«Пако́й» () — культавы амерыканскі драматычны фільм 2003 года, зняты рэжысёрам і прадзюсарам Томі Вайсо паводле сцэнара, напісанага ім жа ў сааўтарстве з Грэгам Сэстэра. Фільм заснаваны на аднайменнай п'есе, напісанай Вайсо ў 2001 годзе; у фільме Вайсо таксама выканаў галоўную ролю.

Фільм распавядае пра любоўны трохкутнік, які складаюць банкір Джоні (Томі Вайсо), яго нявеста Ліза (Джульета Даніэль) і яго лепшы сябар Марк (Грэг Сэстэра).

Значная частка фільма прысвечана серыі не звязаных паміж сабой няскончаных сюжэтных ліній, у большасці з якіх удзельнічае як мінімум адзін другарадны персанаж. Паводле Вайсо, назва фільма намякае на патэнцыял пакоя — ён можа быць месцам, дзе адбываюцца як добрыя, так і кепскія падзеіThe Room DVD Bonus Features: Q&A; у п'есе наогул усе падзеі адбываюцца ў адным пакоі.

Фільм мае рэпутацыю аднаго з горшых фільмаў у гісторыі, раздзяляючы яе са статусам культавай карціны. Рос Морын, дацэнт кінематаграфіі ў Канектыкуцкім каледжы ў Нью-Лондане, назваў яго «„Грамадзянінам Кейнам“ сярод кепскіх фільмаў».

Прадэманстраваны толькі ў абмежаванай колькасці кінатэатраў Каліфорніі, «Пакой» хутка стаў культавым, магчыма, дзякуючы сваёй дзіўнай манеры аповеду, тэхнічным і сюжэтным ляпам, а таксама эксцэнтрычнай ігры Томі Вайсо. Вайсо рэтраспектыўна апісваў свой фільм як чорную камедыю, але большасць гледачоў успрыняла стужку як кепска выкананую драму; некаторыя акцёры прытрымліваюцца такога ж меркавання.

У 2013 годзе Грэг Сэстэра ў сааўтарстве з Томам Бісэлам апублікаваў кнігу «Гора-творца», прысвечаную здымкам «Пакоя». 1 снежня 2017 года адбылася прэм'ера аднайменнага фільма, знятага паводле гэтай кнігі. Рэжысёрам і выканаўцам ролі Томі Вайсо стаў Джэймс Франка.

«Пакой» натхніў фанатаў на стварэнне неафіцыйнай відэагульні «The Room Tribute», якая была выпушчана ў 2010 годзе на партале Newgrounds.

Крыніцы

Катэгорыя:Фільмы-меладрамы ЗША