Ханес Фінзен (13 мая 1828, Рэйк’явік — 18 лістапада 1892, Рыбэ) — дацкі юрыст і чыноўнік, губернатар Фарэрскіх астравоў.

Нарадзіўся ў 1828 годзе ў Ісландыі, якая была ў той час дацкім уладаннем. Быў двойчы жанаты (пасля смерці першай жонкі ў 1864 годзе ажаніўся з яе стрыечнай сястрой). Меў трох сыноў і адну дачку ад першага шлюбу і шэсць дзяцей ад другой жонкі. Усе яго нашчадкі нарадзіліся ў Торсхаўне. Яго сын Нільс Руберг пасля стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па медыцыне, а яшчэ адзін сын Олаф — вядомым фармацэўтам і мэрам Торсхаўна.

У 1848 годзе скончыў сярэднюю школу, затым пачаў вывучаць права, скончыўшы навучанне ў 1856 годзе, у гэтым жа годзе пачаў кар’еру чыноўніка. Да 1858 года Фінзен працаваў у Капенгагене ва ўпраўленні па справах Ісландыі, пасля чаго адправіўся на Фарэрскія астравы, дзе да 1871 года выконваў абавязкі ландвойта, а затым стаў губернатарам калоніі. Адначасова Фінзен быў вярхоўным суддзёй і старшынёй лёгтынга. У 1884 годзе быў пераведзены з Фарэр у дацкі горад Рыбэ, дзе да канца жыцця служыў судовым прыставам.

Калі ў 1874 годзе пачалася рэканструкцыя царквы Святога Олафа ў Кірк’юбеуры, па яго ініцыятыве царкоўныя лавы XV стагоддзя, якія маюць гістарычную каштоўнасць, былі вывезены з краіны ў Дацкі Нацыянальны музей. Яны былі вернутыя на Фарэры толькі ў 2002 годзе і цяпер, выстаўленыя ў гістарычным музеі Торсхавна, лічацца адным з самых каштоўных гістарычных помнікаў краіны і з’яўляюцца кандыдатам у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. З-за гэтага ўчынку стаўленне да Фінзена і перыяду яго праўлення на сучасных Фарэрах негатыўнае.

Бібліяграфія

Інфармацыя пра Нільса Фінзена і яго родных (дат.)

Катэгорыя:Палітыкі Даніі Катэгорыя:Камандоры ордэна Данеброг Катэгорыя:Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікіданых без беларускага подпісу Катэгорыя:Памерлі ў 1892 годзе Катэгорыя:Памерлі 18 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў Рэйк’явіку Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1828 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 13 мая