сярэдняй школы № 17; таксама выкладаў у Магілёўскім педагагічным тэхнікуме. У 1934 годзе абраны дэпутатам Магілёўскага гарсавета.
На пачатку 1936 года накіраваны ў Чырвоную Армію на выкладчыцкую працу (кіраўнік агульна-адукацыйнай падрыхтоўкі, выкладчык гісторыі ў вайсковых часцях). З кастрычніка 1939 года працаваў у навучальных установах Магілёва; у тым жа годзе стаў намеснікам загадчыка Магілёўскага гарадскога аддзела народнай адукацыі, потым — намеснікам дырэктара Магілёўскага дашкольнага педагагічнага вучылішча.
У лютым 1941 года паводле пастановы Магілёўскага абкама КП(б)Б накіраваны на працу ў органы НКУС БССР, дзе служыў да 24 верасня 1953 года. 15 лютага 1946 года прызначаны начальнікам Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва НКУС БССР у Магілёве.
Пад яго кіраўніцтвам пасляваенны архіў быў адноўлены: палепшаны ўмовы захоўвання дакументаў, арганізавана іх навукова-тэхнічная апрацоўка, удасканалены ўлік і выкарыстанне фондаў, пачалося фарміраванне навукова-даведачнага каталога, сістэмнае выкананне тэматычных запытаў і публікацыйная дзейнасць. У 1946—1953 гадах узначальваў Вучоны савет архіва.
Паралельна ў 1945—1950 гадах выкладаў у Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце і ў Магілёўскім настаўніцкім інстытуце; у 1946—1949 гадах вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР. 16 кастрычніка (альбо 15 лістапада) 1953 года звольнены з пасады начальніка архіва ў званні маёра па стане здароўя.
У 1954 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1958 годзе атрымаў званне дацэнта. У 1954—1971 гадах працаваў у Магілёўскім педагагічным інстытуце. З 1966 года, пасля стварэння Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, абраны старшынёй прэзідыума яго Магілёўскага абласнога савета.
Узнагароды Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «ХХХ гадоў Савецкай Арміі і Флоту», а таксама знакам «Выдатнік народнай асветы БССР» (1958).
Крыніцы
Катэгорыя:архівісты Беларусі