Станіслаў Мацеевіч (, , ) — польскі грамадскі, палітычны і рэлігійны дзеяч на Віленшчыне, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ІІІ і IV склікання, дэпутат Устаноўчага сойма Польскай Рэспублікі, Сойма Сярэдняй Літвы, дэпутат Сената Польскай Рэспублікі І склікання.

Біяграфія Выпускнік 2-й Віленскай гімназіі і Віленскай духоўнай семінарыі(1890). У 1894 г. скончыў Пецярбургскую рымска-каталіцкую духоўную акадэмію, атрымаўшы званне магістра тэалогіі і пасвячэнне ў духоўны станŚnieżko A. Maciejewicz Stanisław // Polski Słownik Biograficzny. — T. 19. — 1974. — S. 43-44.. Грамадскую і рэлігійную дзейнасць пачаў у Брэсце парафіяльным святаром-вікарыям і прэфектам у мясцовай прагімназіі. Там меў першы канфлікт з царскімі ўладамі, калі адмовіўся праводзіць жалобнае набажэнства ў гонар памерлага цара Аляксандра ІІІ. Пасля пераводзіўся на кароткія тэрміны пробашчам і прапаведнікам у парафіі на Падляшшы (Вышкі, Заблудаў, Рудка, Харошч). З 1899 г. стаў прэфектам рэальнай і жаночай гімназій у Вільні, а таксама рэктарам касцёла св. Кацярыны. Дзякуючы сваёй дзейнасці, карыстаўся папулярнасцю сярод віленскай моладзі і інтэлігенцыі.

У гэты час далучыўся да польскага нацыянальнага руху. Увайшоў у склад Нацыянальнай лігі, якая дзейнічала на Віленшчыне з 1897 г. Прымаў удзел у тайнай арганізацыі каталіцкага духавенства «Collegium Secretum», што знаходзілася пад уплывам Нацыянальнай лігі, а таксама ў дзейнасці яе выдавецкага органа «Dla Swoich», які выходзіў у Кракаве. Уваходзіў у склад кіруючага органа дадзенай арганізацыі як прадстаўнік Віленскай дыяцэзіі, удзельнічаў у з’ездзе арганізацыі ў Варшаве 12 снежня 1905 г. у складзе прэзідыуму. З 1904 г. уваходзіў у Таварыства нацыянальнай асветы, якое знаходзілася пад уплывам польскіх нацыянал-дэмакратаў; пасля яго легалізацыі ў 1906—1907 гг. быў членам кіруючага органа гэтай арганізацыі.

18 кастрычніка 1907 г. быў абраны ў Дзяржаўную Думу III склікання ад з’езда гарадскіх выбаршчыкаў Віленскай губерні. Увайшоў у склад фракцыі Польска-літоўска-беларускае колаCмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 145—147.. У ІІІ Думе прымаў удзел у камісіях па народнай адукацыі, справах веравызнанняў, гарадскіх справах і і па пытаннях працыBrzoza Cz., Stepan K. Poslowie polscy w Parlamencie Rosyjskim, 1906—1917: Słownik biograficzny. — Warszawa, 2001. — S. 129.. найбольшую актыўнасць праяўляў у дыскусіях па пытаннях адукацыі. Востра крытыкаваў палітыку русіфікацыі ў дзяржаўных школах. Неаднаразова выступаў падчас думскіх пасяджэнняў па праблеме мовы выкладання Закона Божага ў пачатковых школах. У лістападзе 1911 г. крытыкаваў прапанову холмскага праваслаўнага епіскапа Яўлогія, які адначасова быў думскім дэпутатам, аб выкладанні Закона Божага на «роднай» для іх расійскай мове. Ён адстойваў права грамадскасці самастойна вызначаць мову выкладання ў сваёй мясцовасці:«Мы існуем не для таго, каб паланізаваць або русіфікаваць, а дзеля навучання нашага народу ісцінам каталіцкай царквы»Cмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 152—154..У сакавіку 1912 г. унёс на разгляд Думы дэпутацкі запыт да ўрада адносна цыркуляра інспектара народных вучылішчаў Дзісенскага павета, які абавязваў кіраўнікоў вучылішчаў назіраць, каб выкладанне Закона Божага для дзяцей-католікаў адбывалася на расійскай мове. Было адзначана, што цыркуляр супярэчыў Указу ад 17 красавіка 1905 г., які дазваляў выкладанне на роднай мове вучняў, і Часовым правілам Міністэрства народнай адукацыі, што прадугледжвала вызначэнне роднай мовы адпаведнымі заявамі бацькоў або апякуноў вучняў. Нягледзячы на прыняцце запыту нязначнай большасцю дэпутатаў Думы, чыноўнікі блакіравалі яго шляхам прыняцця новых міністэрскіх Часовых правілаў. Таксама выступаў у абарону правоў каталіцкага касцёла, патрабаваў павелічэння дзяржаўнага фінансавання на яго патрэбы, падтрымкі ініцыятыў вернікаў па арганізацыі каталіцкіх школ і розных рэлігійных таварыстваў, крытыкаваў рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да віленскага епіскапа Эдварда фон Ропа. У студзені 1912 г. з думскай трыбуны назваў Паўночна-Заходні край краем пакутнікаў:«Тут бедны народ страдаў, але не ад палякаў, а ад рускіх, якія спадзяваліся, што пагрозамі, мячом ды штыком яны прымусяць людзей перамяніць свае перакананні, перайсці ў праваслаўе».30 верасня 1912 г. быў абраны ў Дзяржаўную Думу IV склікання ад з’езда гарадскіх выбаршчыкаў, падтрыманы польскімі нацыянальнымі дэмакратамі і кансерватыўнай часткаў краёўцаў. Увайшоў у склад фракцыі Беларуска-літоўска-польскай групы, стаў яе сакратаромCмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 194—200.. У IV Думе прымаў удзел у працы камісій па народнай адукацыі, справах веравызнанняў, рэдакцыйнай. Выступаў у Думе супраць русіфікацыі школы, адміністрацыйнага гвалту ў дачыненні да каталіцкага духавенства, шматлікіх парушэнняў закона аб перамене веравызнання, што ігнаравалі волю вернікаў. Абараняў правы ўсіх нерасійскіх народаў Паўночна-Заходняга краю, у тым ліку беларусаў:«Паўсюдна, на кожным кроку, губернатары, магчыма, па загаду з Пецярбургу, імкнуцца знішчыць усе праявы мясцовага нацыянальнага жыцця (…) І латышы ў Віцебскай губерні абмяжоўваюцца ў сваіх правах, і літоўцы абмяжоўваюцца на сваіх землях, і беларусы, пра якіх так старанна клапоціцца ўрад, і якімі апякуюцца найбольш правыя арганізацыі, пастаўленыя ў выключнае становішча, не гаворачы пра яўрэяў і нас, палякаў».У той жа час падтрымка Станіславам Мацеевічам польскамоўнага навучання ў школах для дзяцей-католікаў выклікала непрыхільнае стаўленне да яго сярод дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. У газеце «Наша ніва» адзначалася:«Не Пурышкевічы, Замыслоўскія, Юрашкевічы і Маціевічы будуць пастанаўляць аб долі жывых народаў, а тыя лепшыя прадстаўнікі народу, якія ўмеюць шанаваць чужые націі і ў кожным бачыць чэлавека»Cмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 271..Супрацоўнічаў з польскім перыядычным друкам, публікаваў артыкулы ў часопісах «Kurier Litewski» i «Dwutygodnik Djecezalny»Parlamentarzyści — Stanisław Maciejewicz [online], bs.sejm.gov.pl [dostęp 2024-06-07]..

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. знаходзіўся ў Петраградзе. У красавіку 1917 г. па рэкамендацыі Часовага камітэта Дзяржаўнай Думы стаў членам камісіі пры Міністэрстве ўнутраных спраў для перагляду заканадаўства па справах Рымска-каталіцкай царквы ў Расіі, зыходзячы з абвешчанай Часовым урадам свабоды веравызнання. 10 мая 1917 г. абраны Часовым камітэтам Дзяржаўнай Думы членам адмысловай нарады па пытаннях веравызнанняў пад старшынствам камісара Часовага ўрада па Дэпартаменце духоўных спраў замежных веравызнанняў Міністэрства ўнутраных спраў Сяргея Катлярэўскага. 21-26 ліпеня 1917 г. удзельнічаў у Польскім палітычным з’ездзе ў Маскве, які падтрымаў платформу польскіх нацыянальных дэмакратаў па падтрымцы дзяржаў Антанты ў Першай сусветнай вайнеhttps://onebid.pl/pl/ksiazki-i-starodruki-polski-zjazd-polityczny-w-moskwie-21-26-lipca-1917/1958865. Кандыдат у дэпутаты Усерасійскага Ўстаноўчага сходу ад Польскага выбарчага камітэтаСмалянчук А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): жыццяпіс грамадзяніна краю. — Мінск: Зміцер Колас, 2018. — С. 359..

У чэрвені 1919 г. абраны дэпутатам Устаноўчага Сойма Польскай Рэспублікі ад Бельскай акругі на Падляшшы. Спачатку далучыўся ў сойме да фракцыі Народна-нацыянальнага саюзу. Аднак ужо ў верасні 1919 г. пакінуў фракцыю і ўвайшоў у склад нова створанай цэнтрысцкай фракцыі «Мяшчанскае аб'яднанне». Удзельнічаў у працы канстытуцыйнай камісіі і камісіі па справах сацыяльнай дапамогі. Падчас дэбатаў ва Устаноўчым сойме падтрымліваў ідэю правядзення плебісцыту на беларускіх і літоўскіх землях, дэкларуючы ўпэўненасць, што большасць выкажацца за ўваходжанне ў склад ПольшчыJanuszewska-Jurkiewicz J. Razem czy osobno?: narody zamieszkujące Wileńszczyznę wobec perspektywy samostanowienia po I wojnie światowej (do początku 1920 roku) // Wieki Stare i Nowe. — T. 2. — 2010. — S. 82..

Адначасова 8 студзеня 1922 г. быў абраны дэпутатам Сойма Сярэдняй Літвы ў Вільні ад Польскага цэнтральнага выбарчага камітэта. У Сойме Сярэдняй Літвы ўвайшоў у склад буйнейшай фракцыі Саюз нацыянальных партый і аб’яднанняў, якая адстойвала ідэю інкарпарацыі Віленшчыны ў склад Польскай Рэспублікі. Падчас пасяджэнняў сойма абгрунтоўваў польскі характар ВільніBłażejczyk P. Koncepcje przynależności Wileńszczyzny i kultura dyskusji na forum obrad Sejmu Wileńskiego od 4 lutego do 1 marca 1922 r. // Miscellanea Historico-Iuridica. — T. XV. — 2016. — Z. 2. — S. 309..

12 лістапада 1922 г. абраны ў Сенат Польскай Рэспублікі 1-га склікання па спісе Хрысціянскага саюза нацыянальнага адзінства ад Віленскага ваяводства, але ў складзе Сената выступаў як беспартыйны. Заставаўся сенатарам да 1927 г.. У 1926 г. стаў канонікам Віленскай мітрапаліцкай капітулы. Працягваў адначасова працу як прэфект у гімназіі і візітатар навучання рэлігіі на тэрыторыі Віленскай архідыяцэзіі.

У апошнія гады жыцця цяжка хварэў. Памёр 3 студзеня 1940 г. у Вільні. Пахаваны на могілках Росы.

Зноскі

Літаратура

Боиович М. М. Члены Государственной думы (Портреты и биографии). Третий созыв. — Москва: Тип. Товарищества И. Д. Сытина, 1909. Боиович М. М. Члены Государственной думы (Портреты и биографии). Четвёртый созыв. — Москва, 1913. Николаев А. Б. Мацеевич Станислав Гилярьевич // Государственная дума Российской империи: 1906—1917. / Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. — Москва: РОССПЭН, 2008. — С. 364. Cмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. Brzoza Cz., Stepan K. Posłowie polscy w Parlamencie Rosyjskim, 1906—1917: Słownik biograficzny. — Warszawa, 2001. — S. 129. Spustek I. Polacy w Piotrogrodzie 1914—1917. — Warszawa 1966. Śnieżko A. Maciejewicz Stanisław // Polski Słownik Biograficzny. — T. 19. — 1974. — S. 43-44. Tarasiuk D. Polski obóz narodowy w Rosji w latach 1917—1918. — Lublin, 2014.

Катэгорыя:Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі IV склікання Катэгорыя:Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі III склікання Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскай Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі Катэгорыя:Палітыкі Сярэдняй Літвы Катэгорыя:Памерлі ў Вільні Катэгорыя:Памерлі ў 1940 годзе Катэгорыя:Памерлі 3 студзеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў Вільні Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1869 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 13 лістапада