Mastercard Inc. — амерыканская транснацыянальная карпарацыя, якая займаецца абслугоўваннем плацежных картак. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў горадзе Пёрчэйз (Purchase), штат Нью-Ёрк.

Асноўнай дзейнасцю кампаніі з’яўляецца апрацоўка плацяжоў паміж банкамі прадаўцоў і банкамі пакупнікоў, якія выкарыстоўваюць карты брэнда Mastercard. Кампанія з’яўляецца публічнай з 2006 года.

Mastercard была створана пад назвай Interbank (пазней Master Charge) альянсам некалькіх банкаў як адказ на сэрвіс BankAmericard, які пазней стаў называцца Visa, і дагэтуль з’яўляецца яго найбуйнейшым канкурэнтам. Таксама як і Visa, Mastercard сутыкаецца з шматлікімі антыманапольнымі іскамі. Да свайго IPO кампанія з’яўлялася кааператывам, у які ўваходзілі больш за 25 000 фінансавых устаноў, што выпускалі карты брэнда Mastercard.

Станам на 2024 год Mastercard займала 164-е месца ў спісе найбольш прыбытковых карпарацый ЗША — Fortune 500.

Крытыка Mastercard і Visa сістэматычна дзейнічалі супраць American Express ў 1980-х і 1990-х гадах. Mastercard выкарыстоўвала эксклюзіўныя пункты ў кантрактах, каб перашкодзіць банкам весці бізнес з American Express. З-за гэтага у 1998 годзе Міністэрства юстыцыі ЗША падало ў суд на Mastercard і выйграла справу ў 2001 годзе. 15 лістапада 2004 года Mastercard выплаціла American Express кампенсацыю памерам 1,8 мільярда долараў.

Еўрапейскі Саюз неаднаразова крытыкаваў Mastercard за манапольныя гандлёвыя практыкі. У красавіку 2009 года Mastercard дасягнула пагаднення з Еўрапейскім Саюзам, паабяцаўшы знізіць камісію за аплату дэбетавай картай да 0,2 працэнта ад сумы пакупак. У снежні 2010 года высокапастаўлены чыноўнік Еўрапейскага цэнтральнага банка заклікаў да стварэння новай еўрапейскай дэбетавай карты для выкарыстання ў Адзінай зоне плацяжоў у еўра (SEPA).

WikiLeaks апублікаваў дакументы, якія пацвярджалі, што амерыканскія ўлады лабіравалі інтарэсы Visa і Mastercard у Расіі ў 2010 годзе. У адказ Mastercard заблакаваў плацяжы ў адрас WikiLeaks.

Гл. таксама Visa American Express

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Кампаніі, якія маюць лістынг акцый на Нью-Ёркскай біржы Катэгорыя:Транснацыянальныя карпарацыі ЗША Катэгорыя:Фінансавыя кампаніі ЗША Катэгорыя:Плацежныя сістэмы