Пітна́я вада — гэта вада, бяспечная для піцця і гатавання ежы.
Прэсная вада — нават вадаправодная — не заўсёды з’яўляецца бяспечнай для піцця, яна можа пераносіць хваробы і шкодныя элементы (бактэрыі, вірусы, пестыцыды, цяжкія металы і г.д.). Прэсную ваду звычайна атрымліваюць, выкарыстоўваючы падземныя воды (крыніцы, гіпарэйныя зоны, ваданосныя пласты), збор дажджавой вады, паверхневыя воды (з рэк, ручаёў, ледавікоў) або праз апрасненне марской вады. Каб вада стала пітной, яна павінна прайсці ачыстку і адпавядаць стандартам якасці пітной вады.Hall, Ellen L.; Dietrich, Andrea M. (2000). «A Brief History of Drinking Water.» Washington: American Water Works Association. Product No. OPF-0051634, Accessed 13 June 2012.
Рэкамендаваная сутачная колькасць пітной вады залежыць ад фізічнай актыўнасці чалавека, яго узросту, стану здароўя і ўмоў навакольнага асяроддзя. Еўрапейскае агенцтва па бяспецы харчовых прадуктаў рэкамендуе 2,0 літра вады ў дзень для жанчын і 2,5 літра у дзень для мужчын. У гарачым клімаце чалавеку можа спатрэбіцца нават да 16 літраў пітной вады у дзень.
Пітная вада ёсць у наяўнасці амаль ва ўсіх населеных раёнах свету, аднак доступ да яе можа быць абмежаваны з-за высокіх коштаў і перапынкаў у пастаўках. Па падліках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ад 1 да 2 мільярдаў чалавек у свеце не маюць доступу да пітной вады станам на 2021 год. Выкарыстанне небяспечнай вады з’яўляецца адной з асноўных прычын смерці і хвароб ва ўсім свеце. У 2010 годзе тагачасны генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў, што ад небяспечнай вады памірае больш людзей, чым ад вайны. Паводле даных СААЗ найбольш распаўсюджанымі захворваннямі, якія разносяцца вадою, з’яўляюцца халера, дыярэя, дызентэрыя, гепатыт А, тыф і поліяміэліт. Найбольш адсутнасць бяспечнай вады закранае краіны ў стадыі развіцця.
Станам на 2021 год найлепшую якасць пітной вады ў свеце мела Фінляндыя па меркаванні ЮНІСЕФ і ЮНЕСКА.
Якасць пітной вады
Якасць пітной вады вымяраецца па параметрах, якія падзяляюцца на тры катэгорыі: мікрабіялагічныя, хімічныя і фізічныя.
Сярод мікрабіялагічных параметраў — адсутнасць патагенных відаў бактэрый (напрыклад, кішэчнай палачкі E.coli ці халернай бактэрыі Vibrio cholerae), вірусаў і найпрасцейшых паразітаў. Мікрабіялагічныя забруджванні выклікаюць найбольшую заклапочанасць з-за непасрэднай рызыкі для здароўя.
Фізічныя і хімічныя параметры прызначаны для ацэнкі каламутнасці вады і яе забруджанасці цяжкімі металамі, арганічнымі і сінтэтычнымі злучэннямі, пестыцыдамі. Рызыка для здароўя ад хімічных забруджвальнікаў звычайна адкладзеная, хранічная, аднак некаторыя рэчывы, такія як нітраты і мыш’як, могуць аказваць неадкладны ўплыў. Фізічныя параметры ўплываюць на смак вады.
Гл. таксама Кіпячэнне
Крыніцы
Катэгорыя:Вада Катэгорыя:Старонкі з недагледжанымі перакладамі